Вы тут

Зоя Луцэвіч: Мастак не можа без фантазіі


Арт-галерэя пад адкрытым небам, што восьмы раз ладзіцца ў Мінску на плошчы Якуба Коласа ў рамках праекта «Мастак і горад», сёлета прысвечана творчасці дзвюх беларускіх мастачак — Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч. У сярэдзіне ліпеня экспазіцыя мяняецца, творы Зоі Літвінавай саступаюць месца выстаўцы «Перакуленая рэчаіснасць» Зоі Луцэвіч. Адначасова ў Мінску праходзіць і іншы паказ твораў Зоі Луцэвіч — Alta Moda Zoya, дзе злучаюцца выяўленчае мастацтва і высокая мода, праект адкрыўся напрыканцы чэрвеня ў мемарыяльным музеі-майстэрні З. Азгура. Дарэчы, менавіта музей Азгура курыруе і галерэю «Зоі» на мінскай плошчы Якуба Коласа. А на пачатку года вялікі розгалас атрымала выстаўка «Сям’я», якую Зоя Луцэвіч прысвяціла сваёй зорнай сям’і мастакоў — Сяргею і Святлане Катковым, Алегу Луцэвічу, Зоі Літвінавай… Пра абедзвюх Зой цяпер і многа гавораць. Звязваюць мастачак адносіны настаўніка і вучаніцы, хроснай маці і хрэсніцы, людзей блізкіх і па жыцці, і ў мастацтве. З Зояй Луцэвіч гаворым пра выстаўкі, пра творчыя радасці і пакуты:


— Хачу найперш выказаць падзяку цудоўным людзям з музея Азгура, якія далі мне магчымасць паказаць свае карціны. Работы мы адбіралі разам і не аб’ядноўвалі адзінай канцэпцыяй ці тэмай: проста тое, што мяне добра характарызуе, — з розных перыядаў, у розных тэхніках, з розных матэрыялаў, там ёсць і графіка, і жывапіс, і калажы. Хоць я, канешне, не рэаліст, не натураліст, але сюжэты даволі зразумелыя, а карціны досыць яркія, каб прыцягнуць увагу ў тым ліку і выпадковых мінакоў. Большасць мастакоў прытрымліваюцца нейкага аднаго абранага кірунку, напрыклад, толькі жывапіс алеем. А я магу ўсё змешваць. Мяне заўсёды вельмі вабілі калажы, бо па сутнасці я мадэрніст, мне падабаецца збіраць мазаікі з усяго на свеце, сумна рабіць заўсёды аднолькава. Варта было мне і тут павучыцца, і на Захадзе, многае пабачыць, каб стаць рознабаковай. Бо мала ведаць толькі адну мову, ісці па лініі — я імкнуся быць, так бы мовіць, «шарам».

— З некаторага часу традыцыйныя жывапісцы, падобна, застаюцца ў ценю...

— А вось мне здаецца, што зараз, наадварот, вяртаецца цікавасць да чагосьці нармальнага пасля шматлікага ненармальнага. Не тое, што ненармальнага — дзіўнага, канцэптуальнага. Напрыклад, ты прыходзіш у музей, бачыш гіру — а насамрэч гэта не гіра, а зямны шар, абцяжараны дэпрэсіўнымі і дэструктыўнымі справамі чалавека. І як да гэтага ставіцца — незразумела, бо ты ўсё роўна бачыш толькі гіру, хоць тэкст за ёй — каласальны. Аднак жывапіс — гэта не літаратура. Мне падаецца, што гаварыць пра намаляванае ці створанае трэба меней, чым уласна маляваць. Я не расхвальваю Захад і сучаснае заходняе мастацтва. Зараз паўсюль нейкае зацішша, паўза, бязладдзе. І там не вельмі цікава, і тут нецікава. Мабыць, нешта адно заканчваецца, і хутка народзіцца іншае — новае і глабальнае. Каб толькі яго здолелі своечасова заўважыць.

Я адчуваю, што людзі зараз хочуць бачыць нешта душэўнае, не з халоднага розуму ўзятае. З гэтым, канешне, можна спрачацца, для чаго мастацтва — для прыгажосці, для праўды? Усё ж мастак павінен узвышацца над будзённасцю, а прыгажосць — гэта нармальна, гэта не ёсць пошласць, гэта не ёсць кітч. Іншая справа, для каго што прыгожа, хто і наколькі здольны разумець мастацтва. Але калі атрымліваецца шэдэўр, калі адкрываецца нейкая сапраўдная ісціна, то гэта ўсім зразумела. Хоць і не заўсёды адразу.

— А ў вас ёсць «прыгожыя» ў такім сэнсе карціны?

