Вы тут

Гісторыя захоўваецца ў дробязях. Як правільна рэстаўраваць могілкі?


Прадстаўнік беларускага камітэта ІCOMOS Цімафей АКУДОВІЧ адзначае, што ў іх арганізацыі ўсур'ёз занепакоены праблемай рэстаўрацыі могілак у нашай краіне. Пакуль што сітуацыя, якую давялося назіраць на Вайсковых могілках, не дадала аптымізму, а, наадварот, выклікала хутчэй сум і пярэчанні многіх спецыялістаў. Таму было вырашана выпрацаваць агульныя рэкамендацыі — як у будучым трэба падыходзіць да аднаўлення пахаванняў, якія ў той жа час з'яўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.


«Ёсць праблемы лакальныя, а ёсць глабальныя, — кажа Цімафей Акудовіч. — Глабальная праблема заключаецца ў тым, што ніхто сёння ў Беларусі не разумее, як рэстаўраваць гістарычна адметныя могілкі. Ёсць закон 2015 года, які абазначыў, што ўсе старыя надмагіллі мусяць быць добраўпарадкаваныя — так, каб выглядала прыгожа. Але як гэта рабіць — невядома. І вось ад такога неразумення пачаліся разыходжанні...»

У камітэце ІCOMOS паспрабавалі сабраць кансіліум найбольш дасведчаных, вопытных людзей у сферы аховы помнікаў, каб узгадніць супольны зварот. Ён будзе датычыцца найперш Вайсковых могілак, але таксама мець дачыненне да праблем рэканструкцыі могілак у Беларусі ўвогуле.

Відавочна, што работы на Вайсковых могілках — гэта першы прыклад рэканструкцыі могілак у Беларусі. І, хоча хтосьці гэтага ці не, яны будуць прыкладам для ўсёй Беларусі. Таму спецыялісты шчыра спадзяюцца, што гэты прыклад, які пачаўся па горшым сцэнарыі, прывядзе да выпрацоўкі новых падыходаў.

Важна таксама дадаць, што Вайсковыя могілкі — прыклад гістарычна адметнага ландшафту ў Беларусі. Яны ўваходзяць у топ-10 беларускіх гістарычных могілак. Менавіта таму да іх павінна быць асаблівае стаўленне. Такім чынам, спецыялісты распрацавалі наступныя прапановы, з якімі плануюць звяртацца ў Міністэрства культуры, да праекціроўшчыкаў і іншых адказных асоб.

1. Падгалоўнікам — не

«Мы катэгарычна супраць масавага выкарыстання ідэнтыфікацыйных знакаў у выглядзе падгалоўнікаў, — кажа Цімафей Акудовіч. — Бо яны кардынальна змяняюць знешні выгляд усіх могілак. Традыцыйныя гістарычныя беларускія пахаванні ў вялікай колькасці маюць вертыкальную накіраванасць: стэлы, каменныя крыжы, металічныя крыжы, драўляныя крыжы. З XІІ да XX стагоддзя нашы могілкі за рэдкім выключэннем мелі пазіцыю знізу ўверх. Гэта тое, што стварае беларускія некропалі.

На Вайсковых могілках вайсковае пахаванне заўсёды аддзялялася ад цывільнага — таму паўсюднае выкарыстанне падгалоўнікаў змяняе аблічча гэтага ландшафту».

2. Агароджы — традыцыя, якую варта захаваць

«Значна больш складанае пытанне — агароджы, — працягвае спецыяліст. — Бо гэтая традыцыя пачала развівацца ў нас у XІX стагоддзі, яна працягвалася ў XX стагоддзі, а зараз знікае. Цяпер агароджы ў Беларусі не ставяцца, і больш за тое, на старых вясковых могілках, дзе ёсць актыўны святар, агароджы часта прыбіраюць. Логіка зразумелая — яны нязручныя, не вельмі проста прыбіраць магілу вакол. Таму прычыны сыходу гэтай традыцыі, такой вясковай моды зразумелыя.

Тым больш каштоўна для нас акцэнтаваць увагу на такіх агароджах на Вайсковых могілках. Бо калі мы адзначаем, што гэта традыцыя, якая знікае, мы мусім яе зафіксаваць у нейкім месцы — хоць бы адным, двух ці трох у Беларусі. І такім месцам, калі мы кажам менавіта пра традыцыю XX стагоддзя, мусяць быць менавіта Вайсковыя могілкі — наш галоўны трэнд міжваеннай Беларусі. Менавіта там агароджы павінны быць захаваныя. Можа, і не поўнасцю — пра гэта мусяць падумаць архітэктары. Але менавіта туды мы павінны прыйсці і ўбачыць гэтую моду, якая была ў першай палове XX стагоддзя».

3. Неад'емны элемент — дрэвы

«Звяртаем увагу, што традыцыйнай з'явай на беларускіх могілках з'яўляюцца дрэвы — яны заўсёды там былі. І дрэвы павінны застацца на Вайсковых могілках, — упэўнены ў ІCOMOS. — У новай канцэпцыі аднаўлення Вайсковых могілак запланаваная пасадка туй — гэта нас моцна непакоіць. Бо важна захаваць на гістарычных помніках (мы не кажам пра ўсе могілкі) традыцыйныя дрэвы. Туі там будуць глядзецца нязвыкла.

Могілкавая мода змяняецца, гэта нармальна, калі сучасныя беларускія могілкі робяцца больш падобнымі на амерыканскія могілкі, на пэўны сусветны фармат — мінімум расліннасці, высаджаны толькі туі, — гэта прымальна, час дыктуе свае правілы. Аднак мы кажам пра помнік іншай катэгорыі, на ім ніякія іншаземныя расліны відавочна недапушчальныя.

4. Увага дробным формам

«Дарожкі не павінны змяняцца, — рэзюмуе Акудовіч. — У гэтым папросту няма сэнсу. Да такіх дробных формаў, як кветнікі, трэба ставіцца з нашмат большай увагай, бо ў падобных дробязях і захоўваецца гісторыя. Каштоўнасць могілак вызначаецца не толькі пэўнымі прыгожымі барэльефамі, але і дэталямі».

* * *

У беларускім камітэце ІCOMOS прапановы па рэстаўрацыі гістарычна каштоўных могілак дапрацоўваюцца. Гатовы дакумент будзе накіраваны адказным асобам у ведамствы, якія кантралююць і ажыццяўляюць аднаўленне.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Паўла КАРАЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.