Вы тут

Ай Цін: бессмяротны рыф хх стагоддзя


Ай Цін — вялікі кітайскі паэт. Прастора яго мастацкіх зацікаўленняў распаўсюджваецца і на Беларусь, беларускую нацыянальную літаратуру. У 2015–2019 гады ў Мінску на беларускай мове выйшлі дзве паэтычныя кнігі Ай Ціна.


Чым жа цікавы паэт, у чым заключаецца маштаб яго творчай асобы? Мы паспрабавалі высветліць гэта ў размове з сучасным кітайскім паэтам Джыдзі Мацзя, які ведаў Ай Ціна, не раз сустракаўся з ім.

— Спадар Джыдзі Мацзя, у 2015–2019 гады ў Беларусі былі надрукаваны дзве кнігі спадара Ай Ціна на беларускай мове. Якое практычнае значэнне, на ваш погляд, маюць працы Ай Ціна сёння?

— Мне вельмі прыемна, што ў Беларусі можна перакладаць і публікаваць вершы сучаснага кітайскага вялікага паэта Ай Ціна. Няма ніякіх сумневаў, што гэта таксама важнае дасягненне паэтычнага абмену паміж Кітаем і Беларуссю. Тут я хачу выказаць маю сардэчную падзяку перакладчыкам і выдаўцам гэтых двух зборнікаў вершаў.

Ай Цін за апошняе стагоддзе развіцця гісторыі сучаснай кітайскай паэзіі — адзін з тых паэтаў, што пісалі доўгі час, працавалі ў літаратуры далёка не адно дзесяцігоддзе, мелі вельмі важныя для розных перыядаў творы, якія ў той жа час цесна звязаны з эпохай, у якой жылі. Можна сказаць, што Ай Цін — адзін з самых таленавітых паэтаў у гісторыі сучаснай кітайскай паэзіі 20‑га стагоддзя. Можна таксама сказаць, што, як у паэта з вельмі развітым грамадскім інстынктам, усе яго творы з’яўляюцца найбольш яркімі знакамі паэзіі той эпохі. На міжнароднай паэтычнай ніве ён шырока вядомы як адзін з чатырох вялікіх «левых» народных паэтаў 20‑га стагоддзя. Сярод іх — расійскі Уладзімір Маякоўскі, чылійскі Пабла Неруда, турэцкі Назым Хікмет. З яго глыбінным і паэтычным кантэкстам, простай, вытанчанай тэхнікай Ай Цін да сённяшняга дня аказвае глыбокі ўплыў на творчасць сучасных кітайскіх паэтаў, можна сказаць, што ён з’яўляецца паэтам, які стаў класікам. Так, класікам, і я думаю, па маштабу не меншым за Лі Бо, Ду Фу, меней вядомага ў Еўропе Су Шы.

— Раскажыце пра свае сустрэчы з Ай Цінам.

— Я быў і застаюся паслядоўнікам Ай Ціна з дзяцінства. Яго паэзія вельмі глыбока паўплывала на маю творчасць. З 1980‑х гадоў (нагадаем, што Ай Цін нарадзіўся ў 1910-м, памёр у 1996 годзе. — Аўт.) у мяне было шмат магчымасцяў сустрэцца з гэтым вялікім паэтам і самому пачуць яго прамовы. Асабліва пасля 1990‑х гадоў, калі мы абодва служылі ў Саюзе кітайскіх пісьменнікаў. Вядома, тады было больш магчымасцяў сустрэцца з ім. Ён быў вялікім гумарыстам, самым смешным чалавекам, якога я калі-небудзь сустракаў у сваім жыцці. І ён таксама адзін з нямногіх, каго я магу назваць мудрым чалавекам. У сваім жыцці Ай Цін перажыў вельмі шмат пакут. Вядома, сярод іх былі асабістыя, а таксама за краіну і народ. Ай Цін — сапраўдны салдат, які заўсёды можа цесна звязаць асабістыя нягоды і імкненні з нягодамі і перспектывамі краіны і нацыі. Я хачу таксама дадаць, што ён быў вялікім гуманістам і грамадзянінам усяго свету. Ён спачуваў і аказваў вялікую падтрымку слабым у барацьбе за волю і вызваленне, ён завязваў сяброўства з многімі важнымі паэтамі дваццатага стагоддзя з розных краін. Ай Цін памёр у Пекіне 5 мая. У той дзень я напісаў для яго верш пад назвай «Рыф», ён таксама калісьці напісаў аднайменны верш. Я думаю, што Ай Цін і ёсць бессмяротны рыф нашага стагоддзя.

