Вы тут

Аксана Данільчык: “Каб быць у літаратуры надоўга, трэба мець моцную волю”


На працягу стагоддзяў прывілею ствараць інтэлектуальныя прадукты мелі мужчыны. Рэдкія прарывы асобных аўтарак, якія найчасцей хаваліся пад мужчынскімі псеўданімамі, нічога не мянялі ў агульнай карціне. Прыйшлі новыя часы, але жанчынам яшчэ доўга даводзілася даказваць, што іх творы – сур’ёзная літаратура. Не дарэшты зжытыя гэтыя стэрэатыпы і па сённяшні дзень. З іншага боку, зараз ва ўсім свеце расце цікавасць да творчасці жанчын – даследчыкі адзначаюць гэта як прыкмету новай літаратурнай сітуацыі.


У 2017 годзе паэты, літаратуразнаўцы Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль упершыню сабралі раскіданыя па розных крыніцах творы паэтак першай паловы мінулага стагоддзя ў адным томіку «Блiскавiцы: анталогiя беларускай жаночай паэзii мiжваеннага перыяду». Ёсць сярод іх вядомыя імёны – Канстанцыя Буйло, Зоська Верас, Ларыса Геніюш. Ёсць і тыя, чые паэтычныя дасягненні дагэтуль заставаліся для шырокага кола чытачоў terra incognitа: Антаніна Шунейка, Ганна Брэская, Зінаіда Бандарына, Іда Чырвань ды іншыя.

Пра шляхі творчай самарэалізацыі беларускіх паэтак міжваеннага часу, праблемы самасцвярджэння жанчын у літаратуры і пра стэрэатыпы, якія існуюць у адносінах да іх творчых здабыткаў, мы гутарым з кандыдаткай філалагічных навук, даследчыцай літаратуры, паэткай Аксанай ДАНІЛЬЧЫК.

Бліскавічная энергетыка ўздыму, перададзеная праз радкі паэтак, сапраўды уражвае. Жанчыны, якім упершыню было дадзена права ствараць на ўсю “шыр нервова-гордых дзён” (у ілюзорнасці гэтага дазволу яны хутка ўпэўняцца), прынеслі ў паэзію новыя сэнсы і вобразы, новыя інтанацыі. Пісалі ярка, радасна, смела. Прыкладам, адзін з вершаў 1928 года Яўгеніі Пфляўмбаўм так і называецца – “Радасць”. Ці адчувалі вы, калі працавалі над зборнікам, гэты моцны струмень стваральнай жаночай энергіі? 

– Напэўна, у апошні год працы над анталогіяй, калі яна набыла ўжо больш-менш канчатковы выгляд, і праца стала больш інтэнсіўнай, можна сказаць, што так. Аднак на падрыхтоўку выдання спатрэбілася прыкладна шэсць гадоў, былі і больш плённыя перыяды, і перапынкі, калі я займалася зусім іншымі справамі і праектамі.    

Увогуле, мы яшчэ настолькі мала ведаем “жаночую” гісторыю гэтага пакалення, што “Бліскавіцы” – толькі адзін з першых крокаў. Улічваючы, што нават самыя простыя біяграфічныя дадзеныя кшталту даты нараджэння або смерці ў многіх выпадках застаюцца нявысветленымі, працы яшчэ вельмі шмат.  

Дарэчы, сярод імёнаў, якія вы назвалі, ёсць і сталыя аўтаркі часопіса “Алеся” у яго папярэдніх версіях – “Беларуская работніца і сялянка” і “Работніца і калгасніца Беларусі”, які давялося ўважліва вывучаць у працэсе падрыхтоўкі кнігі. Самае цікавае, што ў пэўны момант я пачала звяртаць увагу не толькі на вершы, але і на розныя артыкулы, на мадэлі вопраткі, медыцынскія парады. Часопіс пачаў выходзіць у 1924 годзе і ад пачатку меў пэўную ідэалагічную афарбоўку. Шчыра кажучы, паэтычных шэдэўраў там няшмат, але, напрыклад, даволі прапагандысцкі верш З. Бандарынай “Памяці Клары Цэткін”, тым не менш, вельмі “жаночы”, а таму заслугоўвае ўвагі. Верш распавядае пра выступленне ўжо далёка не маладой Клары ў Рэйхстагу, там у канцы гучыць радок, які я з усмешкай згадваю: “…ды ня здольна старасць засціць сонца" (“Работніца і калгасніца Беларусі”, 1933, № 24).

А яшчэ Бандарына – аўтарка радкоў, якія выдатна ілюструюць далёкі ад ружова-гламурнага сэнс, што надавалі яе паплечніцы святу 8 сакавіка: “Сястрыца, любая! Сягоння наша свята – мы новага жыцця будаўнікі!” Але мы ведаем, што потым: радасць згасне, жыццё павернецца да паэтак іншым бокам. Яўгенія Пфляўмбаўм паедзе ў Сібір следам за мужам, асуджаным Максімам Лужаніным, і ажно да канца 1980-х яе паэтычнага голасу не будзе чуваць. Маўчала пасля зборніка “Веснацвет” і Зінаіда Бандарына. Гісторыі пра маўчанне, невыданне... Гісторыя якой з паэтак, надрукаваных у “Бліскавіцах”, закранула вас найбольш?

