Вы тут

Што паглядзець у Хоцімску?


Атракцыёны, багатыя народныя традыцыі, унікальны сабор, ветлівыя людзі — Хоцімск не расчаруе нават турыстаў-адзіночак

Гэта самы аддалены райцэнтр вобласці, на аўтобусе ад Магілёва да яго чатыры гадзіны язды. Але, калі не спаць, праз акенца аўтобуса можна ўбачыць па дарозе яшчэ чатыры раённыя цэнтры — Чавусы, Чэрыкаў, Крычаў і Клімавічы. І гэта не ўлічваючы цэлага шэрагу маляўнічых вёсак з цікавымі назвамі. Едзеш і захапляешся вясковымі краявідамі: тым, як буяюць флёксы і гартэнзіі ва ўтульных кветніках, хатамі з бярвення і разнымі ліштвамі на вокнах, калодзежамі і размаляванымі брамкамі. І за гэтай цікавай справай не паспяваеш заўважыць, як дарога скончылася. Вунь ужо за акном бяжыць, даганяе аўтобус таямнічая Бесядзь, апетая шматлікімі беларускімі красамоўцамі. Іду на выхад, а ў галаве круціцца «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем...» Нехта напісаў гэтыя словы на фанеры і паставіў яе каля дарогі, па якой мы праязджалі. І, ведаеце, чапляе...


Рыза Іаана Кранштацкага

Лялькі з беларускім акцэнтам.

Хоцімск невялічкі гарадскі пасёлак, але, як той казаў, можна згубіцца і ў трох соснах. У Хоцімску вам гэта адназначна не пагражае. Куды б ні пайшлі, адусюль бачныя купалы тутэйшага Свята-Троіцкага сабора — помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя. У савецкі час гэта быў дом культуры і нічым не нагадваў сённяшні прыгожы храм. Такім ён стаў выключна дзякуючы намаганням архімандрыта Кірыла Бадзіча, які працуе ў Хоцімску ўжо сёмы дзясятак гадоў. Неаднойчы пісала пра гэтага незвычайнага бацюшку, але кожны раз адкрываю для сябе яго па-новаму. Свяшчэнніку болей як 90 гадоў, але ён працягвае служыць. На мінулым тыдні праваслаўныя славілі царскіх пакутнікаў, якіх расстралялі ў ноч з 16 на 17 ліпеня ў 1918 годзе. У храме захоўваецца вельмі каштоўная ікона царскага сямейства.

— Мне яе кіеўскія манахі падарылі. Яна асвечана на мошчах кіева-пячэрскіх угоднікаў, — удакладняе архімандрыт.

У інтэрнэце шмат інфармацыі пра тое, што ў хоцімскім саборы нямала цудатворных ікон. Прашу бацюшку мне пра іх расказаць.

— Галоўная наша ікона — Казанская Божая Маці, — кажа ён. — А ёсць яшчэ Смаленская, Усіх тужлівых радасць і іншыя. Ікону Святога Панцеляймона я наогул прывёз шмат гадоў таму з Афона. Я ж у Хоцімску 62 гады адслужыў. Ікон у мяне шмат. Якія з іх цудатворныя, хто ведае. Не іконам моляцца, а Божай Маці.

Звяртаю ўвагу на старадаўні абраз Іаана Кранштацкага.

— У мяне ёсць рыза, у якой ён служыў у Растове Яраслаўскім, — уражвае айцец Кірыл. — Мне яе перадаў мой вучань Уладзімір — ён таксама там служыў. Наогул, у мяне шмат розных царкоўных убораў, у тым ліку дарэвалюцыйных. Нават часоў Іаана Грознага. Цэрквы ў савецкі час разбуралі, царкоўныя рэчы выкідалі, а я ўсё збіраў. Вунь тая ікона Параскевы Пятніцы была ўся закураная, калі мне яе прынеслі. Мы яе адмылі вадой з нашатырным спіртам. Параскева Пятніца вельмі паважаная святая ў Хоцімску. Усе пытанні перад саборам вырашаліся ў яе прысутнасці. У нас нават кірмаш па пятніцах.

А яшчэ бацюшка збірае званы. Адзін з іх, мяркуючы па надпісе, зроблены на «фінляндскім» заводзе.

— Ён вельмі стары, — удакладняе айцец Кірыл. — Мы яго набылі з рук для адной вясковай царквы. Павесілі, ударылі, а ён раскалоўся. Збіраўся аддаць на пераплаўку, але перадумаў. Ён жа намолены. Вось і берагу.

Бліжэй да зорак

Жамчужына Хоцімска.

Сабор настолькі дамінуе ў Хоцімску, што я нават здрадзіла свайму жалезнаму правілу пачынаць знаёмства з населеным пунктам менавіта з музея. Але па-ранейшаму лічу, што музей — гэта той самы аб'ект, які ў незнаёмым горадзе трэба наведваць першым. Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей знаходзіцца ў адным са старадаўніх будынкаў, якіх не вельмі шмат у райцэнтры. З гісторыі вядома, што гэты дом быў пабудаваны заможным рамеснікам Іванам Каменевым прыкладна ў канцы ХІХ стагоддзя. На першым паверсе знаходзілася майстэрня па вырабе скур і крама. На другім — жыў сам рамеснік. Дакладна сказаць, як усё тут пры ім выглядала, немагчыма. Да таго, як дом стаў музеем, тут «кватаравалі» розныя іншыя службы і кожная адаптавала памяшканні пад сябе. Пра першага ўладальніка нагадвае цяпер мяшчанскі куточак — англійскі гарнітур ХІХ стагоддзя і сталовы набор з больш чым 50 прадметаў, якія музей набыў па дзяржпраграме.

