Вы тут

Праўдзівая памяць


У Мінску да 75-годдзя Вызвалення пабачылі свет кнігі “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных” і “Беларусь партизанская”


Абодва выданні прэзентаваліся ў часе рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” ў Прэс-цэнтры Дома прэсы. Яны пабачылі свет у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Жахі Масюкоўшчынскага лагера

Кніга “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных” — чацвёртая ў серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці”. Крыху раней выйшлі: “Хатынь. Трагедыя беларускага народа”, “Боль і гнеў. Халакост і Супраціўленне ў Навагрудку” і “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы”. (Пра апошюю мы пісалі: “Праз Трасцянец у Благаўшчыну” — ГР, 14.12.2018). Тры кнігі адзначаны дыпломам у намінацыі “Перамога” на Міжнародным конкурсе дзяржаў-удзельніц СНД “Мастацтва кнігі–2019” у Баку. Усяго плануецца выдаць 9 кніжак. Наступная раскажа пра канцлагер у Азарычах Гомельскай вобласці, рыхтуецца ілюстраваная энцыклапедыя “Спаленыя вёскі Беларусі”.

У кнізе “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных” прыводзяцца жудасныя факты. Як вядома, трагічна склаўся ў гады вайны лёс большасці палонных чырвонаармейцаў. У кнізе чытаем: “У 1941 годзе вермахтам было запалонена 3,4 мільёна ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, з іх 323 тысячы ў чэрвені-ліпені ў часе ваенных дзеянняў на прасторы ад Беластока да Мінска. Да канца студзеня 1942-га ў жывых засталося каля 1,4 мільёна чалавек, 2 мільёны былі расстраляныя, загінулі ад голаду, холаду, хвароб у нацысцкіх лагерах або ў часе транспарціроўкі ў месцы зняволення. На тэрыторыі акупаванай Беларусі ў 1941-1944 гадах загінулі больш чым 810 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Лагер савецкіх ваеннапалонных у Масюкоўшчыне існаваў самы працяглы перыяд: з ліпеня 1941-а па ліпень 1944 года. За гэты час у ім загінулі звыш 80 тысяч чалавек”.

Пра тое нагадаў на прэс-канферэнцыі дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. Ён прызнаўся: па выпадковасці частка канцлагера размяшчалася ў гады вайны на тым месцы, дзе цяпер стаіць будынак выдавецтва. Таму тыя, хто працаваў над кніжкай, блізка да сэрца прынялі жудасную праўду пра Масюкоўшчынскі лагер ваеннапалонных, або Шталаг 352 (Stalag 352 па-нямецку). Ён быў адным з найвялікіх на акупаванай тэрыторыі СССР і меў нават свае філіялы. Структурна складаўся з “Ляснога лагера” ля вёскі Масюкоўшчыны і “Гарадскога лагера” ў Мінску, які месціўся ў былых Пушкінскіх казармах па Лагойскім тракце. Асноўным лічыўся “Лясны лагер”, створаны ў канцы жніўня 1941 года на месцы былога вайсковага гарадка (ранейшай дыслакацыі савецкіх воінскіх часцей) ля Масюкоўшчыны. Побач праходзіла чыгунка Мінск–Маладзечна.

У лагеры прымянялася асабліва жорсткая сістэма катаванняў. Ёсць сведчанні, што для знішчэння савецкіх афіцэраў і мінчан нацысты выкарыстоўвалі палігон ваеннага гарадка, які сёння схаваны за вялікім масівам гаражоў. Людзей на расстрэл туды вялі ад чыгуначнай платформы па траншэях, выкапаных вязнямі. На аддаленні, каля 1,5 км на паўночны захад ад лагера і каля 800 м ад вёскі Глінішчы (і цяперашняга мемарыяла) быў хутар Петрашкевіча. Каля хутара ў невялікай нізіне было расстраляна па адных дадзеных каля 25 тысяч, па іншых — каля 54 тысяч грамадзянскіх асобаў.

На месцы пахавання вязняў і непадалёк ад чыгуначнай станцыі пасля вайны зрабілі мемарыял з Вечным агнём. Туды прыходзяць людзі, каб ушанаваць памяць ахвяр Масюкоўшчынскага лагера смерці. Надпіс на помніку-мануменце: “Сучаснікі і патомкі, схіліце галовы. Тут спяць вечным сном тыя, хто не стаў на калені перад ворагам”. Наводдаль — ратонда з сімвалічнай кнігай, на старонках якой больш за 9 тысяч прозвішчаў загінулых. А імёны ўсіх знішчаных ваеннапалонных дагэтуль невядомы. Спісы з прозвішчамі некаторых знайшлі яшчэ ў 1944-м у часе раскопак паблізу шпіталя ў схаваных савецкімі медыкамі металічных скрынях.

Вядучы навуковы рэдактар выдавецтва Міхаіл Нікіцін расказаў, што ў адрозненне ад Трасцянецкага лагера смерці, на тэрыторыі якога амаль не захавалася збудаванняў, што сведчылі б пра жудаснае мінулае, на месцы Масюкоўшчынскага лагера і па сёння стаяць былыя будынкі казармы, сталовай і клуба.

Кніга “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных” пабачыла свет на беларускай, рускай і англійскай мовах. Выданне ілюстравана гістарычнымі й сучаснымі фотаздымкамі, фотакопіямі архіўных дакументаў. Асаблівае месца ў ім адведзена гісторыі вёскі Масюкоўшчыны. Серыя кніжак “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці” будзе прадоўжана.

Партызанскі край

Прэзентавалася на прэс-канферэнцыі таксама кніга “Беларусь партизанская. Иллюстрированная энциклопедия партизанского движения в Беларуси в годы Великой Отечественной войны”. Яна выйшла ў серыі “Беларусь памятае: у імя жыцця і міру”. Гэта аповед пра партызанскі рух у гады вайны на рускай і англійскай мовах. У выданні выкарыстана каля 600 дакументальных ілюстрацый і фотаздымкаў з Беларускага дзяржархіву кінафотадакументаў, а таксама з іншых крыніц. Тэксты падрыхтавалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Наглядна паказаны партызанскія аперацыі, дыверсіі на чыгунках і дарогах, рэйды, разведвальныя аперацыі, жыццё партызан у зямлянках ды іншае.

Як вядома, партызанскі рух на Беларусі быў вельмі масавым: у ім удзельнічалі дзясяткі тысяч барацьбітоў. За гады вайны партызаны і падпольшчыкі на беларускай зямлі знішчылі каля паўмільёна акупантаў, пусцілі пад адхон больш за 11 тысяч эшалонаў, разграмілі 948 варожых штабоў і гарнізонаў, знішчылі 1355 танкаў і бронемашын. Мы шмат чулі пра партызанскі рух яшчэ са школы, а ў кнізе можна знайсці й новыя факты. Напрыклад, пра партызанскія зоны, на якія не распаўсюджвалася ўлада акупантаў. Яскрава паказана роля Беларускага штаба партызанскага руху. Прыводзяцца словы прысягі, што натхнялі партызан на барацьбу з захопнікамі. Прыводзяцца факты пра тое, як насельніцтва дапамагала партызанам, і як тыя ў сваю чаргу клапаціліся пра мірных жыхароў. У партызанскіх атрадах выдаваліся часопісы, газеты, улёткі, што клікалі на барацьбу з захопнікамі. Пададзены спіс партызан, якія атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза, расказваецца пра помнікі партызанскай славы ў краіне. Цікава, што ў партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны ўдзельнічала нямала замежных антыфашыстаў.

Кніга “Беларусь партизанская” выдадзена пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.