Вы тут

Стаць айцішнікам можна і ў каледжы


20 ліпеня ў краіне распачынаецца прыёмная кампанія ва ўстановах, якія рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Сёлета ў ёй будуць задзейнічаны 110 каледжаў, у тым ліку 9 — прыватнай формы ўласнасці, а таксама 83 установы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. План прыёму гэтага года складае 40,4 тысячы чалавек, з іх на бюджэтнай форме навучання — 25,4 тысячы.


Каго чакаюць работадаўцы?

Прыём будзе весціся па 156 спецыяльнасцях. Новая спецыяльнасць «Лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі» адкрыецца ў філіяле Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта «Лінгвагуманітарны каледж».

Акрамя таго, у шэрагу навучальных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрываецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях, на якія адчуваецца павышаны попыт з боку заказчыкаў кадраў. Сярод іх — «Праграмаваныя мабільныя сістэмы», «Тэсціраванне праграмнага забеспячэння», «Сеткі тэлекамунікацый», «Электроніка механічных транспартных сродкаў», «Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці (па кірунках)», «Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання», «Хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны», «Тэхналогія машынабудавання (па кірунках)» і іншыя.

Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, штогод каледжы выпускаюць каля дзвюх тысяч спецыялістаў з профільнай ІТ-адукацыяй, але попыт на кадры з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй працягвае расці...

Па конкурсе атэстатаў

Абітурыенты, якія паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі пасля дзевяці класаў на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты (творчыя і спартыўныя), павінны прайсці конкурс сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Абітурыенты, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць два абавязковыя ўступныя экзамены па вучэбных прадметах у форме цэнтралізаванага тэсціравання. Пры паступленні на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — уступныя іспыты па мове (беларускай ці рускай) у форме ЦТ і іспыты па спецыяльнасці.

У тым выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без прад'яўлення сертыфікатаў ЦТ), а на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і выніку ўступнага іспыту па спецыяльнасці. Але ў дакуменце аб адукацыі адзнака па вучэбным прадмеце, які адпавядае профільнаму іспыту, павінна быць не ніжэйшай за 4 (чатыры) балы.

Калі абітурыенты паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў скарочаны тэрмін (на аснове прафесійна-тэхнічнай), яны здаюць толькі ўступны іспыт па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Графік прыёмных камісій

Уступная кампанія ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пройдзе з 20 ліпеня да 17 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, будзе весціся з 20 ліпеня да 3 жніўня, на платнай аснове — з 20 ліпеня да 14 жніўня. Уступныя іспыты пройдуць з 4 да 8 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — да 10 жніўня, на платнай аснове — да 16 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, пройдзе з 20 ліпеня да 9 жніўня, на платнай аснове — з 20 ліпеня да 16 жніўня.

Уступныя іспыты адбудуцца з 10 да 12 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — да 14 жніўня, на платнай аснове — да 17 жніўня.

Для ўсіх прыёмных камісій устаноўлены адзіны рэжым работы: яны будуць працаваць з 9.00 да 18.00, у тым ліку ў суботы (20, 27 ліпеня, 3 і 10 жніўня). Будуць задзейнічаны таксама і нядзелі (4 і 11 жніўня) для прыёмных камісій тых навучальных устаноў, у якіх у гэты дзень праводзяцца ўступныя выпрабаванні.

Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны дзень не радзей за адзін раз на тры гадзіны работы прыёмнай камісіі (у 12.00, 15.00 і 18.00). У апошні дзень інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыняецца ў 15.00.

Залічэнне тых, хто паступае ў ССНУ на бюджэтную форму навучання на аснове базавай адукацыі, адбудзецца не пазней за 10 жніўня, а на платную форму — да 16 жніўня. Для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, прыёмная кампанія завершыцца для «бюджэтнікаў» 14 жніўня і 17 жніўня — для «платнікаў».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.