Вы тут

У Бабруйску праходзіць XVІ Міжнародны пленэр па кераміцы «Арт-Жыжаль»


Яркі самабытны форум, які па традыцыі праводзіцца ў маляўнічым куточку непадалёк ад Бярэзіны на базе адпачынку «Вербкі», набірае абароты.


Першыя некалькі дзён настрой крыху сапсавалі дажджы, бо фармаваць гліну ў такіх умовах, самі разумееце, сапраўдная пакута, але надвор'е пачынае наладжвацца. Учора, напрыклад, з раніцы ўсміхалася сонейка, і гэта вельмі парадавала ўдзельнікаў.

Пад кіраўніцтвам таленавітага беларускага мастака-кераміста, аўтара ідэі і галоўнага натхняльніка пленэру Валерыя Калтыгіна, лічы, у прыродных умовах, працуюць удзельнікі з васьмі краін свету. Упершыню ў гэтым дзействе (працягласцю ў тры тыдні) бяруць удзел прадстаўніца з Бразіліі — прафесар федэральнага інстытута адукацыі, навукі і тэхнікі Рыу-Гранды-ду-Сул і мастак-кераміст з Егіпта, які прадстаўляе тамтэйшы сіндыкат дызайнераў прыкладнога мастацтва.

— Склад удзельнікаў вельмі цікавы, і мы спадзяёмся, што гэта ўнясе нешта новае ў наш пленэр, — кажа дырэктар Бабруйскага гарадскога мастацкага музея Святлана Прывалава. — Форум праходзіць пад дэвізам «Ад традыцый да сучаснасці праз вопыт майстэрства». Гэта значыць, што тэхналогіі выкарыстоўваюцца традыцыйныя, але майстры вырабляюць не нейкія там утылітарныя прадметы быту, а мастацкую кераміку.

Удзельнікі працуюць на свежым паветры і ўсё неабходнае ствараюць для работы самі. У тым ліку і печы для абпалу сваіх работ.

— На сённяшні дзень у нас тры печкі, адну з іх будуем для работы пры больш высокіх тэмпературах. Збіраемся ўпершыню апрабаваць тэхналогію салянога абпалу, — удакладняе Валерый Калтыгін.

Фармоўка вырабаў вядзецца з шамотавай масы, якую прывезлі з Украіны. Лепіцца яна, кажуць, цудоўна, але керамісты крыху насцярожаныя, бо не ведаюць, якіх сюрпрызаў чакаць ад яе пры абпале.

Тэма пленэру «Мастацтва як свет самавыяўлення» развязвае кожнаму ўдзельніку рукі і дае магчымасць укласці ў работу ўсё сваё майстэрства. Традыцыйна пройдуць вечары нацыянальных культур, калі кожны ўдзельнік прэзентуе сваю творчасць і расказвае пра традыцыі ў кераміцы сваёй краіны. Адзін з дзён будзе прысвечаны майстар-класу для дзяцей з асаблівасцямі. Разам з Наталляй Калтыгінай на «базу» прыедуць яе выхаванцы, з якімі яна працуе ў Цэнтры дадатковага выхавання ў Бабруйску, і іх бацькі. У пленэры таксама бяруць удзел студэнты, мастакі-пачаткоўцы, для якіх «Арт-Жыжаль» не проста творчы працэс, але яшчэ і карысная вучоба, цесныя стасункі з настаўнікам.

— Наш пленэр ведаюць ва ўсім свеце, менавіта «Арт-Жыжаль» даў штуршок такому кірунку, як абвара, — кажа Валерый Калтыгін. — Вырабы пры гэтым ствараюцца вельмі прыгожыя, з мудрагелістымі разводамі. Цяпер абвара набыла шырокую папулярнасць ва ўсім свеце. Наш фестываль наогул актывізаваў дзейнасць керамістаў. Бо гэта справа калектыўная. Разам лепім, разам абпальваем. Адзін калектыў — адна душа.

Дэманстрацыйны абпал агнявой скульптуры — шоу, на якое збіраюцца ўсе ахвотныя спазнаць невымоўныя адчуванні, бо ўсё адбываецца ў цёмны час сутак і заварожвае фарбамі агню, — адбудзецца ў адзін з апошніх дзён пленэру. Тут, як той казаў, усё залежыць ад надвор'я. Валерый Калтыгін прыадкрыў крыху таямніцу і паведаміў, што гэтай скульптурай будзе... паходная буржуйка. Але такой вы яшчэ дакладна нідзе не бачылі і не ўбачыце, пакуль не пабываеце на выніковай выстаўцы пленэру «Мастацтва жывога агню». Яна адкрыецца 6 жніўня ў Бабруйскім мастацкім музеі. Крыху пазней яе ўбачаць жыхары Магілёва і Мінска. А на памяць аб пленэры Бабруйску застануцца ўнікальныя скульптуры. Па ўмовах гэтага маштабнага мерапрыемства кожны мастак павінен будзе перадаць найлепшую сваю работу ў фонд мастацкага музея. І яшчэ адну падарыць гораду — яе размесцяць у якім-небудзь сацыяльна-культурным інтэр'еры, каб яна нагадвала ўсім, што Бабруйск менавіта той горад, дзе жыве дух агню.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Свята жывога агню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».