Вы тут

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»


Мястэчка Мір. 1812 год. Аб'яднаныя палкі вялікай напалеонаўскай арміі, пераследуючы ар'ергард расійскіх войскаў, намагаюцца захапіць замак і зламаць супраціўленне казакаў Платава... Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. Па вуліцах ізноў зашпацыравалі дамы з сабачкамі і загрымела падковамі кавалерыя, замітусіліся ў вайсковым лагеры маркітанткі і выстраіліся на агляд начальства палкі пяхоты, гусараў ды шэвалежэраў...


Змаганне ў яблыневым садзе

Мастацкая фланкіроўка (валоданне шашкай), «гульні са зброяй» — разборка-зборка макетаў аўтаматаў — і дэманстрацыя ваеннай экіпіроўкі... Такія забаўкі прапаноўвалі гледачам у першы дзень фестывалю ўдзельнікі ВПЦ «Казацкі Спас» і Праваслаўнага брацтва Праабражэння Гасподняга Нясвіжскага благачыння. На іх тэматычных пляцоўках адразу пасля абеду і пачалося мерапрыемства.

Неўзабаве разгарэлася і бойка ў яблыневым садзе непадалёк ад Мірскага замка. Гістарычна гэтай падзеі не было, а баталіі праходзілі на гарадской вуліцы і па-за межамі мястэчка. Аднак дзеля стварэння відовішча для гледачоў рэканструктары здзейснілі імітацыю захопу замка. Напалеонаўскія войскі рушылі на цытадэль, і мірнае насельніцтва пачало хавацца за сценамі. Расійская кавалерыя мужна адбівала прыступ, з флангаў яе падтрымлівалі гарматы, а апошні рубеж абароны знаходзіўся на вале перад цытадэллю.

У пачатку XІX стагоддзя на замкі ўжо не нападалі з мэтай менавіта захопу. Цытадэлі разглядаліся хутчэй як стратэгічная крыніца вады і харчавання, што знаходзіліся ўнутры, аднак каб здабыць гэта, дастаткова было «аблажыць» тых, хто быў унутры, і ўзяць зморам.

— Мы маем на мэце азнаёміць гледачоў з тым, як магло ўсё адбывацца ў той час, і пастарацца пагрузіць гасцей у гісторыю падзей 1812-га, звязаных з напалеонаўскімі войнамі і імператарам Аляксандрам, расказаць, якім чынам Мір звязаны з гэтым, — кажа Ігар ГРУЦО, фельдфебель Мінскага пяхотнага палка, галоўны каментатар рэканструкцыі. — Сёлета мы пастараліся, хай і апасродкавана, далучыць замак да асноўных падзей фестывалю.

Напад на замак доўжыўся з паўгадзіны. Захапіць цытадэль не ўдалося, і напалеонаўскія войскі адступілі да наступнага дня. Арганізатары падарылі гледачам прыемныя ўражанні. Тым больш што перад змаганнем усім прысутным расказалі пра гісторыю стварэння замка.

Маркітанткі і вівандзьеркі

Пасля галоўнай падзеі першага дня рэканструктары і госці свята рушылі хто на шпацыр да возера каля замка ці гарадскую плошчу, а хто і несці службу: гатаваць вячэру і наводзіць утульнасць у палявых умовах палатачнага стану воінаў.

Гэтымі справамі, у прыватнасці, займаліся маркітанткі.

— Рускай арміі выдаваўся сухі паёк, а вайскоўцы Напалеона атрымлівалі грошы, на якія і набывалі ежу ў харчэўнях. Калі яны прыйшлі ў Расію, іх, вядома, ніхто карміць не захацеў. Таму Напалеон выдаў указ аб выдачы патэнтаў гандляркам, якія будуць прывозіць ежу, піццё і абмундзіраванне для абслугоўвання яго арміі. Гэта былі ўжо не маладыя дзяўчаты, а жанчыны, якія мелі сродкі, каб набыць патрэбнае, — расказалі маркітанткі першага карабінерскага палка вялікай арміі Напалеона, якія завіхаліся каля кастра. — У арміі існавалі цэлыя швейныя і харчовыя абозы, былі і вівандзьеркі, якія выносілі на поле бою бочачкі з віном.

