Вы тут

Этнамузыколаг Тамара Варфаламеева: Не трэба ўсю моладзь прымушаць любіць традыцыйную культуру


«Са столі звісае павуцінне, як фіранка з акна, а на ім — агромністыя павукі сядзяць! Нідзе больш такіх не бачыла… Мне даводзілася тануць у Заходняй Дзвіне, уцякаць ад пераследнікаў праз лес…» Здаецца, гэта ўспаміны галівудскай актрысы пра здымкі ў трылеры. Але не. Гэта толькі некаторыя згадкі з палявой працы вядомага этнамузыколага, кандыдата мастацтвазнаўства Тамары Варфаламеевай. Не так даўно Тамара Барысаўна адзначыла 75-годдзе. З гэтай выдатнай нагоды даследчыца падзялілася ўспамінамі пра былыя вандроўкі, паразважала пра розніцу даследчыцкіх пакаленняў і адказала на пытанне, чаму сучасныя спявачкі не змогуць мець такія ж галасы, як мелі нашы продкі.


Пра розніцу пакаленняў

— Падаецца, што відавочнай розніцы паміж намі ўсё ж няма. Справа ў тым, што этнамузыколаг — спецыяльнасць настолькі рэдкая, што прадстаўнікоў нашай прафесіі на Беларусі заўсёды налічвалася хіба менш як дзясятак. Такая эксклюзіўнасць дазваляе перазнаёміцца паміж сабой, мы адно аднаго добра ведаем: старэйшае пакаленне — маладзейшых, маладзейшыя — нас, і па магчымасці дзелімся досведам. Магчыма, розніца паміж намі хіба што ў тых тэхнічных сродках, што некалі выкарыстоўвалі мы, і якімі карыстаюцца маладыя. А менавіта тэхніка этнамузыколагу сёння моцна дапамагае, напрыклад, для картаграфавання напеваў. Напеў для нас — гэта не проста мелодыя, гэта сістэма спецыяльных знакаў, якія шмат пра што распавядаюць, якія трэба вывучаць, бо яны — і крыніца ведаў, і матэрыял для вывучэння. Натуральна, перадаём маладым досвед палявой працы.

Што тычыцца нашага пакалення, магу адзначыць, што мы амаль не мелі тэхнічнай магчымасці шмат і доўга знаходзіцца ў экспедыцыях, бо карысталіся ў асноўным грамадскім транспартам. Сёння многія даследчыкі маюць уласныя аўтамабілі, гэта, натуральна, больш зручна, камфортна і бяспечна для самога этнамузыколага. Тым не менш я з настальгіяй згадваю, як спала на сенавале. Памятаю адну з экспедыцый з маім кіраўніком Зінаідай Мажэйкай, калі мы залезлі на сенавал і пабачылі велізарных павукоў! Страху не было, хутчэй здзіўленне, настолькі яны вялікія! Тады падумала толькі — вось, дзе трэба здымаць фільм пра Вія.

Экспедыцыі я сёння ўспамінаю не толькі як першы этап даследавання, але і як частку свайго жыцця, жыцця незвычайнага. Калі не чакаць нечаканасцяў у вандроўцы, то іх не будзе (Смяецца.).

Пра дзень сённяшні

— Недахопы былі, ёсць і будуць заўсёды. Тым больш што народная культура — тая частка нашай агульнай культуры, якую трэба абараняць. Як прадстаўнік старэйшага пакалення даследчыкаў перажываю за сапраўдныя праявы аўтэнтыкі, якія і сёння — на дзіва — існуюць у вёсках. Тут гаворка пра экалогію традыцыйнай культуры ў цэлым і музычнай культуры ў прыватнасці. Яна ніколі з задач дня не сыдзе. Маладыя навукоўцы таксама клапоцяцца пра тое, каб гэты від творчасці не знік, але, падаецца, больш спакойна, чым мы некалі. Раней увесь час імкнуліся выступаць на канферэнцыях, стараліся «варушыць» чыноўнікаў. А сёння хіба толькі самім фактам пазітыўнага стаўлення да народнай культуры даводзім, што гэта асаблівы пласт спадчыны, у многім незвычайны, бо незразумелы гораду. Але гаворка пра багацце, што беларусы зрабілі сваёй этнічнай адметнасцю. У плане этнічнасці мы пераўзышлі многія народы. Магчыма, таму і сёння да нас у фальклорныя экспедыцыі прыязджаюць навукоўцы з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Польшчы, краін Балтыі і абавязкова нешта адметнае тут знаходзяць.

