Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра перамогу Таццяны Халадовіч і іншыя вынікі беларусаў на міжнародных турнірах.


1. Таццяна Халадовіч заваявала залатую ўзнагароду на этапе «Брыльянтавай лігі» ў Лондане. Беларуска ў сваёй найлепшай спробе кінула кап'ё на 66 м 10 см. Другое месца заняла Келсі-Лі Барбер з Аўстраліі — 65 м 85 см, а бронзавым прызёрам стала немка Крысцін Хусонг — 65 м 73 см. У бегу на 100 м з бар'ерамі з найлепшым вынікам сезона ў свеце перамагла прадстаўніца Ямайкі Даніэль Уільямс — 12,32 сек. Беларуска Эльвіра Герман заняла сёмае месца — 13,02 сек.

2. Беларускія лёгкаатлеты заваявалі два залатыя і два сярэбраныя медалі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-20) у Швецыі. Залатыя ўзнагароды заваявалі Мікіта Каляда ў хадзе на 10 км і Алег Тамашэвіч у штурханні ядра. У эстафеце 4х400 м беларускі Кацярына Жываева, Астэрыя Лімай, Валянціна Чымбар і Аліна Лучшава заваявалі сярэбраны медаль і абнавілі нацыянальны юніёрскі рэкорд на гэтай дыстанцыі. У сектары для трайнога скачка другое месца ўзяў Марк Мажэйка — 16 м 22 см.

У медальным заліку зборная Беларусі заняла на чэмпіянаце дзявятае месца, падзяліўшы яго з атлетамі са Швецыі. Перамаглі спартсмены з Вялікабрытаніі — шэсць залатых, тры сярэбраныя і шэсць бронзавых узнагарод.

3. Зборная Беларусі па пляжным футболе атрымала дзве перамогі на старце кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату свету ў Маскве. Спачатку нашы футбалісты аказаліся мацнейшыя за туркаў — 6:3, а ў матчы 2-га тура папярэдняй групы Е выйгралі ў літоўцаў у серыі пасляматчавых пенальці. У панядзелак беларусы завяршылі першы этап гульнёй са зборнай Швейцарыі.

Нагадаем, у еўрапейскай кваліфікацыі прымаюць удзел 19 камандаў. Па выніках першага групавога этапу ў плэй-оф выйдуць па тры каманды з кожнай групы, а таксама найлепшая зборная з тых, што занялі чацвёртыя месцы. Пераможцы матчаў 1/8 фіналу правядуць другі групавы этап, пасля якога па дзве найлепшыя дружыны атрымаюць прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю сусветнага першынства, а яшчэ адзін пропуск разыграюць каманды, якія занялі трэція месцы на другім групавым этапе. Турнір у Маскве завершыцца 27 ліпеня.

4. Беларускія атлеты заваявалі чатыры залатыя ўзнагароды на спаборніцтвах па трыятлоне Аlfа-Bаnk Mіnsk Trіаthlоn. Чэмпіёнам на дыстанцыі 1/4 Іrоnmаn (1 км плаванне, 45 км велагонка, 10 км бег) стаў беларус Аляксандр Васілевіч з каманды «Альфа-Банк Sуnеsіs», які выдаткаваў на трасе 1 гадзіну 50 хвілін. У тройку таксама ўвайшлі два расійскія атлеты. Найлепшай сярод дзяўчат стала беларуска Ганна Максімава, якая пераадолела дыстанцыю за 2 гадзіны 8 хвілін. Першае месца ў катэгорыі 1/8 Іrоnmаn (0,5 км плаванне, 22 км велагонка, 5 км бег) заняў беларус Ціхан Шчамялёў, які паказаў вынік 1 гадзіна 2 хвіліны. Сярод дзяўчат самай хуткай была таксама беларуска Таццяна Лукша — 1 гадзіна 8 хвілін. Усе ўдзельнікі незалежна ад выніку на фінішы атрымалі медалі. Як адзначылі арганізатары, гонка Аlfа-Bаnk Mіnsk Trіаthlоn стала адным з самых маштабных спартыўных мерапрыемстваў, на турнір прыехалі спартсмены з трох кантынентаў.

Падчас спаборніцтваў таксама прайшла дзіцячая гонка TrіKіds. Дзеці ад 6 да 10 гадоў пераадолелі адрэзак у 500 м, а школьнікі ад 11 да 13 гадоў праплылі 100 м і прабеглі 1 км. Сярод юных удзельнікаў былі і дзеці з аўтызмам: на працягу навучальнага года іх вучылі плаваць і рыхтавалі да складанай гонкі. Кіраўніком інклюзіўнага праекта і галоўным трэнерам выступіла двухразовы алімпійскі прызёр па плаванні Аляксандра Герасіменя.

5. Згуляны матчы 16-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў элітным дывізіёне. «РЦАР БДУ» саступіў «Слуцку» — 0:1, «Нёман» і «Гомель» згулялі ўнічыю — 1:1, «Віцебск» з такім жа лікам згуляў з «Мінскам», «Гарадзея» саступіла «Іслачы» — 1:2, «Дынама» (Брэст) перайграла «Тарпеда»-БелАЗ — 4:1.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Залаты» кідок

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.