Вы тут

Наколькі падрыхтаваныя для навасёлаў новыя мікрараёны Магілёва


Казіміраўка ў Магілёве — адзін з тых мікрараёнаў, дзе зараз ідзе актыўнае будаўніцтва жылля. Вядомая справа, той інфраструктуры, якая тут існавала раней, ужо не хапае. Летась у мікрараёне быў здадзены дзіцячы садок на 240 месцаў з плавальным басейнам, а сёлета плануецца адкрыццё новай школы — № 46. Адзіная тутэйшая школа № 19 ужо не вытрымлівала тых нагрузак, якія на яе ўскладаліся.


Фота Рамана РУЦКАГА

Патрэбны аб'ект

— Мы спадзяёмся, што ўсе неабходныя работы будуць выкананыя да пачатку навучальнага сезона, — кажа начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Новікава. — Цяпер яны вядуцца ў паскораным рытме, на аб'екце кожны тыдзень праводзяцца планёркі з удзелам мэра горада Уладзіміра Цумарава. Школа разлічана на 1020 вучняў, і на 1 ліпеня да нас паступіла ўжо 500 заяў ад бацькоў будучых школьнікаў. Тут будзе створана безбар'ернае асяроддзе, устаноўлены сучасныя сродкі інфарматызацыі і сістэмы бяспекі з камерамі відэаназірання і электронным прапускным рэжымам. Другім этапам будаўніцтва стане стварэнне басейна.

Усяго ў горадзе функцыянуе 42 школы, дзе вучацца 37 600 дзяцей. Па словах суразмоўніцы, гэтага дастаткова, каб забяспечыць якасны адукацыйны працэс. А калі ў каго і ўзнікае жаданне накіраваць дзіця ў якую-небудзь канкрэтную школу, то пытанне вырашаецца на ўзроўні школы або аддзелаў па адукацыі адміністрацый раёнаў.

Галіна Бяляева, дэпутат Магілёўскага гарсавета і завуч 34-й сярэдняй школы Магілёва, ведае праблему знутры. Яна сама пяць гадоў таму пабудавала жыллё ў новым маладзёжным мікрараёне Спадарожнік — да Казіміраўкі ад яго рукой падаць. Школа і дзіцячы садок у Спадарожніку будаваліся адначасова з жылымі дамамі, а вось крамаў, прызнаецца суразмоўніца, не хапала. Затое цяпер ёсць на любы густ — і «Рублёўскі», і «Еўраопт», і «Парк Авеню».

— Адзінае, чаго тут няма, паліклінікі — і дзіцячая, і дарослая на адлегласці прыкладна пяці прыпынкаў, але побач знаходзіцца абласная бальніца з кансультацыйнай паліклінікай. Калі трэба нешта аператыўна вырашыць, ніякіх праблем, — кажа жанчына. — Наогул, інфраструктура нашага раёна развіваецца вельмі хутка. Адкрываюцца новыя крамы, ёсць цырульня. У школе функцыянуе басейн, у двары — трэнажорная зала, валейбольнае поле, баскетбольная пляцоўка, стол для настольнага тэніса. А навокал прырода — Пячэрскі лесапарк, возера. І паветра больш чыстае, чым у цэнтры горада. Наогул, я тут упершыню пачула, як спяваюць птушкі.

Дэпутаты прагаласавалі за паліклініку

Цяпер актыўнае будаўніцтва вядзецца не толькі ў мікрараёне Казіміраўка, але і на вуліцах Стасава і Грышына.

— Пры наяўнасці фінансавання тут таксама будзе распачата будаўніцтва школы і дзіцячага садка, — кажа галоўны архітэктар Магілёва Уладзімір Скачак. — Наогул, пры распрацоўцы новых мікрараёнаў жылой забудовы заўсёды разлічваецца патрэба ў дзіцячых дашкольных і школьных вучэбных установах.

Стварэнне камфортных умоў для пражывання гараджан — клопат у тым ліку і дэпутатаў.

— Такога, каб да нас паступалі пісьмовыя запыты аб садзейнічанні з уладкаваннем у дзіцячы садок або школу, не было, — кажа старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Максім Гурын. — Такія пытанні ў Магілёве здымаюцца ў рабочым парадку. Гэтым ушчыльную займаюцца аддзелы адукацыі раённых адміністрацый. Мы ж, са свайго боку, заўсёды гатовы дапамагчы разабрацца.

