Вы тут

Раён новабудоўлі «Лагуна» ў Брэсце паступова абрастае інфраструктурай


Нядаўна Ірына Нікановіч з сям'ёй пераехала ў новую кватэру і стала адной са шматлікіх навасёлаў брэсцкага раёна з рамантычнай назвай «Лагуна». Гэта неафіцыйнае найменне, але яно адразу замацавалася за новымі кварталамі, якія літаральна на вачах выраслі за папулярным у брастаўчан рынкам з такой назвай. Ну што зробіш, нераўнадушная гаспадыня рынку да марской тэматыкі. З яе лёгкай рукі і нараджаюцца назвы. Магчыма, падобным чынам з'яўляюцца назвы наогул...


Дык вось гэты самы раён забудоўваецца паміж раёнамі горада Усход і Кавалёва. Тут яшчэ зусім нядаўна была пустая, крыху забалочаная зямля з аграмаднымі калоніямі чаек. Птушкі паляцелі на іншыя месцы, а ў «Лагуне» выраслі новыя дамы, тэрыторыю асвойваюць людзі. Дамы паўставалі літаральна на вачах, у будоўлі прымаў удзел кітайскі інвестар. Панэльныя шматпавярховікі выглядаюць не аднолькава шэрымі, як у старэйшых раёнах горада, яны размаляваныя рознымі пейзажамі і арнаментамі. Напрыклад, фасад аднаго ўпрыгожвае слова «зіма», іншага — «вясна», далей — «восень», «лета» з адпаведнай расфарбоўкай. Адным словам, краявіды не сумныя, сюжэт «Іроніі лёсу» тут не падыходзіць. Але Ірына, мама ў дэкрэтным, занепакоеная тым, што месца ў новым садку яе дачушцы, якая пакуль што аглядае мясцовасць з каляскі, можа не хапіць. Крамы паблізу няма, пошта і банк у суседнім (цераз дарогу. — Аўт.) раёне. Кватэру Нікановічы пабудавалі за крэдыт, спадзяваліся на інфраструктуру ў крокавай даступнасці.

Але свякроў Ірыны Наталля Мікалаеўна лічыць, што не ўсё дасягаецца адразу:

— Раней ім самым важным здавалася займець сваю кватэру, а цяпер хочацца ўсяго і адразу. Калі мы з мужам атрымалі ключы ад кватэры ў Кавалёве, недалёка адсюль, тут нічога не было, — працягвае суразмоўніца. — Потым ужо ўзвялі 30-ю школу. Прадукты даводзілася вазіць з цэнтра горада, з работы едзеш з цяжкімі сумкамі. А потым, бачыце, як усё будавалі-адкрывалі. У раёне, абмежаваным некалькімі кварталамі, ёсць дзве школы, чатыры дзіцячыя садкі, два з іх — садкі-школы. Гандаль на ўсе густы: тры рынкі ў межах крокавай даступнасці, крамаў розных — не злічыць, бытавыя паслугі аказваюць ледзь не ў кожным доме, побач пошта, банк, ЖЭС. Вяслярны канал з басейнам — гэта і культурны, і спартыўны цэнтр для ўсяго раёна. Царква свая з'явілася. Транспартныя зносіны вельмі добрыя. Што яшчэ трэба? Цяпер свой раён лічу найлепшым у горадзе. Так і тут, паступова многае будзе. Нельга ж усё зрабіць адным махам, — падсумавала Наталля Нікановіч.

Галоўнае, што побач з новабудоўляй праклалі дарогу, сюды пайшоў транспарт. Праўда, пакуль аўтобусы ходзяць рэдка, але да найбліжэйшага прыпынку ў Кавалёве ад дзесяці да дваццаці мінут хады з розных двароў. Для новага раёна гэта нармальна.

Асобная гаворка пра двары. Яны спраектаваны па-сучаснаму. Прадугледжаны паркоўкі для машын, кругом пракладзеныя дарожкі. Дзіцячыя пляцоўкі прыгожыя, стыльныя, шматфункцыянальныя.

І галоўнае, да здачы рыхтуецца школа-садок. Паводле інфармацыі начальніка аддзела адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатоля НАСКОВА, школа-сад разлічаная на 471 месца, у тым ліку на 150 дашкольных. 1 верасня сюды прыйдуць вучні і выхаванцы.

Іна Ляўчук ордар на кватэру ў сацыяльным доме гэтага раёна атрымала крыху больш за год таму, у маі. У яе двое дзяцей. Яна расказала, што ўласная двухпакаёвая кватэра стала літаральна выратаваннем, бо сям'я аказалася ў складанай жыццёвай сітуацыі. Засяліліся адразу. Дробны рамонт рабілі ў працэсе абжывання. Дзеці атрымалі месца ў школе «праз дарогу», гэта значыць, у абжытым раёне. І яна гэтаму вельмі рада, ва ўсялякім выпадку праблемай не лічыць. Сваім раёнам Іна задаволеная.

Вось толькі, што адразу кідаецца ў вочы, новабудоўлі стаяць нібы ў пустыні. Асабліва гэта прыкметна цяпер, калі трава ў Брэсце выгарала ад спёкі, зялёнай травінкі амаль не знойдзеш. А тут ніводнага дрэва навокал. Ды гэта ўжо павінна стаць клопатам саміх жыльцоў. Можна пачаць з восені, прадоўжыць вясной, выйсці ўсім разам на суботнікі, пасадзіць дрэвы і кустоўе. І праз пару гадоў зялёны шум стане заслонай скразнякам і пясчаным завірухам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Не ўсё адразу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.