Вы тут

Якія праблемы хвалююць жыхароў Заводскага раёна Мінска?


Старшыня Савета Рэспублікі на мінулым тыдні наведаў Мінскі падшыпнікавы завод, Завод зборных жалезабетонных канструкцый, правёў сустрэчу з актывам і прыём грамадзян у Заводскім раёне сталіцы.


Фота sovrep.gov.by

— Канешне, ёсць пытанні, якія трэба было б больш актыўна, на маю думку, вырашаць і ў раёне, і ў горадзе. Размова ідзе і аб прамысловых прадпрыемствах. І тут ёсць дакладная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы, што ўсе прадпрыемствы (прамысловыя, будаўнічыя) павінны мець свае планы перспектыўнага развіцця. І абарона гэтых планаў павінна быць не фармальнай, а наадварот — скрупулёзнай работай для раённых і гарадскіх улад. Можна дзесьці знайсці гэтыя вузкія месцы, дапамагчы ім разабрацца ў тых ці іншых пытаннях. У гэтым, безумоўна, павінна быць зацікаўлена мясцовая адміністрацыя, — адзначыў спікер Савета Рэспублікі.

Пра фінансава-эканамічную дзейнасць свайго прадпрыемства Міхаілу Мясніковічу расказаў генеральны дырэктар ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» Мікалай Анціпаў. Завод заканчвае праграму тэхнічнага пераабсталявання, якая была запушчана ў 2009 годзе. Самае вялікае ўкладанне прадпрыемства — кольцараскатны комплекс. Сёння колькасць работнікаў прадпрыемства складае амаль 1800 чалавек. Да 77 % выпускаемай заводам прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Асноўны партнёр — Расія, расце доля Украіны. Да 9 % дасягнулі аб'ёмы закупак з краін далёкага замежжа.

— Радуе, што большасць прамысловых прадпрыемстваў — на пад'ёме. І ў гэтай сітуацыі ажываюць рынкі, якія былі праблемнымі. Напрыклад, на падшыпнікавым заводзе мы разглядалі шэраг пытанняў. Абнадзейвае тое, што ў іх могуць быць вельмі добрыя, цікавыя кантракты з Індыяй, з шэрагам іншых краін далёкага замежжа. Дыверсіфікацыя экспартных патокаў — гэта добра, — упэўнены Міхаіл Мясніковіч.

На сустрэчу з кіраўніком Савета Рэспублікі ў Адміністрацыю Заводскага раёна запрасілі дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, адукацыйных устаноў, грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый.

Сёння колькасць жыхароў гэтай часткі Мінска складае 237 тысяч чалавек. У раёне размяшчаюцца 44 буйныя прадпрыемствы прамысловасці: «Мінскі аўтамабільны завод», «Мінскі падшыпнікавы завод», «Мінскі завод колавых цягачоў», «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава», «Мінскжалезабетон» і іншыя. За студзень — май 2019 года аб'ём прамысловай вытворчасці ў раёне склаў больш за мільярд рублёў.

— Кожны раён мае моцныя і слабыя бакі. У Заводскім раёне моцныя бакі — гэта прамысловы і экспартны патэнцыял. Раён з'яўляецца адным з найбуйнейшых не толькі ў Мінску, але і ў краіне па аб'ёмах прамысловай вытворчасці. Колькасць працоўных, занятых у эканоміцы раёна, складае больш за 62 тысячы чалавек, — паведаміў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мікалай Палякоў.

Падчас размовы з актывам акцэнтавалі ўвагу на шматлікіх пытаннях — пазашкольнай адукацыі дзяцей і падлеткаў, правапарадку, аховы здароўя, занятасці насельніцтва, работы з прызыўнікамі. Асабліва актуальныя, як заўсёды, пытанні сферы будаўніцтва. Так, Міхаіл Мясніковіч параіў павялічваць аб'ёмы ўзвядзення камерцыйных кватэр, пашыраць будаўніцтва арэнднага жылля.

— Будаўнікі дастаткова ўпэўнена сябе адчуваюць. І ўсе пытанні, з якімі звярталася да мяне кіраўніцтва аб'яднання «Мінскпрамбуд», — вырашальныя. Ёсць, канешне, мясцовыя няўвязкі. У тым ліку трэба, каб больш работы было і на ўнутраным рынку, пры ўсёй павазе да пашырэння экспарту будаўнічых паслуг, — выказаў меркаванне спікер верхняй палаты парламента.

Гэтае ж сталічнае прадпрыемства якаснай, тэрміновай работай зарэкамендавала сябе ў рэгіёнах Расіі. «Мінскпрамбуд» працуе ў Беларусі на аб'ектах «Слаўкалія» ў Любані, Петрыкаве, на будаўніцтве завода вырабаў з белай бляхі ў Віцебскай вобласці.

— Калі кажуць, што самыя лепшыя будаўнікі з'ехалі і нікога тут не засталося, — гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ствараюцца адпаведныя ўмовы для таго, каб павышаць кваліфікацыю. Я задаваў пытанні, глыбока цікавіўся гэтай тэмай. У чым поспехі нашых некаторых будаўнічых арганізацый? Яны маюць цесныя кантакты з нашымі ўніверсітэтамі: на гэтай стадыі яны пачынаюць адбіраць сабе спецыялістаў. І потым: у іх ёсць свае вучэбныя камбінаты, дзе яны зыходзячы са спецыфікі сваёй арганізацыі павышаюць кваліфікацыю людзей, — растлумачыў Міхаіл Мясніковіч.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».