Вы тут

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»


За плячыма 71-гадовага падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава вельмі пакручасты шлях. У яго няма спецыялізаванай пажарнай адукацыі. Але гэта не перашкодзіла ў 1979 годзе ў парадку эксперымента прызначыць яго на пасаду камандзіра самастойнай ваенізаванай пажарнай часці Савецкага раёна. Як вынік — часць з адстаючых ператварылася ў перадавую. Зрэшты, дамо слова самому Генадзю Міхайлавічу...


— Я сам са Жлобінскага раёна. Адвучыўся 8 класаў і паехаў паступаць у Адэсу ў Тэхнікум вымярэнняў. Але конкурс там быў ажно 25 чалавек на месца! Мяне зрэзалі на першым жа іспыце. Тады падаў дакументы ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе мяне вучылі на аператара-наладчыка станкоў з праграмным кіраваннем. Яны тады толькі-толькі з'явіліся ў СССР. Пасля вучылішча я пайшоў працаваць на кампрэсарны завод у Адэсу. А ўжо адтуль паступіў у Мінск, у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

Калі я працаваў на заводзе, то яшчэ тады меў стасункі са службай пажарнай аховы. А ў тыя часы ў пажарную службу прымалі не толькі тых спецыялістаў, якія скончылі адпаведнае вучылішча, але і тых, якія мелі будаўнічую або тэхнічную спецыяльнасць. За плячыма ў мяне была ваенная кафедра і званне лейтэнанта запасу. Так мяне і ўзялі інспектарам прафілактыкі ва ўпраўленне пажарнай аховы УУС Мінаблвыканкама. Працавацьадправілі ў Мінскі раён.

Генадзь Міхайлавіч адпрацаваў у прысталіччы тры з паловай гады — да лета 1976 года. Час гэты быў вельмі напружаны — з больш чым тысячы дзён толькі адзін выдаўся выхадны. Гэта адбылося не ў апошнюю чаргу таму, што на ўвесь вялікі Мінскі раён было ўсяго толькі тры інспектары. Пад юрысдыкцыяй нашага суразмоўцы знаходзілася ажно сем велізарных сельсаветаў на ўсход ад горада. За год было не менш за сотню пажараў. Паколькі пажарная ахова ў тыя часы ўваходзіла ў структуру Міністэрства ўнутраных спраў, то інспектары рабілі дазнанне. Яны высвятлялі ўсе абставіны здарэння.

— Часам былі вельмі цяжкія справы. Вось літаральна праз некалькі дзён, калі я паступіў на службу, трэба было ехаць у вёску Мар'яліва. Там адбыўся пажар, загінула дзіця. Сям'я, як цяпер прынята казаць, была ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта ўсё было вельмі складана псіхалагічна ўспрымаць...

А яшчэ згадваецца пажар з крымінальным падтэкстам. Прыходжу я на дзяжурства ў нядзелю. Пытаюся: ці здарылася што за суткі? Дзяжурны кажа, што вось толькі што ў адной з вёсак як быццам нейкі васьмідзесяцігадовы дзед нешта хацеў падпаліць, але мы так і не разабраліся, што да чаго. Вырашыў я туды з'ездзіць, таму што сітуацыя, скажам так, патыхала смаленым.

У тыя часы тэхніку для нас давалі на выхадныя дні з калгаса. Вось і прыехаў аўтобус ГАЗ. Паехаў туды не адзін, а з сяржантам міліцыі, а па дарозе заехалі да далёкага сваяка гэтага дзеда, каб узяць яго з сабой. Як пасля аказалася, гэты крок быў зроблены недарэмна.

Прыехалі мы ў тую вёску. Аказалася, што падпал дома ўсё-такі быў. У хаце насупраць гулялі вяселле. І нешта дзед не падзяліў з тымі людзьмі. Зайшоў ён у хату, з усімі павітаўся, выйшаў і... палез на гарышча свайго дома, дзе было складзена сена. Запаліў яго. Прыбягаюць людзі тушыць — а дзед стаіць з сякерай і нікога не пускае. Але ўсё-такі неяк полымя патушылі. Выклікалі міліцыю і, калі мы прыехалі, перадалі дзеда нам.

Ну што ж, павезлі мы падпальшчыка ў раённы аддзел міліцыі. Час быў веснавы, на дарогах — бруду... Ну і вось забуксаваў наш аўтобус, крыху не даехаўшы да месца. Пакуль кіроўца разабраўся, прайшло нешта каля паўгадзіны. І вось, на пад'ездах да Астрашыцкага Гарадка таму дзеду стала вельмі дрэнна.

У Астрашыцкім Гарадку мы тут жа паехалі ў фельчарска-акушэрскі пункт. Але нічым старому дапамагчы ўжо было нельга. Ну што ж, я тэлефаную дзяжурнаму і расказваю пра сітуацыю, што падазраваны памёр. Прашу кансультацыі: што рабіць? У дзяжурнага мову адняло. Гэта ж надзвычайнае здарэнне: як гэта, вёз падазраванага і той памёр. Я кажу — не хвалюйся, са мной яго сваяк сядзіць. Ён сведка. Далей ужо выклікалі ў ФАП міліцыянераў. А я справы здаў і паехаў.

А аднойчы праводзіў навучальныя заняткі ў саўгасе «Усход». Пажарная каманда была гатова выехаць на тушэнне ўмоўнага пажару. Засталося толькі дачакацца дырэктара. Ён прыязджае і... па рацыі нам паведамляюць, што ў суседняй гаспадарцы гарыць кароўнік. Вось так каманда паехала не на заняткі, а адразу на сапраўдны пажар. Праўда, тады пра ўзгаранне нам паведамілі не адразу. Загінула некалькі дзясяткаў кароў...

У 1976-м годзе Генадзь Міхайлавіч перайшоў у Мінскае абласное ўпраўленне. Працаваў у аддзеле спецтэхнікі і сродкаў сувязі. Быў інжынерам па прафілактыцы, а адтуль яго прызначылі на пасаду камандзіра часці ў Савецкім раёне.

— За ўвесь час службы ў нашай часці былі ўсяго толькі адны суткі, калі абышлося без выезду па трывозе. Было ўсякае. Але давайце не будзем пра трагедыі — іх і так хапае. Хочацца ўспомніць нешта добрае. Неяк перад Новым годам тэлефануе нам жанчына і плача. А я якраз дзяжурыў у той дзень, 31 снежня. Аказалася, што жанчына выйшла ў тамбур разам з дачкой, а дзверы і зачыніліся. У той час трэба было атрымаць «дабро» ад намесніка начальніка гарадскога ўпраўлення пажарнай аховы на падобны выезд, бо выпадак быў, скажам так, нетыповы. Мне на тым канцы провада адказалі проста: калі ёсць жаданне, то выязджайце самі. Мы прыгналі лесвіцу, і я па ёй зайшоў на балкон. Адчыніў уваходныя дзверы знутры — і ў гэтую секунду пачаўся бой курантаў...

У 1987-м нашага суразмоўцу перавялі ў Мінскае гарадское ўпраўленне, дзе ён адказваў за мабілізацыйную работу. Там ён і дапрацаваў да пенсіі. Але і цяпер Генадзь Цімахоўцаў не забываецца на пажарную справу. Сустрэліся мы з ім у парку Горкага адразу пасля парада ратавальнікаў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота з архіва Генадзя ЦІМАХОЎЦАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.