На вячэру воінам смажыліся куры і варыліся катлы бульбы — усё каб падмацавацца перад бітвай пад Мірам, рэканструкцыя якой адбылася на наступны дзень.

А тыя, у каго засталіся сілы, надвячоркам пацягнуліся ў дворык Мірскага замка, дзе калектыў казацкай песні і танца «Маме падабаецца» зладзіў канцэрт з запалам, шаблямі ды акрабатычнымі каленцамі.

Справа казакаў Платава

Пад такой назвай у гісторыі вядома бітва, якая адбылася пад Мірам у далёкім 1812-м і якую рэканструявалі на другі дзень фестывалю. Перад гэтым пяхота і кавалерыя прайшлі парадам ад Мірскага замка да гарадской плошчы і вярнуліся ў поле, дзе і адбылося галоўнае дзеянне. Нягледзячы на дождж, які то крыху пераціхаў, то прыпускаў так, што і з коней, і з воінаў, і з гледачоў ліліся ручаі, на ахвотных паўдзельнічаць у баі і паглядзець на яго недахопу не было.

Узброіўшыся парасонамі, госці і суправаджальнікі воінаў — абслуга і дваране — мясілі гразь разам з войскамі, каб трапіць на відовішча. Праўда, некаторыя з-за дажджу проста не змаглі надзець свае строі. Звычайна рэканструктары робяць іх самі за ўласныя грошы. Прычым экіпіравацца стараюцца максімальна набліжана да гістарычнай рэальнасці, а гэта толькі натуральныя тканіны і высокі кошт. У выпадку Веры і Паўла з Масквы, якія на фестывалі прадстаўлялі дваранства пачатку XІX стагоддзя, на камзол кавалера з шоўку і шаўковага аксаміту нават пырскі не павінны трапіць, інакш строй сапсуецца.

— У першы дзень на камзол упала некалькі кропель, і мы ўжо спужаліся, што спатрэбіцца хімчыстка, а тут такі лівень. Строй можна было б адразу выкінуць, — кажа Вера. — Некалі такія рэчы не мылі, а насілі, пакуль яны не пачыналі страчваць выгляд, пасля чаго дарылі слугам. Гэтаму камзолу ўжо больш за дзесяць гадоў, і нават тады ён каштаваў каля 10 тысяч расійскімі (на нашы грошы цяпер гэта больш як 300 рублёў. — Аўт.). Увогуле, мужчынскі строй звычайна больш дарагі, чым убор дам, бо яго даводзілася падганяць дакладна па фігуры, а жанчынам прасцей было ўціснуцца ў сукенку, надзеўшы карсет. Воінская ж амуніцыя абыходзіцца яшчэ даражэй.

Дарэчы, большасць клубаў, якія займаюцца эпохай напалеонаўскіх войнаў, любяць рэканструяваць менавіта французаў і польскія легіёны, нягледзячы на кошт убрання.

— Пэўна, за цікавейшую эстэтыку ў іх амуніцыі, — мяркуе Вадзім КАРПОВІЧ з 19-га ўланскага навагрудскага палка Вялікага Княства Літоўскага французскай арміі. — Аднак кавалерыя рускай імператарскай арміі за два апошнія гады вельмі вырасла, і суаднясенне сіл французаў і расіян унутры краіны і на полі бою выраўнялася.

На полі арганізатары сёлета ўзвялі макет гарадзішча, якое напалеонаўскія войскі пастараліся захапіць. Ад дажджу зброя страляла не так часта, як было запланавана, аднак гэта з лішкам кампенсавалася: паветра страсалася не толькі ад гарматных залпаў, але і ад сапраўдных выбухаў бомбаў ад закладзенай на месцы сечы піратэхнікі. Дым сцяліўся па ўсім полі, так што часам не было відаць, дзе і хто сядзіць у засадзе і хто на каго нясецца ў сечы. І ўсё гэта пад несупынным дажджом.

