Вы тут

Анхела Эспіноса Руіс. Ластаўка з Малагі


Гісторыя літаратуры пацвярджае жорсткую ісціну: большасць пісьменнікаў, якія жывуць і ствараюць у пэўны прамежак часу — усяго толькі планктон, аснова для падмурку, на якім наканавана застацца нямногім. Няўмольны і бязлітасны суддзя — Час — раней ці пазней усім адводзіць сваю ролю, незалежна ад пасад, колькасці ўзнагарод, палітычных і эстэтычных поглядаў.


Але акрамя знешняй, фармальнай функцыі напісання тэкстаў, у кожнага літаратара ёсць асобная, не заўсёды відавочная звышзадача. У некага гэта — пасіянарная місія абуджэння нацыі, у кагосьці — усталяванне гістарычнай справядлівасці, хтосьці служыць голасам, рупарам пакалення…

У маладой паэткі, пра апошнюю па часе выдання кнігу якой пойдзе сёння гаворка, адна з місій (прынамсі, на сёння вельмі актуальная і важная) — прысароміць нас, жыхароў зямлі пад белымі крыламі, унікальным прыкладам сваёй самаахвярнай, бескарыслівай любові да Беларусі, да яе мовы і культуры:

Называлі мяне беларусы ледзь не гераіняй,

А на справе я толькі дзяўчынка: малая, слабая,

І мой голас губляецца ўжо, як Хрыстос у пустыні,

Бо я птушка марская — хварэю, калі прылятаю.

«Колер крылаў» — зборнік пад такой назвай пабачыў сёлета свет у выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Кнігарня пісьменніка».

Але яшчэ раней, у 2017 годзе, адбылася знакавая падзея — у Мадрыдзе на дзвюх мовах — іспанскай і беларускай — выйшла кніга Максіма Багдановіча «Згукі маёй Бацькаўшчыны» («Ecos de mi tierra»). Выданне было прымеркавана да 100-годдзя са дня смерці паэта.

Пераклала вершы менавіта яна — Анхела Эспіноса Руіс, ураджэнка Малагі, аўтарка некалькіх уласных паэтычных зборнікаў на беларускай мове, дыпламантка і лаўрэатка айчынных конкурсаў і прэмій.

Гэта невыпадкова і сімвалічна: творцаў раздзяляе стагоддзе; абое палюбілі Беларусь і спасцігалі яе здалёк; абое філолагі-паліглоты, апантаныя словам. Але галоўнае — яны падышлі да справы свайго жыцця са свежым поглядам, з несапсаваным умоўнасцямі ўспрыманнем, але ў той жа час валодаючы арсеналам, неабходным для творчага раскрыцця. Чаму ж цяпер, як і сто гадоў таму, выбар быў зроблены на карысць беларускай мовы? Нашы літаратуразнаўцы ўжо спрабавалі разгадаць загадку Максіма-кніжніка, таямніца ж Анхелы Эспіносы толькі чакае свайго даследчыка. Гэтаксама, як і ў Багдановіча, у яе творчасці пад знешняй акадэмічнай стрыманасцю і строгім класічным радком праступае неўтаймоўная пачуццёвасць і жывая, пульсуючая эмоцыя. Часам здаецца, што два творцы нібыта вядуць своеасаблівы паэтычны дыялог праз стагоддзе:

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

(Максім Багдановіч «Зорка Венера»)

 

Не вінаваць сябе, мілы, не трэба!

Лёс даў суворы наказ:

Наша расстанне было воляй неба —

Зоркі былі супраць нас!

