Вы тут

Падчас блакады людзі жавалі траву, галінкі і насенне з шышак


«Цэлы дзень па лесе былі чутны крыкі і воклічы блукаўшых немцаў, стогны і крыкі людзей, пальба з кулямётаў, вінтовак, аўтаматаў. Увесь дзень доўжылася паляванне, але паляванне незвычайнае — палявалі дзікія звяры ў вобразе гітлераўскіх салдатаў з першакласнай зброяй на безабаронных мірных людзей». Так рукапісны партызанскі часопіс расказваў пра адну з карных аперацый.


Партызанскія атрады, якія на акупаванай тэрыторыі Беларусі пачалі стварацца з першых дзён вайны, настолькі дасаджалі захопнікам, што рэйхсфюрар СС Генрых Гімлер 31 ліпеня 1942 года нават падпісаў загад, які забараняў выкарыстоўваць тэрмін «партызаны» і заклікаў называць няўлоўнага праціўніка «бандытамі». Наогул партызанскі рух стаў разглядацца як «бандытызм», і салдаты вермахта павінны былі абыходзіцца з народнымі мсціўцамі выключна як з бандытамі. Захопнікі, спрабуючы ачарніць партызанаў, у сваіх газетах і ўлётках пісалі, што «сталінскія бандыты» абрабоўваюць насельніцтва, псуюць маёмасць, але прапаганда вынікаў не дала, партызанскі рух працягваў расці.

Падраздзяленне СС прачэсвае мясцовасць.

Каб знішчыць праціўніка, які абжыўся ў лясах і балотах і мае моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, гітлераўцы правялі 140 буйных карных аперацый. Барацьба вялася самымі жорсткімі метадамі па загадах найвышэйшага германскага кіраўніцтва. Тэрміны «карная экспедыцыя», «блакіроўка» сталі вядомы партызанам ужо з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны.

Блакада

Першая карная аперацыя, якая называлася «Прыпяцкія балоты», была праведзена ўжо ў ліпені 1941 года. А з вясны 1942-га «паляванні на партызанаў» набылі сістэматычны характар, у іх прымалі ўдзел войскі СС, каманды СД, паліцэйскія, жандарскія і іншыя спецпадраздзяленні акупантаў, ахоўныя і франтавыя часці вермахта. З 1943 года супраць партызанаў кідалі нават матарызаваныя падраздзяленні, танкі, выкарыстоўвалі авіяцыю. А ў красавіку — ліпені 1944 года партызанам даводзілася супрацьстаяць магутным сілам рэгулярнай арміі праціўніка.

Найбольшай жорсткасцю вызначыўся батальён СС Оскара Дырлевангера, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі з лета 1942 года і ўдзельнічаў у такіх карных аперацыях, як «Хрушч», «Карлсбад», «Фрыда», «Горнунг», «Якаб», «Чароўная флейта», «Котбус», «Гюнтэр», «Герман», «Веснавое свята».

Сярод асноўных прыёмаў, якія выкарыстоўвалі гітлераўцы падчас карных аперацый, — прачэсванні лясоў, падчас якіх былі задзейнічаны вялікія сілы праціўніка. Начальнік аэрадрома 4-й Беларускай брыгады Вілейскай вобласці Барыс Макавейчук пісаў, што карнікі ішлі на партызанаў ланцугом на адлегласці паўметра адзін ад аднаго, а за імі прасоўваліся другі і трэці ланцугі. Штыкамі яны пратыкалі ўсе купіны, пакрытыя мохам.

Але толькі прачэсваннем мясцовасці акупанты не абмяжоўваліся: пасля яго прымянялі тактыку «змору і голаду». Усе вёскі ў блакіраваным раёне займаліся гарнізонамі. Аглядаліся месцы партызанскіх баз. Знойдзеныя запасы вывозіліся. На бульбяных ямах гітлераўцы ставілі засады, а падыходы да іх мініравалі. «15.6.1943 г. На востраве сабраліся брыгады «Дзядзькі Колі», імя С. М. Кірава, «Жалязняк». Народ змучыўся. Прадуктаў харчавання няма. Кольца блакіроўкі звужаецца, насоўваецца пагроза голаду і знішчэння ўсіх сіл патызанаў», — пісаў сакратар Барысаўскага падпольнага міжраённага камітэта КП(б)Б П. Жукоўскі ў сваім дзённіку, які вёў падчас аперацыі «Котбус».

Насельніцтва рыхтуецца да карнікаў.

Беларусы зведалі і што такое блакада. Амаль усе партызанскія зоны адзін ці некалькі разоў зазнавалі буйныя варожыя блакады, такія як Клічаўская (1942 год), Расонска-Асвейская (1943 год), Сенненска-Аршанская, Барысаўска-Бягомльскай і Полацка-Лепельскай зон (1943 і 1944 гады).

