Вы тут

Па якіх правілах павінна быць абсталявана дзіцячая пляцоўка


Па якіх правілах павінна быць абсталявана дзіцячая пляцоўка і як зберагчы сваё дзіця ад траўматызму на ёй

Днямі ў Іўі двухгадовы хлопчык у двары жылога сектара атрымаў сур'ёзную траўму. Малы сунуў палец у трэнажор, на якім у гэты час займалася іншае дзіця. Пацярпелага аператыўна перавялі ў бальніцу ў Гродна для аказання спецыялізаванай дапамогі, але ў выніку ён застаўся без пальца на правай руцэ. Следчы камітэт праводзіць праверку па факце здарэння, следчыя ўжо высветлілі, што пляцоўка была абсталявана належным чынам. Дзіця атрымала траўму з прычыны асабістай неасцярожнасці, а таксама адсутнасці дзейснага кантролю з боку маці.


Гэты выпадак, на жаль, не адзінкавы — па статыстыцы, праблема дзіцячага траўматызму актуальная і займае ў структуры першаснага захворвання другое месца. Сярод усіх траўмаў, якія атрымліваюць дзеці, больш за 80 % — гэта бытавыя і вулічныя, а траўматызм у дзіцячым узросце не рэдка становіцца прычынай інваліднасці, адзначыла ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў ДУ «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Ірына ПАЗНЯК. Калі казаць пра прычыны траўматызму, то сярод іх 30—35 % — гэта ўдары, 20—22 % — падзенні, 18—20 % — пашкоджанні вострымі прадметамі. «Штогод мы канстатуем, што па паказчыку, як траўматызму на 100 тысяч дзяцей прыходзіцца ад 8 да 10 тысяч выпадкаў», — паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наступстваў траўмаў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозга ДУ «РНПЦ траўматалогіі і артапедыі», галоўны пазаштатны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый ЦЕСАКОЎ.

Дзе нас чакае небяспека...

Часцей за ўсё дзіцячы траўматызм здараецца ў выніку недастатковага кантролю за дзецьмі з боку бацькоў і недастатковай асветніцкай работы з дзецьмі і бацькамі на тэму таго, якія небяспекі могуць прадстаўляць гульнявыя пляцоўкі і спартыўныя комплексы, лічыць Ірына Пазняк. «Таму адна з задач дзяржаўных органаў і органаў дзяржаўнага санітарнага нагляду — гэта ўвядзенне новых стандартаў бяспекі для асноўных прадметаў спажывання, у тым ліку дзіцячых гульнявых пляцовак, і адаптацыі навакольнага асяроддзя пад патрэбы дзяцей», — сказала яна.

Па статыстыцы, найбольш небяспечнымі для дзяцей з'яўляюцца арэлі. Напрыклад, па патрабаванні ДАСТ і СТБ на дзіцячых гульнявых пляцоўках не дазваляецца ўстаноўка арэляў з жорсткімі элементамі падвесу. Але такія арэлі мы і сёння можам часта ўбачыць у дварах — іх усталявалі раней, калі такіх правіл яшчэ не было, але арэлі засталіся. На другім месцы па небяспецы — каруселі: перш чым дазваляць дзіцяці катацца на іх, спецыялісты раюць бацькам агледзець элементы, якія верцяцца і могуць зашчаміць руку ці іншую частку цела. Калі на падобных каруселях ёсць нейкія выступаючыя часткі, вострыя краі, то, вядома, трэба выключыць знаходжанне дзіцяці на гэтай пляцоўцы. На трэцім месцы па небяспецы — горкі, часцей за ўсё яны металічныя, таму не рэкамендуецца дазваляць дзецям катацца на іх у спякоту. Перш чым дапусціць туды дзіця, варта пераканацца, ці мае горка агароджу або борцік.

Пры выбары дзіцячай пляцоўкі спецыялісты раяць аддаваць перавагу тым, якія абсталяваны бяспечным гумовым пакрыццём, якое магло б змякчыць удар пры падзенні. Дарэчы, такое пакрыццё сцелецца ў большасці двароў новабудоўляў і на пляцоўках устаноў адукацыі, а вось дваровыя тэрыторыі «старых» дамоў звычайна маюць травяное, земляное або наогул асфальтавае пакрыццё.

