Вы тут

Прэзідэнт узнагародзіў губернатара Прыморскага краю Расіі ордэнам Пашаны


За ўмацаванне традыцый сяброўства і супрацоўніцтва дзвюх краін.

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі і губернатара Прыморскага краю Алега Кажамякі ў Палацы Незалежнасці пачалася з урачыстасці: Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў госця ордэнам Пашаны, адзначыўшы адданасць губернатара не толькі расіянам, але і беларусам.


Прэзідэнт звярнуў увагу, што да таго як стаць на чале Прыморскага краю, Алег Кажамяка з’яўляўся губернатарам Сахалінскай і Амурскай абласцей Расіі. «Гэта той чалавек, якога гісторыя заклікае ў той момант, калі трэба і куды трэба для Айчыны», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падзяліўся, што сочыць за поспехамі Дальняга Усходу і падкрэсліў, што закрытых тэмаў ніколі не было — ні на дзяржаўным, ні на асабістым узроўні.

«Усё, што мы можам зрабіць для вас, негледзячы на адлегласць, адгукнемся на любую просьбу. Хаця адлегласць — не перашкода. Калі ўжо мы да Сахаліну дабраліся і рэалізавалі там праект, якім кіраўніцтва Расіі ганарыцца дагэтуль. Дзе б ні працавалі, важна стварыць нейкі аб’ект, які павінны быць узорам», — упэўніў Алега Кажамяку Прэзідэнт.

Ён паведаміў, што Беларусь гатовая пастаўляць у Прыморскі край не толькі сельгастэхніку, прадукцыю машынабудавання — БелАЗы, МАЗы, але і аўтобусы для перавозкі людзей, электрычны траспарт. Акрамя гандлю, могуць быць створаныя сумесныя вытворчасці, і не толькі па ліфтах.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што усходні край Расіі можа разлічваць на падтрымку і ў развіцці аграрнага комплексу.

«Беларусь будзе надзейным сябрам і партнёрам, якія б адносіны не складваліся паміж дзяржавамі, асабістыя адносіны непарушныя», — звярнуў увагу беларускі лідар.

У сваю чаргу Алег Кажамяка падкрэсліў, што сумесная з Беларуссю дзейнасць на працягу 11 гадоў дазваляла развіваць далёкаўсходнія рэгіёны. Рэалізавана шмат карысных праектаў, створаны магутны падмурак даверу і ўзаемнай павагі. Гэта паслужыць новай зыходнай кропкай у развіцці гандлёвых, сацыяльна-эканамічных адносін паміж Прымор’ем і Беларуссю, упэўнены губернатар.

Асновы ўзаемнай працы гістарычна склаліся добрымі, лічыць губернатар, а рэспубліка заўсёды прыходзіла на дапамогу ў складаную хвіліну.

«Так было падчас паводкі ў Амурскай вобласці, калі Беларусь дасылала самалёты з гуманітарнай дапамогой, якая сапраўды дапамагла нашым жыхарам. Безумоўна, сумесна рэалізаваныя кірункі па развіццi аграпрамысловага комплексу дапамаглі Амурскай вобласці значна палепшыць паказчыкі», — паведаміў губернатар.

Даюць свае вынiкi і Сахалінскія праекты: квітнее закладзены па рэкамендацыі Аляксандра Лукашэнкі сад, працуюць жывёлагадоўчы комплекс, беларускія арганізацыі, беларуская тэхніка. Па інфармацыі Алега Кажамякі, ужо праведзеныя папярэднія перамовы па супрацоўніцтве ў галіне насенневодства, бульбаводства, садаводства, будаўніцтве ротарнай сістэмы парковак.

«Сярод асноўных напрамкаў — пашырэнне рэалізацыі прадукцыі сельскай гаспадаркі, якую нашы жыхары ведаюць і якасці якой давяраюць, ва многіх раёнах прадстаўлены беларускія двары і падвор’і. У буйных гарадах і раёнах будуць створаныя гандлёвыя дамы. Кіраўніком працоўнай групы з боку Беларусі Прэзідэнт назначыў старшыню Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца», — паведаміў журналістам кіраўнік Прыморскага краю.

Усходні рэгіён зацікаўлены ў беларускай сельгастэхніцы, зборцы ліфтаў, БЕЛАЗах для горнарудных кампаній. Паводле слоў Алега Кажамякі, зараз супрацоўнічаць з Беларуссю прасцей, калі параўноўваць з паўвостравам Сахалінам, дзе прыходзілася задзейнічаць марскія перавозкі, — да Прымор’я падыходзіць чыгунка.

  • Падчас візіту ў Беларусь 14-17 ліпеня дэлегацыя Прыморскага краю наведвае прадпрыемствы «Магілёўліфтмаш», «Амкадор», «Белкамунмаш» і іншыя.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?