Вы тут

У гарах Сванеціі пацярпела грамадзянка Беларусі, дзве беларускі загінулі


У прэс-службе Агенцтва па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі МУС Грузіі «Звяздзе» паведамілі, што па дапамогу ратавальнікаў 14 жніўня ўвечары звярнуўся турыст з групы, якая падымалася на гару Тэтнулдзі ў рэгіёне Сванеція. Ён паведаміў, што пры спуску тры жанчыны зніклі.


Пошукі працягваліся ўсю ноч, учора раніцай да аперацыі далучыўся верталёт пагранічнай службы. У выніку былі знойдзены целы дзвюх жанчын, трэцяя ў цяжкім стане дастаўлена ў цэнтральную бальніцу горада Месціа, што за 20 кіламетраў ад месца здарэння.

Саветнік Пасольства Беларусі ў Грузіі Алег ГАРОХАВІК праінфармаваў карэспандэнта, што жанчына атрымала чэрапна-мазгавую траўму і пераломы. Пасля медыцынскага абследавання, якое доўжылася ўвесь дзень, лячэнне павінна працягнуцца ў Тбілісі.

«МУС Грузіі заведзена крымінальная справа. Да завяршэння расследавання целы загінулых жанчын будуць заставацца ў Грузіі», — сказалі «Звяздзе» ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Беларуска, якая пацярпела ў Сванеціі, — жыхарка Брэста 1967 года нараджэння. Па месцы работы яе мужа (яны разам знаходзіліся ў горным паходзе) пацвердзілі, што сужэнцы шмат гадоў займаюцца аматарскім альпінізмам. У Грузію Сяргей і Алена С. накіраваліся падчас водпуску мужа. Жонка — хатняя гаспадыня.

Як паведаміў «Звяздзе» старшыня брэсцкага горна-турыстычнага клуба «Цытадэль» Сяргей Паўлавец, Сяргей і Алена С. сапраўды дзесяцігоддзямі займаліся альпінізмам. «Гэта не навічкі», — падкрэсліў ён. Ён ведае іх асабіста і сказаў, што гэтую сямейную пару можна назваць ветэранамі клуба, які аб'ядноўвае ў асноўным студэнтаў і дзе менавіта маладыя людзі з'яўляюцца актыўнымі членамі. Клуб, тым не менш, ужо адзначыў сваё 45-годдзе. Каментаваць здарэнне ў Грузіі Сяргей Паўлавец адмовіўся з-за недахопу на момант падрыхтоўкі публікацыі дакладнай інфармацыі.

Гара Тэтнульд (ці Тэтнульдзі) лічыцца адной з самых прыгожых у Сванеціі. Гэта 10-я па вышыні вяршыня Каўказа. Па інфармацыі спецыялізаваных крыніц, зрыў удзельніка ў нязручным месцы можа паставіць пад пагрозу гібелі цэлую групу. Для праходжання альпінісцкага маршруту ў сярэднім патрабуецца 12—15 гадзін.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Трагедыя ў Грузіі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.