— Думаю, ёсць, хаця сама я не магу быць аб’ектыўнай. Проста даводзілася бачыць рэакцыі людзей, якія раптам пачыналі плакаць перад карцінамі, ці саграваліся побач з імі. Быў нават выпадак, калі зімою наглядчыца музея сядзела ўвесь час не там, дзе грэлі батарэі, а каля маёй карціны, казала, што тут ёй больш цёпла. І я проста шчаслівая, калі людзі кажуць, што ў нейкія цяжкія дэпрэсіўныя моманты мае работы падтрымліваюць у іх дух. Маўляў, зірнеш на тваю карціну як на сонечнае святло — і можна жыць далей.

— Наколькі мастаку, каб быць паспяховым, важна прыдумваць канцэпцыі, многа гаварыць, а не толькі маляваць?

— Усё гэта дзеля грошай. А бываюць жа мастакі гранічна таленавітыя і сумленныя. Як Джорджа Марандзі, напрыклад, што не выходзіў са сваёй майстэрні, маляваў практычна адны нацюрморты і абсалютна не клапаціўся ні пра што іншае — думаў адно пра гармонію! Але ж вось гэта і ёсць самае складанае, калі і грошай хочацца, і гармоніі (Смяецца.)! Як знайсці гэты баланс, каб не ўпасці занадта нізка? Я, дапусцім, дакладна ведаю, якія карціны людзі хочуць бачыць, але, на жаль, да мастацтва іх пажаданні не маюць ніякага дачынення, бо густ не выхаваны. Пагадзіцеся, фраза, якую найчасцей даводзіцца чуць, як толькі заходзіць гаворка пра жывапіснае мастацтва — «Ой, я ў гэтым нічога не разумею!»

— Але вас у творчасці смела можна назваць крэатыўнай: чаго вы толькі не прыдумваеце акрамя традыцыйных карцін на палатне…

— Якраз перад нашай сустрэчай я думала, з чаго ж пачынаецца мастак, што самае важнае? І дадумалася, што мастак не можа быць без фантазіі, без выкручвання сабе мазгоў, інакш ён просты рамеснік, маляр. Я ўвесь час фантазірую: мне сняцца сны — і потым я нешта з іх згадваю, шмат за чым назіраю — і спрабую перайначыць. Нават кнігі, здараецца, гляджу дагары нагамі, каб убачыць нешта цікавае, каб правесці над сабой эксперымент, парадавацца нечаканаму выніку.

— Заўважна, што вы не баіцеся яскравых колераў. Напрыклад, любіце сіні, і хоць адной рысачкай ды абавязкова дададзіце ў карціну нешта нечаканае.

— Правільна. Кажуць, што беларускасці ўва мне не хапае (Смяецца.). Але ж мастак — не для суму. Проста нехта можа сабе дазволіць быць шчырым і нават нахабным, а нехта — не. Мой настаўнік Зоя Літвінава мне заўсёды казала: «Вельмі складана пачынаць пісаць усёй палітрай. Колераў жа не сем — іх безліч. А ты, каб не заблукаць, вазьмі за аснову некалькі ўзаемаадносін, напрыклад цёплае — халоднае ці нешта іншае». І тады вось так працуеш у гаме «чорная — охра» і раптам дадаеш кавалачак ярка-сіняга ці чырвонага — і ўсё пачынае палаць! Калі я бядую, маю дрэнны настрой, то пішу нешта яркае, калі ўсё добра і спакойна — раблю нешта спакойнае, бо тады мне не трэба бадзёрыцца, распальваць сябе. Часам жартую, што ў беларускіх мастакоў, мабыць, толькі добры настрой, таму што ў іх усё так мякка. А я заўсёды ў дынаміцы.

— Вы маеце вопыт вучобы ў мастацкай акадэміі ў Мінску і ў Дзюсельдорфе. Ды й увогуле нямала працуеце на Захадзе, у Аўстрыі. Можаце неяк параўнаць гэтыя дзве сістэмы падрыхтоўкі мастакоў?

— Хоць мяне і выключылі з мінскай акадэміі, я не хачу яе пляжыць. У тыя часы вучыліся (не ведаю, як зараз) на рускім мастацтве, але ж беларускае адрозніваецца ад рускага. Калі бываюць вынікі? Калі ў справу ўкладаюцца сродкі, матэрыяльныя і нематэрыяльныя. Напрыклад, навучыць можа толькі вельмі добры мастак, перадаць свой досвед. А каб сапраўдны мастак пайшоў выкладаць, яму трэба заплаціць, бо ў першую чаргу ён хоча пісаць сам!.. Акадэмія Дзюсельдорфа запрашала самых лепшых з усяго свету. Іншая справа — наколькі табе і твайму таленту падыходзіць той ці іншы мастак-педагог… Увогуле, дасканаласці ў падрыхтоўцы ў акадэміях няма ні ў нас, ні на Захадзе. Але чым дакладна ў значна горшы бок адрознівалася наша — усё як у арміі: ты павінен хадзіць па раскладзе, педагогі пішуць справаздачы, нехта вечна ўсім незадаволены… У нас у групе быў хлопец з Манголіі з унікальным талентам рабіць заданні імгненна. Дык ён зробіць заданне, і ідзе сабе, каб папрацаваць над тым, чаго яго душа патрабуе. І наколькі ён быў уражаны і абражаны, калі яму паказалі журнал з пропускамі: «Я ж усё зрабіў!..»