Пра прычыны захаванння спадчыны

— Я падзяляю погляды выдатнага філосафа Уладзіміра Конана. Ён пісаў пра так званую «адсталасць» беларусаў. За ўсе гады сваёй палявой працы зразумела, што па сваёй ментальнасці беларусы звернуты да традыцыі. Горад — месца, дзе ўсё кіпіць і ўвесь час змяняецца. А вёска і дагэтуль імкнецца да ўстойлівасці, спакою, традыцыі. Я гэта назвала б станоўчым кансерватызмам. Беларусы хочуць памятаць сваё і жыць тым, чаму яны навучыліся ад бацькоў.

Але жыццё не супыніць, таму тыя ж самыя бабулі хочуць, каб іх дзеці і ўнукі ехалі ў горад, атрымлівалі адукацыю і вярталіся на радзіму пісьменнымі. Гэта адна з прычын, чаму ў рэгіёнах застаецца мала людзей, каму можна перадаваць традыцыі. Існуе і цалкам супрацьлеглы рух: у гарадах з’яўляюцца людзі, якія разумеюць каштоўнасць традыцыйнай сістэмы, прынамсі для выхавання новага пакалення і захавання беларускасці. Таму цяпер менавіта ў гарадах арганізоўваюцца фальклорныя рухі, якія зыходзяць не столькі ад натуральнай пераемнасці ў сям’і, колькі ад свядомага разумення сувязі пакаленняў.

Пра натуральнасць такой беларускасці

— Возьмем два прыклады: Міколы Козенкі і Ларысы Рыжковай. Мікола Аляксеевіч — паляшук, але ў дзяцінстве, жывучы ў Мазыры, непасрэдна не меў асабістага вопыту стасункаў з народнай культурай, каб быць самому яе носьбітам. Але гэты чалавек — з тых самых «вар’ятаў», які паставіў мэтай жыцця даводзіць беларусам сваю этнічнасць праз асобныя праявы культуры. Напрыклад, калі ён быў адным з кіраўнікоў мастацкай дэлегацыі Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Маскве ў 1980-м, то заўважыў, што толькі беларусы, прадстаўляючы сваю краіну, маглі заспяваць хіба што «Касіў Ясь канюшыну». Ды і нашай мовы ніхто не ведаў. Гэта яго настолькі ўразіла, што Мікола Аляксеевіч пачаў размаўляць па-беларуску, а потым і ўсю працу скіраваў на тое, каб развіваць і захоўваць нашу спадчыну. Сёння ён — выдатны этнахарэолаг, больш як 20 гадоў працуе з дзецьмі у Мётчанскай школе Барысаўскага раёна. Навучыў больш як сотню дзяцей спяваць, танчыць, выразаць выцінанкі, рабіць паясы. Так, народная культура стала часткай жыцця маладых людзей. Заснаваў і фестываль «Берагіня», які ператварыўся ў сапраўдны рух.

Іншы прыклад — знакаміты калектыў «Калыханка» Ларысы Рыжковай. Ларыса Мікалаеўна сама мае прафесійную акцёрскую, рэжысёрскую адукацыю. Яна зразумела, што сістэма Станіслаўскага можа быць вельмі ўдалая, куб вучыць дзяцей традыцыйнай культуры. Такіх людзей можна прыгадваць многа. Яны працуюць у розных мясцінах краіны і маюць вынікі.

Пра неабходнасць выхавання ў традыцыі

— Я абсалютна ўпэўненая ў тым, што не трэба ўсю моладзь прымушаць любіць традыцыйную культуру. Таксама як немагчыма ўсіх прымусіць любіць балет ці оперу. Калі ў душы ёсць струны, што могуць адгукнуцца на мелодыі, гучанне, рухі, то сам чалавек будзе гэтым займацца, і таму ёсць выдатныя прыклады. Ніякія афіцыйныя ўстановы, кіраўнікі тут ні пры чым, бо пачынаюць працаваць прынцыпы пераймання.

Пра будучыню

— Аўтэнтыка памірае, бо памірае замкнёнае асяроддзе, ва ўмовах якога яна можа існаваць у рэжыме самарэгуляцыі. Яна ж апрыёры існуе ў рэжыме самарэгуляцыі. Калі ХХ ст. гэтае закрытае грамадства разамкнула, то аўтэнтычныя праявы традыцыйна культуры пачалі знікаць, прынцыпы гарадско культуры — пераносяцца на вясковую, выцясняць яе. Узнікла праблема абароны першакрыніцы. Таму, падаецца, што і праз некалькі дзесяцігоддзяў усё будзе прыкладна так, як мы назіраем сёння. Хочацца толькі, каб афіцыйная культура падтрымлівала выселкі навукоўцаў і прыслухоўвалася да іх прафесійных парад.