Важна, ці ўмее дзіця правільна карыстацца фізкультурным або гульнявым трансформерам у летніках, у двары дома ды іншых месцах. «У РНПЦ мы прымаем усю траўму пазваночніка па рэспубліцы і кантралюем яе — магу адзначыць, што ў летні перыяд элементарнае падзенне на ягадзіцы прыводзіць да таго, што дзеці ламаюць хвасцец, крыжовыя аддзелы і гэтак далей. Не таму, што вінаваты трэнажор або гульнявое абсталяванне, а таму, што гэта было нечакана, цела паслаблена. Неабходна вучыць дзіця правільна імі карыстацца. Дзіцячы арганізм расце, і тое, што ён патрабуе пастаяннага руху — нармальна, усё ўпіраецца ў тое, ці ўмее дзіця правільна ўпасці, згрупавацца нават пры нечаканасці, ці ўмеюць гэта рабіць бацькі, школьны настаўнік, каб паказаць дзіцяці», — расказвае Дзмітрый Цесакоў. Таксама ён адзначыў, што важна паставіцца да траўмы сур'ёзна, таму што часам пацярпелага прывозяць не экстранна, а праз дзень, два, тры, лічачы, што траўма нявартая ўвагі. «Удар дзіця можа перажыць без праблем, а можа і атрымаць сур'ёзнае пашкоджанне. Калі яго своечасова не дыягнаставаць, то могуць быць сур'ёзныя наступствы», — падкрэсліў доктар.

...І хто адказвае за бяспеку

На цяперашні момант (да 1 чэрвеня 2020 года) дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі абсталяваныя ў адпаведнасці з нацыянальнымі стандартамі бяспекі. У кожнага аб'екта на дзіцячай пляцоўцы (арэлі, перакладзіна, каруселі) павінны быць пашпарт на абсталяванне і пацвярджэнне адпаведнасці абсталявання патрабаванням бяспекі.

На абслугоўванні ў камунальных прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска сёння знаходзіцца 4072 дзіцячых і спартыўных пляцовак, на якіх устаноўлена 27 тысяч адзінак дзіцячага і спартыўнага абсталявання. Намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Аляксей ГЕРАСІМЧЫК расказаў, што прадугледжаны розныя віды кантролю спраўнасці і бяспекі дзіцячых і спартыўных пляцовак. «Па-першае, гэта штодзённы візуальны кантроль з мэтай вызначэння бачных крыніц небяспекі. Па-другое, кантроль функцыянавання, які праводзіцца адзін раз на квартал, з мэтай праверкі трываласці і ўстойлівасці абсталявання. Калі здараюцца нейкія надзвычайныя сітуацыі, то, вядома, праходзіць пазапланавы кантроль. У кожнага дзіцячага гульнявога абсталявання ёсць тэхнічны пашпарт, які выдаецца прадпрыемствам-вытворцам, у ім выразна паказана, як павінна фіксавацца і ўсталёўвацца гэта абсталяванне. Вялікія спартыўныя і гульнявыя дзіцячыя комплексы ўсталёўваюцца на дваровых тэрыторыях толькі адпаведна з праектна-каштарыснай дакументацыяй», — растлумачыў Аляксей Анатолевіч.

Ён адзначыў, што кожны год горад займаецца капітальным рамонтам дзіцячых і спартыўных пляцовак. Напрыклад, у 2018-м у Мінску па праграме капітальнага рамонту дваровых тэрыторый было адрамантавана 10 аб'ектаў, у тым ліку там усталёўвалася спартыўнае абсталяванне. Сёлета ў планах адрамантаваць яшчэ 19 спартыўных і дзіцячых пляцовак. «Варта адзначыць, што і ў мінулым і ў гэтым годзе на ўсіх пляцоўках, якія трапілі пад капітальны рамонт, пабудавалі агароджу для бяспекі дзяцей, — падкрэсліў Аляксей Герасімчук. — Але галоўнае правіла бяспекі — гэта ўсё ж такі нагляд дарослых. Таксама важна правільна эксплуатаваць абсталяванне, таму што часта знос і паломкі звязаныя, напрыклад, з тым, што на дзіцячых спартыўных канструкцыях чамусьці аказваюцца дарослыя, на якіх па вазе гэтыя канструкцыі не разлічаны. Сёлета толькі за чэрвень было выяўлена 102 адзінкі абсталявання, якія падлягалі бягучаму рамонту. Калі абсталяванне прызнана непрыдатным для далейшай эксплуатацыі, яно неадкладна дэмантуецца і замяняецца на такое ж новае».

Што датычыцца дзіцячых пляцовак на тэрыторыях устаноў адукацыі, то да 15 жніўня ўсе яны павінны быць правераны спецыялістамі на бяспеку і гатоўнасць прыняць дзяцей у новым навучальным годзе. Акрамя таго, у садках і школах правяраюцца яшчэ і пясочніцы. «З красавіка да кастрычніка існуе план лабараторных даследаванняў, мы правяраем пясочніцы на наяўнасць гельмінтаў, — расказвае Ірына Пазняк. — Калі знаходзяцца яйкі гельмінтаў, гэта перш за ўсё аскарыда сабачая, то праводзіцца апарванне пяску кіпенем альбо поўная яго замена. Штогод да мая ўсе дзіцячыя ўстановы адукацыі праводзяць замену пяску, пры гэтым мы патрабуем пасведчанне яго якасці». А вось пясочніцы ў дварах жылых дамоў на гельмінталагічнае абследаванне адпраўляюцца толькі выбарачна.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА і Ліны МАЛІНІНАЙ

Загаловак у газеце: Каб гульня не скончылася бядой

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.