— А вы ж паходзіце з сям’і славутых мастакоў і педагогаў, то маглі яшчэ і параўноўваць

— Канешне, у гэтым, мабыць, і быў асноўны канфлікт, што ўсе пра маіх родных ведалі, мне было ад каго атрымаць абсалютна прафесійную ацэнку. Здаралася, дома я чула: «Гэта вельмі добра, але не паказвай у Акадэміі, паставяць двойку». Не слухалася… Вось у Еўропе студэнтам даецца многа самастойнасці, хочаш дасягнуць поспеху — усё залежыць толькі ад цябе, можаш хоць зусім не вучыцца, проста паказваеш свае работы — і іх бяруць ці не бяруць. Гэта ж бізнес са сваімі законамі. У Дзюсельдорфе імкнуцца, каб мастак быў асаблівы, індывідуальны, і радуюцца, калі ты не як усе. У нас жа галоўнае — каб пропускаў не было... А яшчэ — як можна выкладаць, калі ты не любіш людзей, не любіш сваіх вучняў? Я пра гэта неаднойчы думала, калі сустракала ў калідоры педагогаў, якія ішлі на заняткі з такім выглядам, што ідуць забіваць, а не вучыць, не песціць талент і іскру Божую ў студэнтах.

— Нагадайце, за што вас выключылі? І ці быў момант, калі, дасягнуўшы поспеху, вы адчулі сябе «адпомшчанай»?

— Мне тады паставілі двойкі па ўсіх шасці спецыяльных прадметах. Пры тым, што з агульнаадукацыйнымі ўсё было ідэальна. Асабліва крыўдна, што я ж старалася, я шчыра і натхнёна працавала. Наконт поспеху — нават не ведаю, што гэта за поспех, нейкі вельмі ўмоўны, амаль не поспех. Я да сябе стаўлюся вельмі рэалістычна.

— Любіце займацца самаедствам?

— Люблю. Часам нават самазнішчэннем, замест таго, каб з галавой сысці ў працу. А мне трэба як піяністу трэніравацца кожны дзень. Хтосьці можа і паўгода нічога не рабіць, а потым прыйсці і нешта з галавы дастаць. Я ж павінна ўвесь час працаваць на хвалі натхнення, заўсёды быць на вастрыні творчага стану.

— Вы мелі дачыненне да цікавага праекта ў Варшаве — галерэі сучаснага мастацтва ZOYA, дзе ладзілі розныя выстаўкі.

— Зараз галерэі ўжо няма, хаця той перыяд быў вельмі цікавы. Галерыі такія: то з’яўляюцца, то знікаюць, шмат у чым поспех залежыць ад выпадку. Гаспадар выдатна разбіраўся ў мастацтве, але там павінна была быць падтрымка і вядомых польскіх мастакоў, чаго не здарылася: звычайная гісторыя — кожны сам за сябе. Гэта ж вельмі складаны занятак: адна справа прадаваць рэчы першай, жыццёвай неабходнасці, іншая — творы мастацтва, якія, па вялікім рахунку, мала каму патрэбныя. Можа, у Еўропе з гэтым і трохі прасцей, а ў нас я нярэдка бачу вялізныя багатыя дамы, ледзь не палацы — а на сценах ніводнай карціны, затое шпалеры — па тысячу долараў за метр. Я лічу, што гэта нават сорамна.

— Праз год у вас юбілей, звычайна мастакі рыхтуюць вялікія справаздачныя выстаўкі і розныя імпрэзы. Якія ў вас планы?

— Калі і былі нейкія планы адзначыць 50-годдзе, то зараз мне здаецца, што не варта так часта людзям пра сябе нагадваць, абцяжарваць іх сваёй персонай. А то і тут я, і там... Я проста вельмі радая такому выхаду з музеяў на вуліцу, гэта тое, чаго мне заўсёды хацелася, яшчэ са студэнцкіх часоў. Я нават абдумвала, як ладзіць выстаўкі ў двары дома, дзе мая майстэрня: каб карцінам неяк вольна дыхалася, каб іх мог паглядзець кожны, каб яны былі не для выбраных эстэтаў, а для ўсіх. Гэтая ідэя мяне моцна натхняе. Можа, падумаю ў гэтым кірунку.

Надзея КУДРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?