— Ай Цін пражыў насычанае жыццё, якія маральныя якасці ён шанаваў больш за ўсё?

— Так, жыццё Ай Ціна было надзвычай насычаным, бо ён перажыў эпоху радыкальных пераменаў у такой вялікай усходняй краіне, як Кітай. І стаў сведкам таго, як прыгнечаная нацыя здабыла вызваленне, свабоду народа і незалежнасць краіны. Самым важным падаецца тое, што ён, будучы паэтам, перавярнуўшы горы кніг, жывучы і засваеннем зробленага папярэднікамі, не хаваўся ў кабінеце, а ўдзельнічаў у гэтай вялікай сацыяльнай рэвалюцыі. Няхай следам на яго долю выпала нямала пакут, ажно да несправядлівага абыходжання з ім, калі даходзіла да здзекаў, ён ніколі не адмаўляўся ад сваіх ідэалаў. Яго творы глыбокія, бясхітрасныя, сур’ёзныя і адкрытыя. Асабліва — доўгія вершы, строгія і натуральныя, а іх ідэалагічная прырода закладзена ў творчых формах, асабліва ў яго творах 40‑х гадоў мінулага стагоддзя. Можна сказаць, гэта самыя характэрныя творы ў гісторыі кітайскай паэзіі.

— Ай Цін жыў у Еўропе, у Францыі, наведаў Савецкі Саюз і Паўднёвую Амерыку. Гэта моцна паўплывала на яго творчасць?

— Ай Цін у маладосці вучыўся ў Францыі, у асноўным вывучаючы жывапіс. Вядома, у той час ён таксама прачытаў вялікую колькасць твораў франкамоўных паэтаў, асабліва Рэмбо, Апалінэра і іншых французкіх сімвалістаў і сюррэалістаў. Калі толькі ён вярнуўся дадому, стаў перакладаць творы бельгійскага франкамоўнага паэта Верхарна. Прыкметна, што ў сваіх творах Ай Цін патрапіў пад яго ўплыў. У 1950‑х Ай Цін і паэт Сяо Сан наведалі Чылі, адкрылі для сябе і для кітайскай паэзіі Паўднёвую Амерыку. Яны паехалі, каб папрысутнічаць на святкаванні 50‑годдзя Пабла Неруды. Важным вынікам гэтага творчага візіту стала яго паэма «На чылійскім мысе». Але я думаю, самае важнае тое, што Ай Цін — майстар, здольны выдатна спалучаць у сваёй творчасці ўплыў кітайскай і заходняй паэзіі, асабліва гэта тычыцца яго простай ўнутранай мовы, якой варта старанна вучыцца сённяшнім паэтам.

— Пра каго з рускіх паэтаў у Ай Ціна засталіся самыя глыбокія ўспаміны? Хто быў больш блізкім для яго?

— У зносінах з ім у мяне склалася ўражанне, што ён чытаў вельмі многіх паэтаў: ён казаў пра Уладзіміра Маякоўскага, Сяргея Ясеніна, Барыса Пастарнака і некаторых іншых знакавых, знакамітых паэтаў былога Савецкага Саюза 1950‑х гадоў. Вядома, ён таксама закранаў і многіх іншых важных заходніх паэтаў, ён быў поўны павагі і прыхільнасці да іх.

— Які статус, на яго погляд, займала, займае кітайская паэзія ў сусветнай літаратуры?

— Калі Ай Цін уступіў на шлях паэзіі, яго паэтычныя формы, безумоўна, у асноўным знаходзіліся пад уплывам замежных вершаў. Але ён таксама вельмі любіў кітайскую класічную паэзію, бо ні адзін выбітны кітайскі паэт не зможа ігнараваць веліч кітайскай класічнай паэзіі. Я не чуў яго агульнай ацэнкі на гэты конт, але я думаю, што кітайская класічная паэзія, асабліва паэзія дынастыі Тан — гэта не толькі залаты век у гісторыі кітайскай паэзіі, але і залаты век у гісторыі сусветнай паэзіі. Я веру, што ў яго былі такія ж погляды і высновы.

