Вы тут

З 2020 года дзяржава плануе даваць жыллё шматдзетным сем'ям на працягу года


З 2020 года дзяржава плануе даваць жыллё шматдзетным сем'ям на працягу года з дня пастаноўкі на ўлік. Такое даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Наколькі актуальнае гэтае пытанне для Міншчыны, высвятляла карэспандэнт «Звязды».


На першае ліпеня ў Мінскай вобласці ў 17,7 тысячы сем'яў выхоўваецца больш за 57 тысяч непаўналетніх. І колькасць сем'яў, якія абзаводзяцца трыма і больш малымі, з кожным годам павялічваецца. У прыватнасці, у 2010-м такіх у цэнтральным рэгіёне налічвалася крыху больш за 9 тысяч, а на ліпень гэтага года — 17 679. Нараджальнасці спрыяе дзяржаўная падтрымка шматдзетных, у тым ліку выдзяленне сямейнага капіталу, забеспячэнне іх на льготных умовах жыллём.

— Па стане на 1 студзеня 2019 года на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у Мінскай вобласці стаяць 6843 шматдзетныя сям'і. Мы павінны да канца 2019-га і на працягу 2020 года іх забяспечыць жыллём. А ў наступным годзе стаіць задача, каб пасля пастаноўкі на ўлік яны атрымлівалі жылплошчу на працягу аднаго года, — паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Аляксандр Кручанаў. — У 2018-м кватэрамі былі забяспечаны 730 шматдзетных сем'яў. За першае паўгоддзе гэтага года займелі асабісты дах над галавой яшчэ 496, што склала 25 % ад гадавога задання. Гэта рознае жыллё: і сацыяльнае, і арэнднае, і індывідуальнае, набытае на другасным рынку, пасля рэканструкцыі. Да канца года мы павінны забяспечыць «квадратамі» 2112 сем'яў, а ў будучым годзе — 3,5 тысячы. Таму да першага кастрычніка неабходна падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю з задзелам на наступны год. Найбольшая колькасць шматдзетных сем'яў мае патрэбу ў жыллі ў горадзе Жодзіна, Барысаўскім, Салігорскім, Мінскім і Маладзечанскім раёнах. У прыватнасці, у апошнім стаяць на ўліку 700 сем'яў. У горадзе актыўна забудоўваюцца новыя мікрараёны, дзе ў першую чаргу жыллё будуць прапаноўваць менавіта гэтай катэгорыі грамадзян.

Мінаблвыканкам кантралюе ход работ па будаўніцтве кожнага дома і тэрміны яго здачы. Але і на месцах павінны клапаціцца пра кожную шматдзетную сям'ю. Толькі ў гэтым выпадку райвыканкамы будуць працаваць над вырашэннем пытання і актыўна будаваць жыллё, адзначыў Аляксандр Кручанаў. На яго думку, планы рэальныя і будуць выкананы. У раёнах наладжана сістэма давання жылля. У першую чаргу ім забяспечваюцца сем'і, дзе гадуецца чатыры і больш непаўналетніх, затым — з трыма выхаванцамі, у залежнасці ад даты пастаноўкі на ўлік. Пасля ідуць астатнія катэгорыі — дзеці-інваліды, дзеці сіроты ды іншыя. Для атрымання пасведчання, якое пацвярджае статус шматдзетнай сям'і, неабходна звярнуцца ў сацыяльную службу раёна, потым — у «адно акно» райвыканкама, напісаць заяву на пастаноўку на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прынесці копіі пасведчанняў аб нараджэнні дзяцей, пашпарты бацькоў. Сем'і, зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці, бяруць на ўлік сельвыканкамы.

— А колькі працэнтаў кошту новага жылля пакрывае дзяржава? — спытала я ў Аляксандра Кручанава.

— Для сем'яў, дзе гадуюцца тры дзіцяці, дзяржава гасіць 75 % асноўнага доўгу. Калі чацвёра і больш, то цалкам. Але гэта з разліку па дваццаць квадратных метраў на чалавека, — растлумачыў спецыяліст.

Для шматдзетных грамадзян будуецца жыллё тыпавых спажывецкіх якасцяў. Пастановай Савета Міністраў абмежаваны гранічны ўзровень крэдытавання кошту квадратнага метра. На сённяшні дзень гэта 718 рублёў. Натуральна, што пры распрацоўцы праектаў падбіраюцца эканомныя варыянты. «Гэта жыллё эканом-класа для шматдзетнай катэгорыі грамадзян і для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І яно карыстаецца попытам. Калі раней навасёлы самі рабілі рамонт пры засяленні ў кватэру, то цяпер у асноўным дом здаецца з поўнай апрацоўкай — паклеенымі шпалерамі, пафарбаванай падлогай і столлю», — канстатаваў суразмоўнік.

Усяго ж на пачатак студзеня 2019 года на Міншчыне на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — больш за 85 тысяч сем'яў. Сярод іх каля 32 тысяч маладых, а таксама больш за 6 тысяч дзяцей-сірот.

— Мы скіраваны на тое, каб выканаць задачу, што паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы, — забяспечыць у наступным годзе жыллём 3,5 тысячы шматдзетных. Акрамя таго, летась уразлівым катэгорыям грамадзян дадзена 486 кватэр плошчай больш за 19 тысяч квадратных метраў, што пераўзыходзіць пазалеташні перыяд у пяць разоў. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 488 кватэр сацыяльнага прызначэння агульнай плошчай 25 тысяч квадратных метраў за кошт разнастайных крыніц фінансавання, — расказаў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка на 15-й сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. — Такія дамы здадзены ў Маладзечне, Смалявічах, Барысаве, Дзяржынску, пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна. У некаторых раёнах для гэтай катэгорыі грамадзян выдзяляліся плошчы ў дамах камерцыйнага фонду.

Усяго ж у 2018 годзе на Міншчыне ўведзена ў эксплуатацыю больш чым 1,114 мільёна жылля, што складае каля 30 % ад агульнага аб'ёму па краіне.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: А чаму б і не!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.