Зморам, працяглымі баямі і акружэннем, якое не дазваляла папоўніць запасы боепрыпасаў і харчавання, карнікі спрабавалі аслабіць партызанаў. Да таго ж апошнім даводзілася пастаянна мяняць месца базіравання, не хапала часу на аднаўленне фізічных сіл — сон і яду. «Гатаваць ежу было немагчыма. Кожны дымок, заўважаны немцамі, падвяргаўся артылерыйскаму і мінамётнаму абстрэлу. Найменшы шум выдаваў наша размяшчэнне», — расказваў у 1942 годзе рукапісны часопіс «Мы победим!» партызанскага атрада «Перамога» Клічаўскай партызанскай зоны.

У кольцы блакады, застаўшыся без сваіх баз, партызаны не маглі здабыць і корм для коней. Ад адсутнасці фуражу ў 5-й Клятнянскай брыгадзе Магілёўскай вобласці ў 1943 годзе пачалі паміраць коні. На некаторы час каніна дазволіла вырашыць харчовую праблему, але калі яна скончылася і надышоў голад, людзям даводзілася жаваць галінкі ліпы і бярозы, з-за немагчымасці распаліць вогнішча спаталяць смагу снегам замест вады.

Найбольш цяжкімі аказаліся вясна і лета 1944 года, калі цалкам маглі быць знішчаны партызаны Сенненска-Аршанскай і Барысаўска-Бягомльскай зон, супраць якіх ладзілася карная аперацыя «Баклан» (Кармаран).

Увесну 1944 года партызанам брыгады Гудкова на Віцебшчыне даводзілася есці сырое каровіна мяса без солі. Нягледзячы на цяжкае становішча, партызаны брыгады «Дзядзькі Колі» на Міншчыне падзяліліся харчаваннем з групамі партызан іншых брыгад, якія 15 дзён не мелі ежы. Пасля такой дапамогі на кожнага байца брыгады «Дзядзькі Колі» даводзіўся абмежаваны паёк з некалькіх сухароў. У чэрвені 1944 года яны елі толькі траву і зялёныя ягады. Бягомльскія і сенненскія партызаны па некалькі сутак вымушаны былі стаяць па пояс у вадзе і змагацца з голадам: адзінае, што можна было есці, — балотныя травы ды насенне сасновых шышак.

У брыгадзе «Дзядзькі Колі» цяжка параненыя партызаны, якія не хацелі станавіцца абузай для сваіх таварышаў, падрывалі сябе гранатамі.

Гісторыя адной даведкі

Праз складаныя выпрабаванні давялося прайсці і мірным жыхарам. Баючыся расправы ворагаў, насельніцтва бегла ў лясы і балоты. Партызанскія рукапісныя часопісы сведчаць пра тое, як жанчыны з малымі дзецьмі хаваліся ў кустах, а на іх ішлі ланцугі з карнікаў, якія крычалі, свісталі, гікалі і забівалі ўсіх, каго маглі «ўпаляваць». Адзін з такіх часопісаў расказаў пра жудасную трагедыю. Падчас карнай аперацыі ў жанчыны плакала дзесяцімесячнае дзіця. «Жанчыны, ды і сама маці, стараліся, лашчылі, прасілі мальбамі, пагрозамі супакоіць дзіця, але нішто не дапамагала. Няшчасная маці са слязьмі на вачах старалася прыкрыць кволае цельца свайго дзіцяці. А ў гэты час пераслед усё набліжаўся і набліжаўся. Дзіця працягвала плакаць... Усім пагражала гібель. Немцы звернуць увагу на дзіцячы піск і знойдуць усіх, хто ўкрыўся.

Жывёльны жах ахапіў дарослых. Бедная маці, хапаючы хустку, старалася мацней прыкрыць тварык дзіцяці. Націскаючы на кволае цельца, яна заціснула яму рот і праз некалькі імгненняў адчула, што дзіця заціхла, а яшчэ праз імгненне жах ахапіў бедную маці, яна зразумела, што трымае ў руках замест жывога немаўляці халодны трупік. Сама таго не заўважаючы і не жадаючы, яна задушыла сваё дзіця. З дзікім крыкам кінулася яна наперад драпежнікам з халодным трупам, але бязлітасная, зверская рука не дала ёй далёка адысці. Раздаўся рэзкі трэск аўтамата, і, як сноп, не згінаючыся, не хістаючыся, павалілася няшчасная маці на цела свайго дзіцяці».

