Вы тут

Праваслаўная царква і ўлада аб'яднаюць намаганні ў выхаванні духоўнасці


Цырымонія падпісання пагаднення паміж Мінаблвыканкамам і Мінскай мітраполіяй Беларускай праваслаўнай царквы прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Дакумент замацавалі сваімі подпісамі кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Анатоль Ісачанка, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, а таксама епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін ад Барысаўскай епархіі, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній ад Слуцкай епархіі, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел ад Стаўбцоўскай епархіі.


Першы такі дакумент быў падпісаны ў 2003 годзе. Сёлетні дагавор больш дэталізаваны і разгорнуты, у большай ступені датычыцца ўсебаковага выхавання юных грамадзян.

— Пагадненне мае на мэце сумесную работу з праваслаўнай царквой для дабрабыту нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь, — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Гэта датычыцца культурнай, сацыяльнай сферы, узаемнай дапамогі ў пытаннях выхавання маладых грамадзян, каб яны раслі ў любові да Радзімы, блізкіх, высокамаральнымі людзьмі.

Сумесныя праекты распрацаваныя ў кожным раёне і чатырох епархіях цэнтральнага рэгіёна. Таму на сустрэчы прысутнічалі і кіраўнікі ўсіх райвыканкамаў Міншчыны.

— Сённяшняя наша сустрэча мае вялікае значэнне. Гэта не пачатак, а пэўны вынік шматгадовай работы, якая праводзілася і працягваецца на блаславёнай беларускай зямлі і, у прыватнасці, у Мінскай вобласці, — сказаў Уладыка Павел. — Дамова прадугледжвае разнастайныя кірункі — і патрыятычнае выхаванне, і дапамогу бацькам, і служэнне міласэрнасці, і сацыяльнае служэнне. Мы імкнёмся зрабіць усё магчымае, каб ніхто ў нашай вобласці, краіне не застаўся без увагі. Да гэтай работы прыцягваецца і дзяржаўная, і абласная ўлады, і добраахвотнікі, якія хочуць праявіць свой удзел і спачуванне да тых людзей, якія маюць патрэбу ў пабочнай дапамозе. А самае галоўнае пытанне для ўсіх нас, на мой погляд, — выхаванне дзяцей.

Экзарх звярнуў увагу на тое, што сёння шмат спакус для моладзі. Па тэлевізары паказваюць вольнае, раскошнае жыццё, у якім прысутнічаюць шматлікія забавы. А вось зарабляць грошы чамусьці вучаць сваіх дзяцей толькі бацькі.

— Каб патраціць грошы, спачатку трэба іх зарабіць. Нават зарабіўшы і выкарыстоўваючы іх на сябе, трэба заставацца патрыётам сваёй краіны, чалавекам з вялікай літары. Таму станаўленне маладога чалавека, у тым ліку і патрыятычнае, павінна быць нашым агульным клопатам, — падкрэсліў яго Праасвяшчэнства. — Нам неабходна зрабіць усё, каб маладыя людзі валодалі абарончым імунітэтам, маглі разважаць і мелі правільны пункт гледжання на жыццё, умелі вызначаць, што ім пойдзе на карысць. Такія разважлівыя адносіны ў падрастаючага пакалення выхоўвае царква. Таму выдатна, што і царква, і дзяржаўная ўлада хочуць разам ісці па гэтым шляху. Гэтая работа ўжо прыносіць вынікі. Беларусь крочыць у авангардзе маштабнага дабрачыннага выхавальнага працэсу. І я шчыра радуюся, што Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка добра гэта разумее і ўшаноўвае высокамаральных асоб, штогод уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды «За духоўнае адраджэнне». Сёння і губернатар Мінскай вобласці, і ўсе кіраўнікі рэгіёнаў робяць усё неабходнае, каб мы разам рабілі дабро і разам ішлі па жыцці. Толькі тады нашы намаганні будуць эфектыўныя. Таму ў пагадненні прапісана ўсё: удзел у выхаваўчым працэсе, адукацыйнай сістэме, сацыяльнай сферы, інфармацыйнай прасторы. Гэты дагавор — падвядзенне пэўных вынікаў за мінулыя гады і план работы на будучыню.

Дарэчы, у праваслаўнай царквы ёсць генеральнае пагадненне. Падпісаны дамовы з міністэрствамі: абароны, адукацыі, працы, занятасці і сацыяльнай абароны, аховы здароўя. Пагадненне з Мінаблвыканкамам пакуль адзінае сярод іншых абласцей.

Беларуская праваслаўная царква Міншчыны — гэта 4 епархіі, куды ўваходзяць 33 благачынні, 310 святароў і 385 рэлігійных абшчын, якія аб'ядноўваюць тысячы вернікаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Выхоўваць духоўнасць разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».