– Тут што ні лёс, то свая гісторыя і свая бяда. Я магу дакладна вызначыць, каму аддаю перавагу ў літаратурным плане, але чый лёс закрануў мацней – цяжка сказаць. Зразумела, гэта не датычыцца прадстаўніц “масавай” паэзіі і тых, хто друкаваўся ў Савецкай Беларусі другой паловы 30-х, калі прыстойныя аўтаркі замаўчалі.

Можа быць, таму, што я найбольш займалася вывучэннем творчасці Зінаіды Бандарынай (з чаго, дарэчы, усё і пачалося), у некаторым сэнсе да яе лёсу ў мяне асаблівае стаўленне. Сёння я магу абсалютна ўпэўнена сказаць: тое, што кніга З. Бандарынай “Выбраныя вершы”, пра якую я ў свой час пісала, не выйшла ў 60-я гады (машынапіс захоўваецца ў БДАМЛМ) – вялікая ганьба як для тагачасных супрацоўнікаў выдавецтва, так і для яе калег, тым больш, што на пачатку 60-х павыходзілі кнігі многіх аўтараў, якія вымушаныя былі зрабіць перапынак у актыўнай літаратурнай дзейнасці. Спадзяюся нейкім чынам выправіць гэтую сітуацыю, прынамсі, працягваць знаёміць чытачоў з больш познімі вершамі гэтай аўтаркі. І не магу не згадаць пра нашу з Віктарам Жыбулем сустрэчу з сынам Зінаіды Бандарынай Канстанцінам.   

 

Зусім іншымі вачыма я паглядзела на жыццёвы і творчы шлях Зоські Верас, Паўліны Мядзёлкі і многіх іншых аўтарак Усходняй і Заходняй Беларусі, чые імёны нават добра вядомыя, але істотнае значэнне мела і змена ракурсу. Большасць нашых аўтарак годна прайшла праз усе выпрабаванні лёсу, часам ахвяруючы літаратурай, але значна радзей – сваім сумленнем. З іншага боку, хто сёння возьме на сябе смеласць судзіць тых, хто жыў у той час, за жыццёвы выбар? Я дакладна не буду гэтага рабіць. Лёсы беларускіх паэтак міжваеннага перыяду нараджаюць шмат пытанняў, на якія кожны творца павінен адказаць самастойна. Адно з іх паэт і ўлада.         

У цікавым даследаванні вы параўноўвалі адносіны да свайго творчага паклікання Яўгеніі Янішчыц і Эн Сэкстан, разважалі пра складаныя ўзаемаадносіны творчых жанчын з асяроддзем і сабой. У дакументальным фільме пра Янішчыц “Небяспечны талент”, у якім вы зняліся, даследчыца творчасці паэткі Святлана Калядка кажа пра тое, што ў лірыцы Янішчыц захаваны ключ ад генетычнай памяці нешчаслівай долі асобы, у першую чаргу – жанчыны. Трагічнасць светаадчування не вызначаецца выключна полам і сацыяльна-палітычным кантэкстам, але ўсё ж жанчынам у мастацтве складаней самасцвердзіцца, як вы лічыце?   

– Відавочна, што ў патрыярхатным грамадстве жанчынам заўсёды цяжэй заняць адпаведнае месца ў публічнай прасторы. Як справядліва заўважыла сацыёлаг Алена Гапава ў адным з інтэрв’ю (думка, якая мне вельмі падабаецца): гэта пытанне пра размеркаванне рэсурсаў, прынамсі, яно такім было на працягу доўгага часу і ў многіх сферах такім і застаецца. Але свет не стаіць на месцы. Тут ёсць вялікая рызыка пачаць разважаць у тэрмінах сацыялогіі ды эканомікі, і мне б гэтага не хацелася, але не магу не адзначыць, што апошнім часам сустракаецца шмат маладых людзей, якія працуюць там, дзе зусім нядаўна працавалі адны жынчыны, напрыклад, у сферы гандлю.       

З другога боку, сустрэчнае пытанне – для чаго самасцвярджацца ў мастацтве? Зноў жа на гэтае пытанне кожны творца павінен адказаць самастойна. Дзеля самарэалізацыі? Дзеля таго, каб жыць было цікавей? Дзеля таго, каб мець магчымасць зарабляць творчасцю? Я вельмі люблю фразу Артура Кляйнзалера, якую працытавала ў згаданым вамі даследаванні: “Мастацтва жорсткае... тут не бывае справядлівай узнагароды за намаганні…" (Кляйнзалер А. Нет поля для игры, или Мир как кондоминиум по-американски // Иностранная литература, 2004. № 10.– С. 298)

Памятаеце, у лістападзе 2017 года ў Мінску адбыўся цудоўны фестываль “Знак роўнасці”, скіраваны супраць “цэнтралізаванасці і іерархічнасці” ў айчыннай літаратуры, які прапанаваў звярнуцца да “жаночай прысутнасці і да літаратурнага жыцця па-за межамі сталіцы”? Я думаю, гэта рух у правільным накірунку. 

