Вы тут

У Гомелі працуе дзіцячы садок, размешчаны на першым паверсе жылога дома


Дзіцячы садок № 100 на вуліцы Мазурава ў Гомелі ад іншых адрознівае не толькі круглая лічба нумара. Ён знаходзіцца на першым паверсе нядаўна пабудаванага дома ў новым мікрараёне № 19.


Увесь першы паверх цалкам адведзены пад дашкольную ўстанову. Цяпер у ёй выхоўваюцца 72 дзіцяці ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. У Савецкім Саюзе дзіцячыя ўстановы нярэдка размяшчалі на першых паверхах дамоў. Потым ад такой практыкі адмовіліся, а вось цяпер палічылі, што прыйшоў час аднавіць добры вопыт.

Эксперымент рэалізаваў Гомельскі домабудаўнічы камбінат, які за свае сродкі ўзвёў сацыяльны аб'ект. Мэта ініцыятывы гарадскіх улад — зняць напружанасць з месцамі ў мікрараёнах новабудоўляў. Дарэчы, гэта пілотны праект не толькі для Гомеля, але і для краіны.

На ўзроўні абмеркавання, а потым і ўвасаблення ідэі ў жыццё было шмат скептыкаў, якія агучвалі свае сумненні наконт такога рашэння гарадскіх улад. Некаторыя спачувалі жыхарам, якія будуць пастаянна чуць дзіцячы гоман. Былі пытанні наконт вентыляцыі і распаўсюджвання пахаў з кухні садка па ўсім доме. Сумняваліся наконт бяспекі дзяцей. Маўляў, у дварах жа аўтамабілі ездзяць, і дзеці будуць пастаянна падвяргацца небяспецы. Чуліся меркаванні і наконт таго, што малыя не змогуць адпачываць, калі суседзі зверху будуць працаваць перфаратарам.

Праектанты і будаўнікі адказалі справай на кожнае з пытанняў.

Кошт будаўніцтва тыпавога садка — каля 8 мільёнаў рублёў. Убудаваны ў дом абышоўся ў 1,8 мільёна рублёў. Выдаткі на ўбудаваны дзіцячы садок утрая меншыя, чым сродкі для ўзвядзення асобнага будынка.

Побач абгароджаная пляцоўка з верандамі, пясочніцамі і ўсімі неабходнымі для гульні прыстасаваннямі. Уваходы ў дзіцячы садок і жылую частку знаходзяцца з розных бакоў. Ніхто нікому не перашкаждае: паміж садком і будынкам транспарт не рухаецца. Для машын прадугледжаны месцы і праезды са зваротнага боку дома.

Унутры ёсць усё неабходнае для развіцця дзяцей: групавыя памяшканні, музычна-спартыўная зала, санкавая (там зімой пакідаюць санкі, а ўлетку — самакаты і веласіпеды), рэсурсныя цэнтры для кожнай групы і гэтак далей. Усё разлічана для трох груп па 20 дзяцей. Па факце іх цяпер больш. Дарэчы, зараз ідзе прыём дзетак на навучальны вучэбны год, гаворыць загадчык дзіцячага садка № 100 Гомеля Вольга Калеснікава:

— Першыя выхаванцы прыйшлі да нас у садок 3 студзеня 2018 года. За паўтара года мы і адчулі і зразумелі, што ўмовы для нас зроблены вельмі зручныя. Ніякіх глабальных пытанняў па змяненні ці рамонце не ўзнікала. Як засяліліся — так усё і засталося. Перакрыцце паміж першым паверхам і іншымі зроблена з павышанай гукаізаляцыяй. За паўтара года суседства ўвогуле не было ўзаемных скаргаў. Калі жыхары дома робяць рамонты — мы іх не чуем. Няма ніякіх нараканняў і на тое, што мы з дзецьмі робім святы з музыкай на пляцоўцы садка. Што датычыцца вентыляцыі, яе каналы з дзіцячага садка выведзены асобна і не перасякаюцца з вентыляцыяй жылой зоны. Адпаведна зроблена і каналізацыйная сістэма. Пры гэтым у нас ёсць свая пральная, харчблок з цэхамі, студыя для заняткаў танцамі, музыкай і гімнастыкай... Зразумела ж, стандартныя спальныя і гульнявыя пакоі, раздзявальні і санвузлы, якія адпавядаюць усім санітарным нормам. Ва ўсіх памяшканнях, дзе знаходзяцца дзеці, абсталяваныя падлогі з падагрэвам.