Складаны выбар давялося рабіць Ніне Пашэнцы, якая ратавалася ад ворага з двума малымі дзецьмі — двухгадовым сынам і грудной дачкой. Напярэдадні вызвалення Мінска атрад імя М. А. Шчорса 3-й Мінскай брыгады аказаўся ў коле блакады. З баямі атраду ўдалося выйсці з акружэння, але сем'і з малымі дзеткамі аказаліся заблакаваныя. Знясіленая, Ніна Пашэнка вымушана была пакінуць немаўля на купіне пад елкай. Праз двое сутак пасля заканчэння блакады дзяўчынку жывой знайшлі мясцовыя жыхары. Малую партызаны празвалі «камарыны недаедак». Для выратавання дзяўчынкі патрэбна было малако. Даведка, выдадзеная 30 чэрвеня 1944 года, сведчыць аб выдзяленні партызанскім атрадам імя М. А. Шчорса каровы дзвюм сем'ям, што мелі малых дзетак. Доўгі час гэты дакумент захоўвала сям'я Пашэнка, а ў 2015 годзе перадала ў музей.

Знясіленыя, але няскораныя

Цяжкапараненую партызанку Алену М. не змаглі пераправіць за лінію фронту — апошні самалёт адлятаў перапоўнены, а да партызанскага аэрадрома ўжо ішлі карнікі. Алену схавалі ў глухім месцы. Хлеба і солі, якія пакінулі дзяўчыне, хапіла на тры дні. Дваццаць сутак яна праляжала ў балоце. Некалькі разоў каля яе праходзілі карнікі з сабакамі... Мокрая, бездапаможная, галодная, з ныючымі ранамі, яна настолькі аслабла, што не магла падаць голасу, калі пасля блакады мясцовыя жыхары хадзілі па лесе, шукалі, клікалі параненых. Дзяўчыну знайшлі выпадкова... Яна паправілася, пасля вайны нарадзіла трох дзетак.

Часта адзіны шлях да ратавання праходзіў праз балота. Партызаны прарываліся з блакады з боем, пры гэтым неслі вялікія страты, бо патрабавалася пераадольваць двайное ці нават трайное кольца праціўніка. Так, у ноч з 4 на 5 мая 1944 года партызанам Полацка-Лепельскай зоны ўдалося вывесці з акружэння каля 15 тысяч мірных жыхароў. У экспазіцыі залы № 7 «Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі. Удзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім руху Супраціўлення 1941—1945 гг.» прадстаўлены экспанаты і фотадакументальныя матэрыялы пра карныя аперацыі супраць беларускіх партызанаў. Сярод іх і прыбор для бясшумнай пальбы «БраМіт», знойдзены 7 чэрвеня 1968 года каля вёскі Кульгаі Глыбоцкага раёна падчас перанясення пахавання астанкаў 39 партызанаў у брацкую магілу. Усе яны сталі ахвярамі карнай аперацыі «Веснавое свята». Апошнім гаспадаром «БраМіта» быў разведчык 1-й брыгады імя А. В. Суворава У. Жук, які загінуў пры прарыве варожай блакады ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года.

У той час, калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, у беларускіх лясах і балотах людзі маглі памерці ад голаду і хвароб. Леанід Паўроз — камісар 14-га атрада «Знішчальнік» партызанскай брыгады імя А. Ф. Данукалава Віцебскай вобласці — пісаў у сваім дзённіку, які ён вёў падчас блакады: «22 чэрвеня. Тры гады Айчыннай вайны. Тры гады цяжкага жыцця ў тыле ворага. У гэты памятны дзень мы сядзім па пояс у балоце, паўгалодныя. Запасы прадуктаў сыходзяць. Сілы слабеюць. Пухнуць ногі — ці то ад схуднення, ці то ад балотнай вады. Вогнішчаў паліць нельга, каб не выдаць наша размяшчэнне...» 23 чэрвеня камісар прызнаваўся: «Дачакацца ў балоце канца экспедыцыі не зможам з-за адсутнасці харчавання. А паміраць галоднай смерцю — страшна. Столькі перанесена пакут, хочацца жыць, дачакацца канца вайны і зажыць мірным шчаслівым жыццём... Толькі б застацца жывымі. З паўночнага ўсходу да нас дакатваецца артылерыйская кананада, бесперабойны шум — гэта, напэўна, наша Чырвоная Армія ідзе на паратунак да мірных жыхароў і партызанаў, што схаваліся ў балотах і лясах». Леаніду Паўрозу ўдалося выжыць, пасля заканчэння вайны ён перадаў свой дзённік у музей.

Прарываючы блакаду, партызаны выводзілі з акружэння і мірнае насельніцтва.

Змораныя, але няскораныя, яны змаглі выжыць у найскладанейшых умовах і пры гэтым захаваць баяздольнасць да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі.

Марыя Гарэлікава

Алена Дзядзюля

Загаловак у газеце: Дзікае паляванне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.