Так, фестываль быў сапраўды своечасовы і цікавы. Калі працягнуць гаворку пра стэрэатыпы... У 1930-я гады ідэолагі ад літаратуры крытыкавалі “пяшчотнае” і “жаноцкае” ў вершах той жа Бандарынай. А сёння, наадварот, ад жанчыны ў літаратуры часам чакаюць саладжавых казачак, чагосьці “для адпачынку”. Калі ж чаканні не спраўджваюцца, а ў творы выяўляецца замах на той вобраз жаноцкасці, які склаўся ў культуры намаганнямі пераважна мужчын-творцаў, можна сустрэцца з неразуменнем, абурэннем. Гэта мне здаецца выбудоўваннем псіхалагічнай абароны, нежаданнем ведаць і чуць пра тое, часам балючае, нязручнае, што хвалюе жанчын. А як думаеце вы?

‒ Тут ёсць адзін цікавы момант, на які я нядаўна звярнула ўвагу. У 70-80-я гады замацавалася меркаванне, што паэзія беларускіх аўтарак – гэта ў асноўным любоўная лірыка. Але, калі паглядзець з іншага боку, то напісанне любоўнай лірыкі, мне здаецца, у некаторым сэнсе пазбаўляла ад неабходнасці пісаць вершы пра вернасць партыі і камуністычным ідэалам… Хоць, напрыклад, Таіса Бондар у сваіх вершах вельмі пратэставала супраць паблажліва-высакамернага стаўлення да “жаночай” паэзіі і да жанчын увогуле.

Свет мяняецца, мяняюцца і мужчыны, і жанчыны, мяняецца і ўяўленне пра “зручнасць” адных у адносінах да другіх. Але пакуль што тут, безумоўна, ёсць доля праўды.

У маладыя гады вялікая колькасць жанчын прыходзіць у беларускую літаратуру, яны выдаюць свае першыя кніжкі. Але часам дэбютам усё і заканчваецца. Аўтаркі знікаюць з публічнай прасторы, хоць часам працягваюць пісаць. Чаму?

‒ Трэба сказаць, што і вельмі шмат юнакоў сыходзіць з літаратуры. Дастаткова пагартаць часопіс “Першацвет” пачатку 90-х або першыя нумары часопіса “Верасень”, каб у гэтым пераканацца. Каб быць у літаратуры надоўга, трэба мець моцную волю або персанальнага мэнэджэра (ці стаць такім самой). Самыя ўдалыя літаратурныя праекты апошніх гадоў мелі добрую медыйную падтрымку, часта з боку саміх аўтараў. Можна спрачацца, добра гэта ці дрэнна, але гэта так.

Для аднаго чалавека літаратура – спосаб існавання, для другога –  адзін з магчымых відаў дзейнасці. Некаторыя маладыя аўтары знаходзяць сябе ў іншых сферах. Дарэчы, і сярод аўтарак “Бліскавіцаў” ёсць такія прыклады. Адна справа – агульны ўздым, энтузіязм, другая – рэальная штодзённая праца, літаратурная і не толькі.  

З іншага боку, мы ведаем і шматлікія прыклады, калі жанчыны працягваюць пісаць усё жыццё, не зважаючы ні на якія перыпетыі лёсу. І рана ці позна іх творы прыходзяць да чытачоў.  

Летась вы выдалі электроннай кнігай паэтычны зборнік “Блюмэнштрасэ”. Адзін з вершаў называецца “Вызваляючыся ад стэрэатыпаў”. Хочацца прывесці яго цалкам і на гэтай аптымістычна-феміністычнай ноце скончыць нашую гутарку. 

Мы так прывыклі саступаць дарогу і чакаць падарункаў,

што калі іх ніхто не дарыць,

робім вялікія вочы...

Мы так прывыклі, што менавіта мужчына

павінен нам нешта даць,

а калі не можа, не хоча, не ў стане − плачам.

Кожнаму свой лёс,

свой дом,

свая машына.

Выпеставаныя.

Можна, напэўна, і без гэтага,

але я вось іх стварыла,

і цяпер гляджу на іх і думаю:

калі б усё гэта за мяне

стварыў нейкі мужчына,

я б ніколі не даведалася,

што абсалютна спакойна

магу зрабіць гэта сама.

 

Гутарыла Алена Брава

Фота з асабістага архіва А. Данільчык, з архіва БДАМЛМ.

На фота з БДАМЛМ – Зінаіда Бандарына.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».