Вы тут

Беларусь і Расія мусяць урэгуляваць спрэчныя пытанні па аўтаперавозках


Такія планы былі агучаны на палях VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.


«Мы ў вельмі цесным кантакце з расійскімі калегамі працуем у частцы ўніфікацыі заканадаўства ў розных сферах транспартнай дзейнасці, уключаючы аўтамабільныя перавозкі, — у цяперашні час працуем над адпаведным пагадненнем, — паведаміў журналістам міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка. — Плануем да канца года выйсці на падпісанне».

Ён растлумачыў, што гэты дакумент будзе агаворваць, у прыватнасці, пытанні рэгулявання дазвольнай сістэмы, выкарыстання малатанажнага транспарту. «Пагадненне комплекснае і рэгулюе ўсё наша ўзаемадзеянне ў частцы аўтамабільнага транспарту, — адзначыў міністр. — Ёсць пэўныя болевыя
моманты, над якімі мы працуем. Калі казаць пра двухбаковыя адносіны ці транзітныя на ЕС — у нас свабоднае перамяшчэнне. Але ёсць пэўныя пытанні, звязаныя з паездкамі ў трэція краіны і з іх, а таксама з кабатажнымі перавозкамі».

Між іншым, пытанне развіцця транспартнага патэнцыялу знайшло працяг на пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота заявіў падчас яго, што нельга адзіную транспартную прастору паміж Беларуссю і Расіяй засноўваць на тэхналогіях мінулага стагоддзя.

«Мы з міністэрствамі транспарту да гэтага часу так і не сфармулявалі паняцце таго, што з'яўляецца адзінай транспартнай прасторай. Мы вырашылі гэтае пытанне самі для сябе неяк сфармуляваць. У выніку прыйшлі да высновы, што адзіная транспартная прастора не можа быць заснавана на тэхналогіі XІX ці XX стагоддзя. На жаль, у нас транспарт адпавядае менавіта гэтым паказчыкам», — звярнуў увагу Рыгор Рапота.

Ён растлумачыў, што дарога з Мінска ў Санкт-Пецярбург (прыкладна 800 км) на цягніку сёння займае каля 14 гадзін, а яшчэ ў 1882 годзе адзін з расійскіх падарожнікаў успамінаў, што з Лондана ў Глазга (каля 600 км) ён дабраўся па чыгунцы за 9 гадзін. Рух з Масквы ў Мінск на цягніку таксама не самы хуткі і займае прыкладна 10 гадзін, заўважыў Рыгор Рапота.

Такім чынам, падкрэсліў дзяржсакратар, па развіцці транспартных тэхналогій краіны знаходзяцца на ўзроўні мінулых стагоддзяў. «З дарогамі прыкладна тая ж самая сітуацыя», — дадаў ён.

На думку Рыгора Рапоты, неабходна развіваць хуткасныя магістралі як для чыгуначнага, так і для аўтамабільнага транспарту. Гэтае пытанне, дадаў ён, абмяркоўваецца ўжо досыць доўга і ўключана ў прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы.

Намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Юрый Вараб'ёў адзначыў, што сенатары не валодаюць паўнамоцтвамі ў гэтай сферы, аднак яны могуць паскорыць прыняцце палітычнага рашэння, неабходнага для ўрэгулявання гэтых пытанняў.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна, каментуючы журналістам вынікі пасяджэння міжпарламенцкай камісіі, агучыла планы па развіцці высакахуткаснага чыгуначнага транспарту.

«Маецца на ўвазе напрамак паміж Санкт-Пецярбургам, Масквой і Мінскам, для таго каб гэта быў транзітны калідор», — паведаміла віцэ-спікер верхняй палаты беларускага парламента.

«Гэта вельмі цікавая прапанова, якая будзе прапрацоўвацца і прапаноўвацца для абмеркавання кіраўнікам дзяржаў», — адзначыла яна.

Дарэчы, міжпарламенцкая камісія падвяла вынікі выканання рашэнняў V Форуму рэгіёнаў, які летась прайшоў у Магілёве, а таксама разам з прадстаўнікамі профільных ведамстваў абмеркавала развіццё транспартнага патэнцыялу і мадэрнізацыю адпаведнай інфраструктуры Саюзнай дзяржавы. Акцэнт быў зроблены на праблемных пытаннях, над вырашэннем якіх міністэрствы транспарту дзвюх краін каля года працавалі разам з зацікаўленымі бакамі. Сфарміраваны план па вырашэнні ўсіх пытанняў. «Работа праведзена вялікая і пазітыўная», — праінфармавала Мар'яна Шчоткіна.

У сваю чаргу, Юрый Вараб'ёў падкрэсліў, што форумы рэгіёнаў даюць магчымасць прымаць важныя рашэнні для развіцця Саюзнай дзяржавы. За час іх правядзення падпісана больш за 218 пагадненняў. На шостым форуме па выніках пасяджэння міжпарламенцкай камісіі заключаны яшчэ чатыры паміж Саветамі дэпутатаў рэгіёнаў Беларусі і заканадаўчымі сходамі Расіі. Кантрактаў за гэтыя гады заключана больш чым на 1,5 мільярда рублёў.

Цяперашні форум прысвечаны фарміраванню адзінай гуманітарнай і культурнай прасторы. Міжпарламенцкая камісія таксама не пакінула без увагі гэтую тэму. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. Агульны план будзе звярстаны да 1 кастрычніка.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?