Да таго ж пры аздабленні ўжываліся самыя сучасныя матэрыялы. Пры вонкавым добраўпарадкаванні выкарыстоўваўся рулонны газон. Спартыўная пляцоўка з мяккім пакрыццём, плюс вонкавае асвятленне, сістэмы відэаназірання і абвяшчэння пра пажар.

У Гомельскім ДБК гавораць, што ідэя — эканамічна выгадная: такі варыянт не ўплывае на кошт квадратнага метра для пакупнікоў кватэр. Да таго ж, канцэпцыя выключае выдаткі на будаўніцтва камунікацый і адначасова вырашае праблему крокавай даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Дзіцячая ўстанова можа быць і таннейшай, але ж для гэтага варта перагледзець існуючыя абмежаванні, паводле якіх ва ўбудаваных памяшканнях жылога дома нельга размяшчаць дашкольную ўстанову даўжынёй больш як 90 метраў. Тады можна будзе ўбудоўваць садкі ў шматсекцыйныя дамы і абсталёўваць харчаблок і іншыя дапаможныя памяшканні на большую колькасць дзіцячых груп.

— Вопыт садка № 100 ужо лічыцца паспяховым, і ён прыцягвае шмат увагі, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве Гомельскага домабудаўнічага камбіната Уладзімір Фалейчык. — Часта цікавяцца магчымасцю ў тым жа фармаце ўбудаваць не толькі садок, але і паліклініку, напрыклад. Увогуле такія ідэі вырашаюцца на працягу пэўнага тэрміну — патрэбны час на адвядзенне зямлі і праектаванне.

Тым часам і жыхары 104-га мікрараёна Навабеліцкага раёна Гомеля дачакаліся адкрыцця ясляў-садка № 50. Будаўніцтва гэтага сацыяльна важнага аб'екта пачалося летась за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Свой унёсак таксама зрабілі горад і прадпрыемствы-спонсары. Праект быў распрацаваны гомельскім інстытутам «Гомельпраект». У рознапавярховым сучасным будынку арганізавана работа 10 груп, разлічаных на 190 дзетак. Акрамя таго, новы садок — гэта больш як 60 новых рабочых месцаў. Загадчык установы Алена Падута кажа, што яны ўжо прымаюць выхаванцаў у адаптацыйныя групы:

— З верасня садок будзе ўкамплектаваны цалкам па сістэме электроннай чаргі адміністрацыі. Для паўнавартаснага развіцця дзяцей у садку абсталяваны спартыўная і музычная залы, вялікія холы, летнія гульнявыя пляцоўкі. Упрыгожваюць тэрыторыю яркія машынкі, горкі, арэлі і іншае гульнявое абсталяванне. Ёсць медпункт і пакоі, дзе можна пакінуць дзіцячы транспартны сродак: каляску, самакат ці санкі. Бяспека падтрымліваецца прапускным рэжымам і відэаназіраннем. Паўсюдна ўсталявана каля 50 камер. Для бяспекі дзяцей прадугледжаны таксама адмысловыя замкі на вокнах.

Аднак попыт на месцы ў садках у новым мікрараёне застаецца. Ёсць і спадзяванні на яшчэ адну дашкольную ўстанову ў 104-м мікрараёне. На адкрыцці старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка заўважыў, што з кожным годам сістэма дашкольнай адукацыі Гомеля ўдасканальваецца:

— Сёння яна налічвае 124 установы, у якіх выхоўваюцца 24 тысячы дашкольнікаў. У цэлым па горадзе садкоў хапае, але ў новых мікрараёнах ёсць праблема, пра якую ўлада ведае і вырашае яе. За апошнія шэсць гадоў атрымалася адкрыць з дзясятак садкоў у рэканструяваных ці перапрафіляваных будынках. Абсалютна новыя садкі пабудаваны ў мікрараёнах №№ 19 і 104.

Кіраўніцтву садка № 50 мэр Гомеля ўручыў грашовы сертыфікат на гульнявое і спартыўнае абсталяванне, а намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў — сертыфікат на музычныя прылады, якія будуць спрыяць творчаму развіццю дзетак.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара і пададзенае кіраўніцтвам садка № 100 Гомеля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?