Вы тут

Мінімум па максімуме


Ну вось, нарэшце, і дачакаліся! І цяпер паўсюдна там, дзе пануе сонца і слупок тэрмометра паўзе ўверх, — топы, шорты, шлёпкі. Вышэй градус — менш адзення. Мінімум па максімуме. Асалода для вачэй і нагода для спрэчак. («Чым мацней летняя спёка, тым складаней глядзець дзяўчатам у вочы».) Так, на адной з вуліц Растова-на-Доне веласіпедыстка справакавала велізарны затор. Прычынай, як паведамляецца, стала не дарожна-транспартнае здарэнне і не празмерная колькасць машын, а ўсяго толькі сама дзяўчына, якая няспешна ехала на двухколавым транспарце. Затор утварыўся праз яе адкрыты ўбор: юная німфа была ў такіх кароценькіх шорціках, што яны практычна цалкам адкрывалі вачам аўтамабілістаў «пятую кропку». («— Дзяўчына, вы так адзеты ці ўжо раздзявацца пачалі?») Гэтае відовішча і жаданне зрабіць як мага больш здымкаў прымушалі ўжо іх ехаць так жа няспешна, нават не спрабуючы абагнаць прыгажуню. Гараджанка імгненна стала папулярнай і ў сеціве, дзе, як заўсёды, сышліся меркаванні «за» і «супраць»: ці правільна была адзета дзяўчына. Апраўданнем адкрытаму ўбору многія называлі надвор'е: «За акном такая спёка, што ездзіць у такім адзенні, хутчэй за ўсё, зручна і халаднавата».


Францужанка запусціла ў Twіttеr флэшмоб, да якога далучыліся многія дзяўчаты: яны выкладваюць у сацыяльных сетках фатаграфіі свайго дэкальтэ ў знак пратэсту супраць сексізму. Карыстальніца расказала, што незнаёмец на вуліцы ў грубай форме абразіў яе за V-падобны выраз, які адкрывае грудзі. («Жанчына пасля работы вяртаецца дадому на трамваі. Ад стомы прыкрыла вочы, амаль дрэмле. Раптам праз паўсон чуе прыемны мужчынскі голас: dеs dеuх раs (па-французску «за два крокі», «у два этапы», вымаўляецца як «до дэ па»). У галаве ў жанчыны імгненна пачынае гучаць ціхая павольная музыка... Ёй тут жа ўяўляецца Эйфелева вежа, Манмартр, Сена, яна адчувае пах круасанаў... Побач — нябачны прыгожы малады чалавек, які запрашае яе на танец... З гэтага стану жанчыну выводзіць той жа больш гучны і настойлівы голас: «Пытаюся, да дэпА едзеш?») Пра спёку ў навіне нічога не паведамляецца, але ж калі хадзіць па вуліцы з дэкальтэ, як не летам? («Яна ўперлася грудзямі ў мой позірк».) Твіт дзяўчыны выклікаў вялікую цікаўнасць, пазней з'явіўся хэштэг #JеKіffеMоnDесоllеtе («я люблю сваё дэкальтэ»). Францужанка напісала: «Прыяцель, гэта мае грудзі, і я кажу: каб цябе чорт узяў». («Багаты ўнутраны свет трэцяму памеру грудзей не сапернік».) Іншыя прадстаўніцы прыгожага полу падтрымалі пачынальніцу флэшмоба: «Таму што я свабодная жанчына. Таму што нашы бабулі змагаліся за свабоду». Ну вы ж ведаеце, калі жанчына штосьці надумае, дык абавязкова ў глабальным сэнсе. Чаму адразу так? («Вы бачылі, як жанчына дастае бюстгальтар праз рукаў кофты? Уявіце, што яна можа зрабіць з вашым мозгам».)

Вось, скажам, амерыканскія вучоныя апублікавалі на Аmеrісаn Hеаrt Аssосіаtіоn, што жанчына, якой стала дрэнна ў грамадскім месцы, можа не атрымаць першую медыцынскую дапамогу з-за... сваіх грудзей. Яны могуць папросту адпужаць мінакоў. («Адэса. Суседка суседцы наконт дэкальтэ: — Софа, у вас сэрца на двары».) Вынікі даследавання засведчылі: шанцы атрымаць дапамогу ад выпадковых мінакоў у мужчын на 23 працэнты вышэйшыя, чым у жанчын. Аўтары падчас апытання высветлілі, што людзі баяцца быць абвінавачаныя ў сексуальных дамаганнях пры аказанні першай медыцынскай дапамогі, а таксама прычыніць пацярпелай фізічную шкоду. А калі ў прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва будзе яшчэ і дэкальтэ ў спякотны дзень? Жах! Сапраўды, як тут не спужацца?! («Крыўдна, калі ў грамадскім транспарце шчокі трасуцца, а грудзі — не».)

А вось адміністрацыя Мінскага каледжа прадпрымальніцтва не спужалася пераапрануць хлопцаў у спадніцы. Памятаеце гэтую нядаўнюю гісторыю? Ад спёкі напачатку дзяўчаты пачалі хадзіць на заняткі ў кароткіх сукенках і ім выдалі максі з рэквізіту мастацкай самадзейнасці. А потым і хлопцы патрапілі «пад раздачу», калі з'явіліся ў навучальнай установе ў кароткіх пляжных шортах або рваных джынсах. Ну, затое мы далучыліся да шматлікіх краін, дзе мужчыны, пратэстуючы ў спёку супраць дрэс-коду і забароны насіць шорты, з'яўляліся на рабочых месцах у спадніцах і сукенках. У нас, праўда, гэта атрымалася па волі адміністрацыі каледжа...

Дарэчы, пра рваныя джынсы і іншы мінімалізм ад дызайнераў, выкліканы, відавочна, спёкай. Брытанскі вытворца жаночага адзення Рrеttу Lіttlе Thіng напачатку выпусціў цалкам празрыстыя штаны на маланцы. Па інфармацыі афіцыйнага сайта брэнда, рэч зроблена са 100-працэнтнага пластыку і даступная ў сямі памерах. «У гэтых штанах ты будзеш выглядаць як заўгодна, толькі не празрыста», апісвае вытворца навінку. І што цікава — не паспрачаешся. Узровень адкрытасці — максімальны. («Па-сапраўднаму багатая жанчына носіць пад джынсамі цэлыя калготкі».) Пазней гэты ж брэнд выпусціў джынсавыя шорты з дзіркамі на ягадзіцах, як быццам іх сабака на ласкуты парваў. Вы ўяўляеце, што рабілася б на растоўскай вуліцы, каб тая веласіпедыстка праехала яшчэ і ў такіх шортах?

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.