Вы тут

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны


Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. А вось мае сябры моцнага полу пераважна п'юць лекі на рабоце, цішком хварэюць або возьмуць адгул на 1-2 дні, але да ўрачоў не звяртаюцца. Не, не таму, што яны дактарам не давяраюць, проста мужчынам нягожа хварэць, ды і наогул грошай на гэтым не заробіш. Вось так думаюць мае таварышы.


Сур'ёзная паперка

Бальнічны ліст — дакумент, які пацвярджае часовую непрацаздольнасць работніка. Такая пранумараваная, строгай справаздачнасці і захоўвання паперка дае права на аплату часу хваробы. Такім чынам, бальнічны ліст даюць грамадзянам, якія працуюць пры часовай непрацаздольнасці. Тым, хто не можа працаваць пастаянна, прызначаюць групу інваліднасці.

З гэтага ідуць першыя ўказанні, каму варта звяртацца па бальнічны, а каму яго ўсё роўна не дадуць. Напрыклад, прыйшоў хлопец Пеця з пахмелля да доктара і паскардзіўся на боль у галаве. А аналізы паказалі, што ў яго алкаголь у крыві.

Аднак заканадаўства на гэты конт значна складанейшае: бальнічны выдаюць толькі тым, хто працуе афіцыйна і з чыйго заробку плацяць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Тут трэба адзначыць адзін прынцыповы момант, бо па бальнічным лісце выплачваюцца не сродкі прадпрыемства, а грошы Фонду сацыяльнай абароны.

І яшчэ. Паперу аб часовай непрацаздольнасці можна атрымаць не толькі ў выпадку ўласнай хваробы, але таксама па хваробе дзіцяці і для догляду за інвалідам І групы.

Каму гэты дакумент не дадуць?

Бальнічны ліст не дадуць беспрацоўнаму, за выключэннем перыяду ўдзелу ў грамадска карысных працах. Такі дакумент на дзіця могуць не даць нават маці, якая працуе, калі дома знаходзіцца здаровы і непрацуючы тата.

Ёсць яшчэ адзін варыянт — бальнічны могуць даць у медустанове, але не аплаціць на рабоце. Як паказана вышэй, сродкі для аплаты бальнічнага бяруць з ФСАН. Але калі за работніка яшчэ не плацілі ў фонд, то і аплачваць бальнічны ліст няма чым. Аднак гэта не ўсеагульнае правіла: ёсць катэгорыі, напрыклад маладыя спецыялісты, якім могуць аплачваць бальнічныя з першага дня.

Колькі можна «зарабіць» на бальнічным лісце?

Бальнічны выдаюць у паліклініках і іншых медыцынскіх установах — цяпер не толькі ў дзяржаўных, але і ў некаторых прыватных медыцынскіх цэнтрах. Для выдачы бальнічнага ліста патрэбен пашпарт хворага або дакумент, які яго замяняе.

А цяпер самае цікавае. Прынцыпы платы па такіх паперах таксама маюць свае асаблівасці. Поўны стапрацэнтны нарматыў зарплаты па бальнічным аплацяць пры хваробе дзяцей і пачынаючы з 13-га дня ўласнай хваробы работніка. Як так? А калі я з вялікай тэмпературай праваляўся ўсяго тыдзень-паўтара? Выбачайце, атрымаеце 80 % ад вашага сярэдняга заробку. Але і гэта яшчэ не ўсё.

За парушэнне прызначанага ўрачом рэжыму бальнічны могуць аплаціць у памеры 50 %. А калі хвароба ўзнікла на фоне алкаголю або наркотыкаў, то першыя шэсць дзён хваробы не аплацяць зусім, а затым пойдзе палавінная аплата. Так што лячыць прастуду алкаголем катэгарычна не рэкамендуецца.

Дарэчы, не могуць разлічваць на аплату хваробы тыя работнікі, якія знаходзяцца ў адпачынку за свой кошт або па вучобе. Не аплацяць бальнічны і тым, хто не закрыў яго ва ўстаноўленым парадку.

Хварэем па законе, і каму гэта нявыгадна?

Галоўным матывам паводзін хворага, вядома, павінен быць клопат пра здароўе. Усіх без выключэння непакоіць, калі на працу амаль «прыпаўзае» інфекцыйны хворы ўвесь у «чыхах». Але ўсё-такі бываюць сітуацыі, калі хвароба не асабліва перашкаджае працы, калі ёсць магчымасць узяць аплатны выхадны або, каб не пакінуць аднаго захварэлае дзіця, «выпісаць» на некалькі дзён бабулю ці цётку.

Ёсць тры моманты, калі бальнічны браць выгадна. Калі няма паблізу бабулі, адзін з бацькоў, у каго захварэла дзіця, смела не ідзе на працу і атрымлівае ўсе грошы па зарплаце. У паліклініку абавязкова трэба схадзіць таму, хто захварэў падчас аплатнага працоўнага водпуску. На бальнічны абавязкова варта ісці ўсім сур'ёзна захварэлым. Паўнавартасна працаваць яны ўсё роўна не змогуць.

Няма сэнсу звяртацца па бальнічны тым, хто працуе неафіцыйна, хто не мае пашпарту або пасведчання асобы, і тым, хто «хварэе» на... ляноту. Калі чалавек нядаўна ўладкаваўся і яшчэ не атрымліваў зарплату (не было выплат у ФСАН), бальнічны яму дадуць, але могуць не аплаціць: не будзе базы для налічэння платы. Калі хвароба не ўяўляецца сур'ёзнай і працяглай, то можа быць выгадна не праводзіць некалькі дзён дома з частковай аплатай стаўкі, а перанесці выхадныя, узяць некалькі дзён у кошт адпачынку. Калі, вядома, ёсць такая магчымасць.

Нявыгадна хварэць, калі працуеш у сярэдняга і дробнага прыватніка. І вось чаму. Мой добры знаёмы (яму каля 50 гадоў) уладкаваўся прадаўцом электронікі ў адну прыватную фірму. Заробак — 700 долараў па курсе. Не так даўно здарыўся з ім няшчасны выпадак: раскалоў ключыцу. У паліклініцы, куды ён звярнуўся, яму наклалі на плячо бандаж і прапанавалі бальнічны на два тыдні. Але знаёмы адмовіўся. Ён адляжаўся тры дні за свой кошт, а потым пайшоў на работу. Гэта добра, што пашкодзіў ён левую ключыцу, а яна працаваць амаль не замінала. На фірме ніхто не даведаўся, што ён нездаровы. І гэта норма, а не выключэнне. На такіх прадпрыемствах хворых работнікаў не шкадуюць, яны тут проста не затрымліваюцца. Без тлумачэння прычын, па кантракце...

Сяргей КУРКАЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Быць здаровым або здавацца ім

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.