(Анхела Эспіноса Руіс «Зоркі былі супраць нас»)

Увогуле, паэтычная частка «Колеру крылаў» — гэта выбранае з ранейшых кніг паэткі. Прычым не ўсе вершы са зборнікаў «Раяль ля мора», «Памяць пра будучыню», «Pomme de ciel», «Бяскрылле ў вялікім горадзе» ўвайшлі ў новае выданне, што сведчыць аб высокай патрабавальнасці да сябе. «Я жыву ўнутры кніг: у забытых старонках і думках», — прызнаецца яна. Яе паэзія — пазачасавая, сканцэнтраваная на глабальных, універсальных катэгорыях, такіх як вернасць, чалавечнасць, прызначэнне творцы. Пра гэта сведчыць, напрыклад, трыпціх «Агапэ», «Філія» і «Эрас», дзе аўтарка раскрывае сваё бачанне і разуменне любові як найвышэйшай ступені ўзаемаадносін паміж людзьмі:

Рука матулі лашчыць першы раз малога,

Брат абараняе сястру перад холадам,

Дзядуля вучыць унука гуляць у шахматы,

Сябры забываюць праблемы абдымкамі...

Дык веру ў агапэ.

Фізічнае, зямное каханне — таксама адна з самых галоўных тэм Анхелы Эспіносы. Але эратызм тут натуральны, не здушаны комплексамі, не скаваны паўнамёкамі і не заплямлены пошласцю, у яе вершах прысутнічае сапраўдная «…маладая, святая, зямная любоў», а «душа з душою займаюцца каханнем».

І ў той жа час — шыкоўная метафорыка, яркія, запамінальныя вобразы:

Ластаўка цемры ляціць да парога,

Ў ружах губляюцца сны…

Адметна, што дзякуючы зборніку можна прасачыць цікавую творчую эвалюцыю паэткі: калі першыя дзве кнігі прадстаўлены пераважна верлібрамі, то пачынаючы з «Pomme de ciel» (перакладаецца з французскай як «Нябесны яблык») яна паступова пераходзіць на класічныя вершаваныя формы.

Але падаецца, што да выбранага з апошняй кнігі «Бяскрылле ў вялікім горадзе» было крышку несур’ёзнае стаўленне: напрыклад, тут змешчаны творы, якія больш нагадваюць прозу: «10 рэчаў, якія я люблю», «10 рэчаў, якія мне не падабаюцца», «10 фактаў пра мяне». Яны ўяўляюць сабой простыя пералічэнні, набор пунктаў. Рэч у тым, што гэткія разнастайныя «спісы цікавостак» даўно ўжо набілі аскоміну ў медыйнай прасторы, а як паэзія яны наогул не ўспрымаюцца. Улічваючы, што ў «Колеры крылаў» прысутнічае празаічны раздзел, — чаму было не ўключыць гэтыя «вершы ў фэйсбучным фармаце» туды? Тым больш што паэтка не пазбаўлена самакрытыкі, пра што сведчаць такія радкі:

З майго пустаслоўя

Расце, расце

Паўверш, паўхлусня…

Астатнюю частку зборніка складаюць апавяданні, эсэ, крытыка, калумністыка і перастварэнні вершаў з бенгальскай, англійскай, іспанскай, польскай, чэшскай, рускай, японскай моў. У сваёй прозе і эсэістыцы Анхела Эспіноса гранічна шчырая, непасрэдная, але без уласцівага маладому ўзросту інфантылізму: здзіўляе глыбіня разваг, нечаканасць высноў, вобразнасць. А па тым, якіх паэтаў яна перакладала, можна меркаваць і аб літаратурных густах (дарэчы, вельмі разнастайных): тут і Рабіндранат Тагор, і Федэрыка Гарсія Лорка, і Пабла Нэруда, і Боб Дылан… Яна сама прызнаецца: «Было б сумна, калі б я не выкарыстоўвала свае моўныя веды [……...] дзеля таго, каб па-беларуску прагучалі творы замежных літаратур».

Феномен Анхелы Эспіносы Руіс не абмяжоўваецца адно іншаземнай экзотыкай. Перад намі — у першую чаргу яркая, самабытная пісьменніца, талент якой яшчэ толькі набліжаецца да росквіту, але якая ўжо цяпер мае за плячыма немалыя творчыя набыткі і ўдзячную, зацікаўленую аўдыторыю.

Анхеле Эспіносе Руіс хочацца пажадаць, каб паэтычныя крылы, вобраз якіх чырвонай ніткай працінае ўсю яе творчасць, мацнелі і ўдасканальваліся, і надалей дорачы аўтарцы ні з чым не параўнальнае адчуванне высокага палёту.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».