Пра сцэнічнае ўвасабленне фальклору

— Калі танец пераносіцца на сцэну, то яго новае ўвасабленне не такое разбуральнае для аўтэнтычнай формы. Але калі, напрыклад, жніўную песню перавесці ў сцэнічны фармат, то ад яе застаецца толькі гук, гучанне. Большасць аўтэнтычных формаў фальклору становяцца другаснымі, таму паўстае пытанне якасці гэтых новых пераўвасабленняў: яны могуць быць набліжаныя да арыгінала ці цалкам перапрацаваныя. Які варыянт выбраць?

Пра новыя трэнды ў выкарыстанні элементаў традыцыйнай культуры

— Калі вам будзе столькі гадоў, колькі мне, вы гэта ўсё: і татуіроўкі з арнаментам, і вышымайкі — будзеце любіць і не будзеце прымаць новае, што пойдзе за гэтымі з’явамі. А нешта новае абавязкова будзе. Мне як чалавеку, які ўжо пажыў, гэтыя з’явы падаюцца глупствам (Смяецца.). Гэта другасныя сімвалы, гульня. Калі ты адзеў вышыванку — абсалютна не азначае, што ты беларус. Так не бывае. Галоўнае — веды і свядомасць. Кожнае пакаленне нясе сваё, але галоўнае — не забывацца на глыбінныя плыні. Проста даніна модзе адразу становіцца гульнёй.

Я веру ў беларусаў, якія жывуць беларускасцю. Яна можа выяўляцца па-рознаму, часам нават нечакана, але галоўнае, каб яна была. Ёсць магчымасць зберагчы эстэтычныя вартасці песні, існуе мноства запісаў. Засталіся арыгіналы гучання, і іх можна пераняць. Зразумела, што яны непаўторныя, але хаця б праз іх дапамогу ёсць магчымасць для наступнікаў не забыцца на мелодыі, словы, лірыку, мову. Многія ж пасланні перадаюцца праз інтанацыю.

Пра голас, танец «аўтэнтычны» і «малады»

— Варта радавацца, што вакол традыцыйнай культуры існуюць групы людзей, якія прытрымліваюцца розных пунктаў гледжання. Нехта прапагандуе танец «не адрываючы ног ад падлогі», а нехта скача гарэзліва. І яны могуць паміж сабой спрачацца, аргументаваць свае меркаванні. Гэта прыкметы справы жывой, не мёртвай. Што да мяне, то лічу, што малады чалавек не можа і не павінен танцаваць, як стары. Гэта ненатуральна.

У спевах важна пераняць манеру выканання, дабіцца тэмбравага гучання і большай набліжанасці да аўтэнтыкі. Але трэба разумець, што гукавыманне выхоўваецца ў вёсцы на адкрытым паветры. Хіба я магу дакрычацца да дачкі з 8 паверха? А ў вёсцы крыкам «Ганна!», маючы адпаведны вопыт, можна пагаварыць з сяброўкай на адлегласці ў некалькі дамоў. Галасавы апарат выхоўваецца на адкрытым паветры, ён так жа працуе і ў спевах. У гарадскім асяроддзі настолькі моцна, з такімі магчымасцямі яго нельга распрацаваць.

Тым не менш гарадская моладзь мае права спяваць па-свойму. Галоўнае — быць беларусам у душы, а спяваць лепш — пераняўшчы нейкую традыцыю. Потым яе распаўсюджваць. Варта ўлічваць, разам з тым, традыцыю якой вёскі, якога рэгіёна, ты паказваеш. Не існуе агульнага беларускага спеўнага стылю. Таму варта паказваць і захоўваць менавіта лакальныя спеўныя, танцавальныя традыцыі, яны пакажуць нашу разнастайнасць.

Вёска спявае і танцуе па-свойму, горад — па-свойму. Важна, каб яны спявалі і танчылі ды не палохаліся адно аднога. Каб маладыя не палохаліся слова «Качан» ці прапаноў скакаць «Мікіту», «Барыню» ды «Жабку», каб гэтыя словы не былі для іх незразумеласцю, а звычайнай назвай танца, які яны лёгка змогуць выканаць. Наша моладзь, якая ведае свае карані, павінна быць моладдзю.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.