Вы тут

Летась у Беларусі пабудавалі 17 дзіцячых садкоў


Паводле статыстычных звестак у цяперашні час у нашай краіне больш за 95 % дзяцей ва ўзросце 3—6 гадоў атрымліваюць дашкольную адукацыю — гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе. Пры гэтым наведванне дзіцячага садка не з'яўляецца абавязковым на працягу ўсяго дашкольнага дзяцінства. Згодна з дзяржаўным стандартам, толькі ў пяцігадовым узросце ўсе дзеці павінны быць забяспечаны падрыхтоўкай да навучання ў школе.

Сістэма дашкольнай адукацыі ў нашай краіне працягвае развівацца, улічваючы запыты бацькоў і патрабаванні часу. Усё гэта так, але часам новыя раёны растуць занадта хутка...


Будуецца 15 дзіцячых садкоў, а не хапае 20

Што датычыцца Мінска, то сёлета спецыялісты-забудоўшчыкі плануюць раскрыць новыя пляцоўкі ў Чыжоўцы і Лошыцы. Працягнецца забудова ў межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага — Рафіева. Узводзяць жыллё і прыватныя інвестары. Па інвестыцыйнай праграме на будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры выдзяляецца каля 170 мільёнаў рублёў. Запланаваны фінансавыя сродкі і на будаўніцтва 15 дзіцячых садкоў. «Такога ніколі не было. Заўсёды ўзводзілася не больш за пяць-сем аб'ектаў для дзяцей, але мікрараёны будуюцца і маюць патрэбу ў сацыяльнай інфраструктуры», — расказала намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава.

У сталіцы сёння не хапае 20 дзіцячых садкоў і сямі школ. Гарвыканкам дэталёва даследаваў гэтае пытанне. І высветлілася, што месцы мінчан у дзіцячых садках часта займаюць дзеці жыхароў Мінскай вобласці, якія працуюць у сталіцы. Часцей за ўсё гэтая праблема актуальная для садкоў каля МКАД.

Пабудавана 46,5 тысячы новых кватэр і... 17 дзіцячых садкоў

А колькі будуецца? Летась арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 46,5 тысячы новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 3966,1 тысячы «квадратаў» жылля. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1498,1 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы, або 37,8 % ад агульнага аб'ёму ўведзенага жылля. З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 999,3 тысячы «квадратаў», у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 943 тысячы квадратных метраў. Сёлета ўрадам даведзена заданне абласцям і Мінску пабудаваць 4 мільёны квадратных метраў жылля. За пяць месяцаў ужо пабудавана 1240,8 тысячы квадратных метраў жылля.

Згодна з тэхнічным кодэксам усталяванай практыкі існуюць нормы планіроўкі забудовы населеных пунктаў. Дык вось, паводле гэтага дакумента, установы выхавання і адукацыі павінны забяспечваць сацыяльна гарантаваную патрэбнасць насельніцтва ў атрыманні адукацыі, працоўнага, эстэтычнага і фізічнага выхавання, аздараўлення дзяцей, фарміраваць адзіную планіровачную сістэму і ўключаць: дзіцячыя яслі, сады, пачатковыя, базавыя школы, вучэбна-педагагічныя комплексы, а таксама школы, ліцэі, гімназіі і іншыя.

Умяшчальнасць дзіцячых дашкольных устаноў варта ўстанаўліваць у залежнасці ад дэмаграфічнай структуры насельніцтва, прымаючы разліковы ўзровень забяспечанасці дашкольнымі ўстановамі дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 50 %, звыш трох да шасці гадоў — 85 %. Ёмістасць пазашкольных устаноў варта прымаць не больш за 10 % ад агульнай колькасці школьнікаў. Не рэкамендуецца праектаваць школы ўмяшчальнасцю больш за 1500 месцаў.

У гарадскіх паселішчах радыус абслугоўвання дзіцячых дашкольных устаноў і пачатковых школ або класаў варта прымаць да 500 метраў, базавых школ — да 800 метраў пры ўмове падвозу вучняў у школу і пры адпаведных педагагічных і санітарна-гігіенічных абгрунтаваннях дапускаецца павелічэнне радыуса абслугоўвання пачатковых і базавых школ.

У сельскіх населеных пунктах размяшчэнне ўстаноў выхавання і адукацыі павінна забяспечваць 30-хвілінную транспартную даступнасць. Прасторавая даступнасць ліцэяў і гімназій, а таксама ліцэйскіх і гімназічных класаў не рэгламентуецца.

Спецыялізаваныя дашкольныя ўстановы, ліцэі і гімназіі, пазашкольныя ўстановы рэкамендуецца размяшчаць у цэнтральнай і сярэдняй зонах Мінска, буйных, вялікіх гарадоў, а таксама ў раёнах канцэнтрацыі жыллёвага фонду высокай шчыльнасці. І яшчэ, колькасць аптэк, аптэчных кіёскаў вызначаецца на аснове асаблівасцяў планіровачнай структуры гарадскіх паселішчаў. У кожным квартале, мікрараёне павінен быць не менш за адзін аб'ект.

У поўным аб'ёме і ва ўсіх раёнах

Якасныя паказчыкі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Гродзеншчыны — у ліку самых высокіх у краіне. На гэтай ніве ў вобласці працуюць 423 установы дашкольнай адукацыі, у тым ліку 34 дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці.

Нарматыў забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі вобласці выконваецца ў поўным аб'ёме ва ўсіх раёнах рэгіёна. Летась уведзены ў эксплуатацыю чатыры дзіцячыя садкі на 780 месцаў: у мікрараёнах-новабудоўлях Гродна (230 месцаў), Астраўца (190 месцаў), Навагрудка (190 месцаў), і Шчучына (170 месцаў). Працягваецца будаўніцтва двух дзіцячых садкоў на 230 месцаў кожны ў Лідзе і Астраўцы. У мэтах вырашэння праблемы недахопу месцаў у дзіцячых садках мікрараёнаў-новабудоўляў і жылых раёнаў інтэнсіўнай забудовы ў Гродне працуюць аўтобусныя маршруты «Дашкалёнак» рэгулярных зносін для падвозу бацькоў з дзецьмі ў ранішні і вячэрні час да аддаленых дзіцячых садкоў. У Скідзелі дзяцей у дзіцячыя садкі падвозяць з навакольных вёсак. З сельскіх населеных пунктаў, якія не маюць устаноў дашкольнай адукацыі, падвозяць
1830 выхаванцаў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Здавалася, густа, а дзесьці і пуста

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.