Вы тут

Мясніковіч: Беларусь выступае за здаровую канкурэнцыю на агульным з Расіяй рынку


Канкурэнцыя на агульным беларуска-расійскім рынку быць павінна, але здаровага характару. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з кіраўнікамі рэгіёнаў Беларусі і органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў РФ на палях VI Форуму рэгіёнаў, перадае БЕЛТА. 


У двухбаковых узаемаадносінах ёсць шэраг важных пытанняў, пастаянна ідуць дыскусіі, што таксама нядрэнна. «Але трэба пазбягаць розных бар’ераў, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Мы павінны канкурыраваць на агульным беларуска-расійскім рынку, але гэта спаборнасць павінна мець здаровы характар». 

Спікер заклікаў аб’яднаць намаганні для работы з трэцімі краінамі. «Неабходны сумесныя кампаніі, навукова-тэхнічныя праекты. Будзе сур’ёзны сумесны бізнес, будуць і добрыя вынікі», — перакананы ён.

Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка ў сваю чаргу звярнула ўвагу, што супрацоўніцтва рэгіёнаў уносіць вялікі ўклад у пашырэнне і паглыбленне адносін паміж краінамі, развіццё Саюзнай дзяржавы. Яна заклікала ўдзельнікаў сустрэчы абазначыць праблемы, якія, магчыма, перашкаджаюць устанаўленню кантактаў, унесці прапановы па гарманізацыі заканадаўстваў для стварэння найбольш спрыяльных умоў для інвестыцый і бізнесу.

У час сустрэчы Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі падарыў Савету Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».

  • Цяперашні форум прысвечаны гуманітарнай тэматыцы, вялікая ўвага на ім удзелена маладзёжнай палітыцы. Падкрэслівалася важнасць гэтых напрамкаў для саюзнага будаўніцтва. Адзначалася, што Форум рэгіёнаў адбыўся як інтэграцыйны праект. Аб гэтым сведчыць інтарэс, які праяўляюць да такога фармату работы партнёры з краін СНД, Еўропы.

Рашэнні па адмене роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй будуць прымацца ў жніўні

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, з боку беларускіх аператараў ёсць разуменне праблемы. Канкрэтныя рашэнні будуць прымацца на сустрэчы, якая адбудзецца 2 жніўня ў Полацку, дадаў ён.

У сваю чаргу старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка адзначыла гатоўнасць расійскага боку. Паводле яе інфармацыі, пытанне будзе вырашана да 15 верасня.

Верхнія палаты парламентаў Беларусі і Расіі трымаюць пытанне на контроле.

Падрыхтоўка канцэпцыі збліжэння заканадаўстваў Беларусі і РФ неапраўдана зацягваецца

Заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу.

Падрыхтоўка канцэпцыі — сфера адказнасці Пастаяннага камітэта і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Беларускі бок на працягу 2018 года ўносіў свае прапановы. «Аднак падрыхтоўка неапраўдана зацягваецца», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. 

Канцэпцыя збліжэння заканадаўстваў павінна забяспечыць гарманізацыю і ўніфікацыю нацыянальных заканадаўстваў і правапрымяняльнай практыкі. Ад гэтага залежыць сістэмнае рэгуляванне многіх праблемных пытанняў. 

У іх ліку Міхаіл Мясніковіч назваў парадак прыняцця і выканання рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы саюзнага партнёра. «Большасць бар’ераў з’яўляецца менавіта з-за гэтага», — адзначыў ён. Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы прааналізаваць гэта пытанне і далажыць на чарговым Вышэйшым дзяржсавеце. 

Кіраўнік верхняй палаты парламента абазначыў праблему з маркіроўкай тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі. «Калі не будзе рашэння аб узаемным прызнанні нацыянальных сістэм і адзінага парадку інфармацыйнага забеспячэння, рынкі ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы могуць быць паралізаваны. Тэма абмяркоўвалася не адзін раз. Просьба да ўрада Расійскай Федэрацыі прыняць рашэнне з улікам меркавання партнёраў па ЕАЭС», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама выказаў заклапочанасць тым, што ў адносінах да асобных беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання прадаўжаюць дзейнічаць абмежавальныя меры, нягледзячы на дарожныя карты па зняцці ўзаемных абмежаванняў. 

