Вы тут

Захаваць і прымножыць здабыткі, або Жыць у вёсцы, як у горадзе


Бараўлянскі сельсавет хутчэй нагадвае сабой буйны раённы цэнтр. У васямнаццаці населеных пунктах пражывае амаль 60 тысяч чалавек. За апошнія пяць гадоў колькасць насельніцтва павялічылася больш як на 20 тысяч, а за мінулы год — на 3000.


Бясспрэчна, людзі хочуць жыць, як у горадзе, у камфортных умовах, мець побач і дзіцячыя садкі, і школы, і магазіны, і ўладкаваныя дарогі.

— Апошнім часам, літаральна за тры-чатыры гады, у Бараўлянах шмат зроблена па добраўпарадкаванні, рэканструкцыі асноўных дарог, дваровых тэрыторый, рамонце ўстаноў аховы здароўя, адукацыі з добраўпарадкаваннем іх тэрыторый. Пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 45 шматкватэрных жылых дамоў, — кажа старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Жанна Верабей. — Таму асноўная задача органаў мясцовай улады — разам з жыхарамі захаваць і прымножыць тое, што маем, і накіраваць усе намаганні на рашэнне пытанняў па развіцці перш за ўсё сацыяльнай інфраструктуры, якая адставала ад будаўніцтва жылля. За апошнія тры гады ўзведзены тры дзіцячыя садкі — адзін ў вёсцы Лескаўка і два ў мікрараёне Новая Баравая, што ў вёсцы Копішча, а таксама — сярэдняя школа на 720 месцаў у Лескаўцы. Цяпер будуецца дашкольная дзіцячая ўстанова на 240 месцаў у раёне вуліцы 40 гадоў Перамогі ў Бараўлянах. Папярэдні тэрмін здачы яе ў снежні 2019-га. У планах — вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы сад—сярэдняя школа» за кошт сродкаў горада Мінска ў раёне вуліцы Жамчужнай у вёсцы Бараўляны.

Бараўляны называюць медыцынскім цэнтрам нашай краіны. І гэта сапраўды так. Сюды едуць на абследаванне і лячэнне жыхары не толькі Мінскага раёна і цэнтральнага рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Таму наспела неабходнасць пашырэння медыцынскіх паслуг. Ужо ўведзены ў дзеянне і працуе на поўную магутнасць тэрапеўтычны корпус на 180 ложкаў у Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы з сучасным рэанімацыйным аддзяленнем, аснашчаным па апошніх патрабаваннях. Цяпер праводзяцца праектна-вышукальныя работы па будаўніцтве корпуса на 800 наведванняў у змену ў раённай паліклініцы.

— Хочацца, каб ва ўстановах аховы здароўя працавалі прафесійныя кадры. Але мы разумеем, што для гэтага трэба стварыць умовы і перш за ўсё — для пражывання, — лічыць Жанна Аляксандраўна.

Літаральна нядаўна адкрыты інтэрнат на 116 месцаў для работнікаў дзіцячай абласной клінічнай бальніцы. Узводзяцца тры інтэрнаты ў Лескаўцы больш, чым на 300 кватэр маласямейнага тыпу, прызначаныя для медработнікаў. Ідзе да завяршэння будаўніцтва двух дамоў для супрацоўнікаў дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў кааператыве «Дружны-2011». Нядаўна на базе аднаго з карпусоў былога дома адпачынку каля Астрашыцкага Гарадка пасля рэканструкцыі адкрыўся інтэрнат для работнікаў абласной клінічнай бальніцы. На тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава вядзецца рэканструкцыя харчовага блока, сталовай, тут будуць абсталяваны гасцінічныя нумары для тых, хто суправаджае хворых, што дасць магчымасць ім знаходзіцца побач з роднымі, блізкімі.

Даволі дынамічна развіваецца і такі населены пункт як Копішча, дзе літаральна за некалькі гадоў вырас мікрараён Новая Баравая. Кампанія А-100 у межах інвестыцыйнага дагавора працягвае яго забудову. Да 2030 года тут будзе ўзведзена 830 тысяч квадратных метраў жылля. Паралельна будуюцца аб'екты сацыяльна гарантаванага прызначэння: дзіцячыя садкі, школы, паліклініка. У 2020-м плануецца адкрыць сярэднюю школу на 1020 месцаў.

Сфера гандлю і паслуг толькі ў аграгарадку Лясны і вёсцы Бараўляны прадстаўлена больш чым 100 арганізацыямі рознічнага гандлю і больш як 20 прадпрыемствамі грамадскага харчавання. Іх плошчы пастаянна павялічваюцца за кошт дзейнасці суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. У недалёкай перспектыве пры выездзе з Бараўлян адкрые дзверы шматфункцыянальны гандлёвы комплекс, дзе будзе створана каля 200 рабочых месцаў.

Вядома, у пытаннях добраўпарадкавання населеных пунктаў шмат дапамагаюць старшыні сельвыканкама дэпутаты, іх выбрана пятнаццаць, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, старасты вёсак, старшыні калектываў індывідуальнай забудовы (КІЗ) і раёнаў індывідуальнай забудовы (РІЗ). Яны вядуць работу з грамадзянамі па ўладкаванні дарог з раўнадолевым удзелам людзей і дзяржавы. «А ініцыятыва прыватна-партнёрскіх адносін належыць старшыні Мінскага райвыканкама Івану Крупко, — канстатуе Жанна Верабей. — Жыхары сваімі сіламі падсыпаюць вуліцы пясчана-гравійнай сумессю, вядуць падрыхтоўчыя работы для асфальтавання. А цвёрдае пакрыццё ўкладваецца за кошт бюджэтных сродкаў».

У раёне індывідуальнай забудовы ў Лескаўцы такім чынам заасфальтавана шэсць вуліц, столькі ж з'явіцца і ў вёсцы Дроздава, а таксама тры ў вёсцы Чарцяж.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.