Вы тут

Журналісты «Звязды» пабывалі ў Горадзе майстроў


Быць у Віцебску на «Славянскім базары» і не пабываць у Горадзе майстроў — недаравальна. Тым больш сёлета тут прайшлі ажно чатыры конкурсы сярод прадстаўнікоў народных мастацкіх рамёстваў: «Салавейка» — па вырабе традыцыйнай свісцёлкі, «Ажурныя мары» — па выцінанцы, «Папараць-кветка» — па саломапляценні і «Віцебская мазаіка» — па шыцці з абрэзкаў.


Кожны ахвотны мог не толькі ўбачыць, як нараджаюцца новыя шэдэўры народнай творчасці, але і паўдзельнічаць у іх стварэнні на майстар-класах. А якасць і колькасць свісцёлак упершыню можна было ацаніць, напрыклад, у зводным «Салаўіным гаі» — дзясяткі выканаўцаў на водных свісцёлках выступілі хорам на віцебскай плошчы Свабоды.

У межах праекта «Беларуская гасціннасць» у Горадзе майстроў усе раёны вобласці па чарзе прадстаўлялі нацыянальную беларускую кухню і свае адметныя мерапрыемствы, а таксама нематэрыяльныя каштоўнасці Віцебскага рэгіёна.

На конкурсе «Папараць-кветка» правялі сапраўдны флэшмоб: усе майстрыхі разам пад кіраўніцтвам вопытнай Наталлі Сцержанковай з гарадскога пасёлка Шуміліна плялі амаль паўтараметровага саламянага павука. Саламяныя павукі — мастацкая з'ява, зазначае кіраўнік Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. Яны распаўсюджаныя толькі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Гэтыя канструкцыі, сабраныя, як павуцінне, з мноства аднолькавых частак-модуляў, здаўна мелі ахоўную функцыю: іх вешалі на покуці або над калыскай.

Зрэшты, прадставілі свае цікавыя напрацоўкі і іншыя майстры з усіх дамоў рамёстваў і клубаў народных майстроў Віцебшчыны, а таксама госці — рамеснікі з Расіі, Украіны, Літвы. Вышываныя ручнікі, гаманцы і нават гальштукі-бабачкі ў народным стылі, вырабленыя з лазы калыскі і кошыкі, керамічны посуд, падсвечнікі і абярэгі, плеценыя з саломы маленечкія дамавікі і гіганцкія коні (аднаго такога арганізатары падарылі ўдзельніцы конкурсу маладых выканаўцаў Паўліне з Літвы), тканыя паясы, разнастайная выцінанка — разеткавая (як прыклад — усім вядомыя сняжынкі), ажурная, рапортная (гэта калі загатоўка складваецца гармонікам, а ўзор такім чынам паўтараецца)...

— Колькі трэба часу, сіл і саломкі, каб зрабіць аднаго саламянага павука? — распытваем майстрых з шумілінскага клуба народных майстроў «Спадчына».

— Гледзячы якога. На вялікага я два тыдні толькі наразала салому, і яшчэ столькі б збірала, каб рабіла адна. А калі мы ўсе разам з дзяўчатамі, то вядома, выходзіць хутчэй, — не перарываючы карпатлівай работы, праводзяць для нас «лікбез» шумілінскія кабеты. — Нарыхтоўваем салому адзін раз у год, летам: зжалі, высушылі як след, каласы абрэзалі і ставім на захоўванне, а потым бяром колькі трэба.

Віктар Гарбачоў з Докшыцкага раённага дома рамёстваў не без гонару расказвае пра свае работы, якія мы неафіцыйна празвалі «дыетычнымі карцінамі», калі вока бачыць разнастайную смакату, а на зуб яна не трапляе. На адмысловых аб'ёмных карцінах, выразаных з дрэва, — хлеб ды сала, ды каўбасы... Ну, вы разумееце, як цякуць слінкі ў гледачоў. «Як пачаў такія карціны рабіць? Ведаеце, за пяць гадоў пахадзіў, паглядзеў, што хто з майстроў прывозіць: усяго ёсць на «базары», а такой працы ніхто не робіць, — разважае майстар. — Бо трэба быць не толькі рамеснікам, але і мастаком, выбудаваць кампазіцыю, падабраць колер. Таму мае работы пазнавальныя, і на іх не толькі глядзяць, але і купляюць». Фатаграфуем на памяць жарт майстра — мясарубку «Зінгер» — і ідзём далей.

...І ледзьве не натыкаемся на бычка Сцёпу, зробленага з пасмаў ільну і асобных саламяных элементаў. Бычок разам са сваімі гаспадарамі прыехаў з Пастаў — як кажуць майстры, рабілі яго тры тыдні, скарыстоўваючы шаблоны дзесяцігадовай даўніны. Стваральнікі бычка, дарэчы, прыдумалі новую фестывальную традыцыю і склалі заахвочвальны вершык, які з усмешкай чытаюць мінакі: «Каб Сцёпу дагадзіць, трэба грошык палажыць. За вушкам часаць можна — будзеш жыць заможна. Памацаеш бачок — здароўе дасць бычок. Патрымаеш за рогі — сыдуць ворагі з дарогі... А калі хвост пакруціш, любую справу замуціш!»
У капялюшыку побач са Сцёпам ужо блішчаць манеткі. Не ўтрымаліся і карэспандэнты «Звязды», пачасалі Сцёпу за вушкам, а раптам спраўдзіцца прыкмета ад ільнянога бычка?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Казка пра рэкорднага павука і саламянага бычка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».