  • Беларусь і Расія актыўна абмяркоўваюць новую праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў саюзнага дагавора. Яго нормы прайшлі праверку часам і даказалі сваю слушнасць. Яны не страцілі актуальнасці і дапаўняюцца новымі палажэннямі праграмы дзеянняў, нагадаў Міхаіл Мясніковіч.

Мясніковіч прапануе прысвяціць VII Форум рэгіёнаў інвестыцыйнаму супрацоўніцтву Беларусі і Расіі

У 2020 годзе VII Форум рэгіёнаў прыме Беларусь. «Інвестыцыйная дзейнасць — гэта формула развіцця, прагрэсу. Прапаную чарговы Форум рэгіёнаў правесці з гэтай тэмай на парадку дня», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён адзначыў, што на шляху фарміравання адзінай эканамічнай прасторы краіны зрабілі нямала сур’ёзных крокаў насустрач адзін аднаму. «Разам з тым трэба больш актыўна пераходзіць да інвестыцыйнага супрацоўніцтва, пашыраць прамысловую кааперацыю, і, галоўнае, ствараць сумесныя беларуска-расійскія кластары — у нафтахіміі, фармацэўтыцы, ільняной галіне і іншых галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», — лічыць спікер.

«Такім чынам мы не будзем залежаць ад палітычных настрояў трэціх краін і істотна ўмацуем эканамічную бяспеку Саюзнай дзяржавы», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

У Беларусі занепакоеныя значным вывадам прыбытку расійскімі кампаніямі-рэзідэнтамі

У Беларусі ствараюць камфортныя ўмовы для працы расійскіх кампаній — як рэзідэнтаў рэспублікі, так і тых, хто працуе ў кааперацыі. «Але нас турбуе тое, што кампаніі з расійскім капіталам, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Беларусі, у значных аб’ёмах выводзяць з краіны зароблены прыбытак замест таго, каб яго ў асноўным рэінвесціраваць», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

У мінулым годзе прамымі інвестарамі канфіскавана 50% прыбытку, у першым квартале 2019 года — 75%. «У прынцыпе гэта не супярэчыць беларускаму заканадаўству і міжнароднаму праву​, але просім расійскіх партнёраў не ставіць галоўнай мэтай адабранне сродкаў з Беларусі, а рэінвесціраваць прыбытак», — дадаў ён.

Спікер лічыць няправільным устойлівае меркаванне пра тое, што Беларусь купляе ў Расіі толькі сыравінныя рэсурсы, а на расійскім рынку прадае гатовую прадукцыю. Ён запярэчыў, што Расійская Федэрацыя стабільна займае першае месца ў спісе пастаўшчыкоў у Беларусь высокаліквіднай якаснай прадукцыі — тавараў інвестыцыйнага прызначэння: машын, абсталявання, транспартных сродкаў. Расія прыкметна апярэджвае ўсе іншыя краіны. Спікер прывёў статыстыку. У 2018 годзе аб’ём закупак толькі інвестыцыйных тавараў у Расіі перавысіў $1,1 млрд, што на 15% больш, чым годам раней. Тэндэнцыя росту захоўваецца і ў 2019 годзе. Больш за 80% радыёапаратуры і халадзільнікаў, звыш 90% тэлевізараў і пральных машын Беларусь закупляе ў Расіі. Агульны кошт імпарту расійскіх легкавых аўтамабіляў павялічыўся ў мінулым годзе ў 1,6 разы, перавысіўшы $1 млрд.

«Ніякіх абмежаванняў для продажаў расійскіх тавараў у Беларусі няма, хоць у нас маюцца ўласныя аналагі», — падкрэсліў спікер. Ён выказаў надзею, што абмежаванні доступу на расійскі рынак для беларускіх тавараў таксама будуць ліквідавацца.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».