А нядаўна дэпутаты падтрымалі рашэнне распачаць сёлета, у адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай, будаўніцтва новай паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка. Праект ужо ёсць, крыніцы фінансавання вызначаны.

Кітайскія дамы пад беларускія стандарты

Удзел у будаўніцтве жылля ў Магілёве прымаюць і кітайскія партнёры. Першы дом з дапамогай кітайскага капіталу быў здадзены пазалетась у тым жа раёне Казіміраўка. Двухпад'езны шматпавярховік на 120 кватэр пабудаваны ў рамках аказання тэхніка-эканамічнай дапамогі КНР малазабяспечаным сем'ям. Аналагічныя дамы ўзведзены ў Бабруйску і Асіповічах.

Яшчэ восем прыватных кітайскіх домікаў сядзібнага тыпу хутка з'явяцца на ўскрайку горада ў раёне былой вёскі Гарадшчына.

— Гэтыя канструкцыі былі для нас новыя. Давялося адаптаваць кітайскія эскізныя праекты пад нашы беларускія параметры і тэхнічныя ўмовы, — кажа Андрэй Маскалёў, дырэктар прадпрыемства «Упраўленне капітальным будаўніцтвам горада Магілёва». — Інжынерныя сеткі і добраўпарадкаванне робяцца за наш кошт, а вось мантаж і ўнутранае ўстройванне фінансуе кітайскі бок.

Сёлета гарадскі УКБ плануе пабудаваць у Магілёве 100 тысяч квадратных метраў жылля са 170 тысяч запланаваных. Забудова будзе весціся ва ўжо існуючых жылых мікрараёнах. Таму ў планах сацыяльных аб'ектаў няма. Што датычыцца дамоў, то яны будуць здавацца як і трэба — з дзіцячымі пляцоўкамі і малымі архітэктурнымі формамі.

Вясковая школа са SТЕМ-ухілам

У першую чаргу новыя дзіцячыя садкі і школы будуюцца там, дзе жыццё віруе і ўзводзяцца жылыя дамы. Сёлета, напрыклад, распачалі будаўніцтва дзіцячага садка на 40 месцаў у аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна і рэканструкцыю з мадэрнізацыяй, якая прадугледжвае прыбудову на 50 месцаў, ясляў-сада ў аграгарадку Васход Магілёўскага раёна. Акрамя гэтага распрацавана і зацверджана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва дзіцячага садка на 240 месцаў з басейнам у мікрараёне № 7 Бабруйска.

— У вобласці сёння функцыянуе 345 устаноў адукацыі, дзе вучацца 109 867 чалавек, — кажа першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Сыранкоў. — Для захавання школ у сельскай мясцовасці мы праводзім іх рэарганізацыю і ствараем вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад — сярэдняя школа». Але колькасць сельскага насельніцтва, на жаль, не павялічваецца, таму ў некаторых выпадках даводзіцца і закрываць школы. Дзеці з тых вёсак, дзе ўтрымліваць школу немэтазгодна, пераводзяцца ў навучальныя ўстановы з сучаснымі ўмовамі адукацыі. Для арганізацыі падвозу больш чым 8 тысяч дзяцей да месца вучобы і назад у вобласці выкарыстоўваецца 225 школьных аўтобусаў. І сёлета плануецца набыць яшчэ 32 аўтобусы, восем з якіх — для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сёння стаўка робіцца на школы будучага, дзе і напаўненне, і адукацыя вядуцца па сусветных стандартах. У аграгарадку Вяззе Асіповіцкага раёна, напрыклад, за кошт сродкаў Сусветнага банка школа мадэрнізуецца пад SТЕМ-фармат. Гэта так званая інавацыйная пляцоўка, дзе будуць выхоўвацца грамадзяне новага пакалення, з перадавымі поглядамі і мысленнем. Наогул па праекце «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» у вобласці плануецца абнавіць 33 школы. Гэтым праектам прадугледжаны не толькі капітальны рамонт навучальных устаноў, але і стварэнне ўмоў для высокатэхналагічнага адукацыйнага працэсу. І гэта ў першую чаргу датычыцца тых школ, куды ажыццяўляецца падвоз дзяцей з неперспектыўных вёсачак.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?