Каштоўнасць самой бітвы ў тым, што больш за 200 гадоў таму менавіта тут імператарская расійская армія, якая адступала пад націскам ворага, паверыла, што і напалеонаўскія войскі можна біць, бо той раз французскія сюзерэны прайгралі, войскі атамана Платава, якому на той момант было ўжо 59 гадоў, выйшлі з акружэння, а войскі Баграціёна атрымалі перадышку.

Венцер і каруселька

У пачатку бою на правым флангу размясціліся расійская артылерыя і гусары. На левым флангу паказаліся французскія кавалерысты. На полі былі заўважаны нават святары. Гістарычна вядома, што хоць яны не змагаліся са зброяй у руках, аднак часам станавіліся перад войскам з крыжам і натхнялі на бой. Казакі адправіліся на разведку, каб даведацца, што адбываецца на подступах да Міра.

— Платаў атрымаў перамогу дзякуючы таму, што выкарыстаў прыём, які быў распаўсюджаны ў качавых народаў і называўся венцер. Гэта прыстасаванне для лоўлі рыбы — конусападобная кашолка, сплеценая з вярбы, куды рыба можа заплыць, аднак выплыць адтуль ужо не, — каментаваў бітву пад Мірам Ігар Груцо. — Такі ж план вырашыў рэалізаваць на практыцы атаман. Частка войскаў схавалася паабапал дарогі на вёску Пясочная, а сам Платаў адступіў яшчэ далей. Дывізіённы генерал напалеонаўскай арміі Аляксандр Ражнецкі паверыў, што казакі адступаюць, і пачаў пераследаванне. Як толькі яго войскі ўцягнуліся ў венцер, казакі з засады абрынуліся на яго кавалерыю з фланга і тылу.

Тым часам высланыя на разведку казакі сутыкнуліся з уланамі, якія ехалі ім насустрач, і пачалася першая сутычка. Затым кавалерыя саступіла месца для бойкі лёгкай кавалерыі Напалеона супраць гусараў рускай арміі. Усё гэта суправаджалася стрэламі гармат.

Французы выпусцілі лёгкую пяхоту, якая дзейнічала рассыпным строем па два чалавекі ў пары. Наперарэз ім высунуліся рускія егеры. Варожыя бакі перастрэльваліся праз балота...

— Самы страшны артылерыйскі агонь супраць пяхоты — карцеччу, да 20 чыгунных шароў дыяметрам да двух сантыметраў, — працягвае расказ фельдфебель. — А ўзімку, калі зямля замярзае, самае страшнае — ядры, бо яны адбіваюцца рыкашэтам ад зямлі і скачуць, як плоскія каменьчыкі па вадзе, збіваючы праціўніка.

У сумятні бою французы набліжаюцца да вёскі-гарадзішча, якую рускія войскі перастаюць кантраляваць, бо ўцягнуліся ў бойку. Польскія ўланы пайшлі ў атаку каруселькай (гэта калі кавалерыя абступала пехацінцаў і кружыла вакол іх) — на карэ рускіх пехацінцаў, якія спіна да спіны абараняюцца, выставіўшы наперад зброю са штыкамі...

Далей войскі ўжо проста раз'юшыліся, і сутычкі ды страляніна з выбухамі сталі амаль несупынныя. Як і кожны раз, рэканструктарам спатрэбіўся яшчэ нейкі час, каб усвядоміць, што бітва скончылася і час разыходзіцца да наступнага года.

Тыя, каму не хапіла адрэналіну, адправіліся на «Мірскія Шэрміцыі-2019» — ІІ Міжнародныя спаборніцтвы па валоданні шашкай, каб паглядзець, як адным махам шаблі рассякаюцца пластыкавыя бутэлькі з вадой.

У фестывалі сёлета ўдзельнічаў 21 ваенна-гістарычны клуб з Расіі і Беларусі. Прыгожую гістарычную карцінку стваралі 340 рэканструктараў і каля сотні коней.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.