— І ўсё ж такі, каго Ай Цін лічыў найбольш прадстаўнічым?

— Што тычыцца яго пазіцыі і меркаванняў адносна паэзіі, я прапаную вам перавесці яго «Паэтыку» на беларускую мову, такім чынам вы непасрэдна зразумееце яго эстэтычныя погляды і шэраг яго ўнікальных мудрых тлумачэнняў наконт паэтычнай творчасці.

— Што Ай Цін думаў пра жывапіс, спрабаваў ён калі-небудзь сам заняцца гэтым відам мастацтва?

— Я бачыў толькі эскізы яго некалькіх карцін. Пазней ён праславіўся як паэт, таму мне складана больш дакладна ацаніць яго мастацкія здольнасці. Аднак я магу сказаць вам, што калі б ён працягнуў маляваць, стаў бы выбітным крэатыўным мастаком. У пэўным сэнсе, жывапіс і для паэзіі неабходна разумець.

— Як Ай Цін успрымаў літаратурную крытыку, і ці дапамагла яна ў паэзіі?

— Трэба разумець, што ён — паэт, які прайшоў добрую падрыхтоўку. І, вядома ж, ён таксама — паэтычны крытык з глыбокімі тэарэтычнымі ведамі. Што тычыцца таго, ці паўплывала на яго класічная паэзія, то ў гэтым няма ніякіх сумневаў — зразумела, паўплывала. Але я павінен сказаць, што гэтыя ўплывы не абавязкова прамыя. Любы кітайскі паэт, пішучы на сваёй нацыянальнай мове, не зможа парваць сувязі з традыцыямі. Традыцыйная паэзія заўсёды з’яўлялася важным аспектам, які дае пажытак паэтам. Я думаю, што Ай Цін у гэтым плане — не выключэнне.

— Ці ведаюць сучасныя кітайскія чытачы пра творчасць Ай Ціна?

— Ай Цін — ужо сёння гэта паэт, які стаў класікам. Яго зборнікі вершаў перавыдаюцца шмат разоў у год. І для Кітая з яго насельніцтвам, мноствам выдавецтваў — гэта выпадак унікальны. Многія з яго твораў увайшлі ў падручнікі сярэдніх школ і ўніверсітэтаў. Плынь яго чытачоў невычэрпны, і самае захапляльнае тое, што сярод моладзі, якая нарадзілася пасля 2000 года, знойдзецца шмат людзей, якія любяць яго паэзію. Гэта паказвае, што сапраўдную каштоўнасць мае духоўная паэзія. Менавіта яна будзе жыць у грамадстве будучыні. Адразу ж успамінаецца вядомае выказванне вялікага рымскага паэта Гарацыя: «Стварыў помнік я, бронзы літой трывалы».

— Дзякуй, спадар Джыдзі Мацзя, пра такі выразны аповед пра значнасць вялікага кітайскага паэта, які знаходзіць сваіх чытачоў па ўсёй зямлі!

Дарэчы

Паэт Джыдзі Мацзя, выхадзец з народнасці І, нарадзіўся ў чэрвені 1961 года ў Ляншань-Ійскай аўтаномнай акрузе, найбуйнейшым месцы пражывання дадзенай народнасці на паўднёвым захадзе Кітая. Джыдзі Мацзя з’яўляецца адным з найбольш яркіх, прадстаўнічых паэтаў сучаснага Кітая, у той жа час ён — вельмі уплывовы паэт на міжнародным узроўні. Яго паэтычныя тэксты былі перакладзены амаль на 30 моў. Больш за 70 падборак перакладаў былі апублікаваныя ў дзесятках краін свету. У цяперашні час ён з’яўляецца сакратаром і намеснікам старшыні Саюза кітайскіх пісьменнікаў.

Гутарыў Кірыл Ладуцька

Пекін — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».