Квіток у музей каштуе — калі стаіце, сядзьце, каб не ўпасці ад нечаканасці — усяго рубель! За гэтую суму тут можна сфатаграфаваць кожны экспанат. Акрамя, канешне, тых, што захоўваюцца ў фондзе. У кошт білета ўваходзіць нават экскурсія. Паколькі ўсе, акрамя кіраўніка музея і захавальніка фондаў, былі ў адпачынку, для мяне яе правёў сам дырэктар. Прычым, не ведаючы, што перад ім карэспандэнт паважанага выдання — пра гэта я наогул нікому не прызнаюся. Цікава ж даведацца, як рэагуюць у раёнах на турыста-патрыёта.

Асабліва тут шануюць калекцыю здымкаў савецкага астранома, прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, члена-карэспандэнта АН СССР Сяргея Блажко. Ураджэнец Хоцімска паклапаціўся, каб захаваліся краявіды яго малой радзімы дарэвалюцыйнага перыяду. Адзін з фотаздымкаў павялічаны на ўсю сцяну. На ім базарная плошча з гандлёвымі радамі. Пасярод яе стаяць жанчыны ў народных строях і мужчына ў сурдуце і ботах. Месцічы, магчыма, вырашылі пасля боскай літургіі прайсціся па гандлёвых радах. Гэта зараз насупраць сабора Святой Тройцы крамы і розныя іншыя ўстановы, а раней была базарная плошча. Дарэчы, у Хоцімску захоўваюцца асабістыя рэчы аўтара гэтага здымка. Праўда, для гэтага спатрэбіцца наведаць музей у школе № 1. Мне, на жаль, не пашчасціла, бо настаўніца, якая праводзіць экскурсіі, знаходзілася ў адпачынку. Параілі прыязджаць восенню, калі пачнуцца заняткі. Затое даведалася, што на вуліцы Камсамольскай, там, дзе цяпер бар «Хвілінка», раней знаходзілася лаўка скабяных тавараў бацькі вучонага. А той драўляны будынак сіняга колеру, які стаіць побач з «Хвілінкай» і які называюць «домам Блажко», да астранома мае вельмі апасродкаваныя адносіны. Дом, дзе ён нарадзіўся, быў нашмат большы, але згарэў падчас вайны. На тым жа месцы сваякі Сяргея Блажко пабудавалі новы дом, але вельмі сціплы.

Што прывезці?

Адсюль вы дакладна без сувеніраў не вернецеся. Дастаткова трапіць у раённы Дом рамёстваў і там можна «завіснуць» на паўдня. Цікавае ўсё, пачынаючы ад будынка. Да рэвалюцыі тут жыў яўрэйскі купец Гутнераў, вядомы ў акрузе вытворца вяровак і канатаў. Але Дом рамёстваў з'явіўся не адразу, а пасля таго, як тут перабывала шмат розных службаў. Сёння ў гэтых сценах знаходзіцца безліч цікавых старадаўніх бытавых рэчаў. І сабраныя яны не кім-небудзь, а майстрыхамі, якія ведаюць ім цану і адраджаюць слаўныя хоцімскія традыцыі. Ручнікі, куфры, нават «манежык» для дзіцяці — усё або падорана жыхарамі, або знойдзена, лічы, на сметніку. Мне пашчасціла з экскурсаводам — Таццянай Навумавай, лялькі якой, напэўна, ведаюць усе аматары народнай творчасці нашай краіны. Пра лялькі яна наогул можа расказваць гадзінамі. Яны тут на любы густ — абрадавыя, гульнявыя, вясельныя. Вунь той яркі ланцужок на сцяне — 12 сясцёр-ліхаманак. Такія ланцужкі вешаліся на трубу, хваробам гэтая стракатасць падабалася, і яны людзей не чапалі. На палічках абярэгі на любы густ — неразлучнікі для жаніха з нявестай, звязаныя адной доўгай рукой, каб ісці па жыцці разам і не расставацца, лялькі-кувадачкі — іх клалі ў люльку, каб грэлі ложак для дзіцяці, лялькі з зёлкамі ад усіх хвароб, матчын абярэг — лялька-вядучка...

Асабліва багатая ткацкая калекцыя і тыя станкі, якія тут аднавілі. Цяпер майстрыхі ствараюць на іх сапраўдныя творы мастацтва. Вельмі спадабаліся керамічныя рэчы, асабліва пацеркі ў выглядзе ружачак. Адны з іх нават купіла на памяць. Не адарваць вока ад шыкоўных андаракоў з вышытымі сукенкамі і фартухамі. Па іх можна вывучаць побыт і саслоўную прыналежнасць продкаў. А яшчэ ступень майстэрства кожнай з тых, хто гэта рабіў.

Райцэнтр як на далоні

Летась Хоцімск стаў здымачнай пляцоўкай для шматсерыйнай стужкі «Чарнобыль». Не блытаць з амерыканскім варыянтам. Расійскі «Чарнобыль» яшчэ, дарэчы, не выйшаў на экраны, але ў Хоцімску гэтай хвіліны чакаюць з асаблівым нецярпеннем. І жывуць успамінамі. У гарадскі пасёлак прыязджала цэлае сузор'е кіназорак, жыццё віравала да позняй ночы. Цікава, што чарнобыльская трагедыя раён амаль не закранула. А ўвагу да сябе ён прыцягнуў перш за ўсё сваімі атракцыёнамі. Такіх, як тут, няма ні ў адным райцэнтры і нават у Магілёве. Яны захаваліся з савецкіх часоў. Ёсць нават кола агляду, найвышэйшая кропка яго пад'ёму 26 метраў.

— Нашы атракцыёны карысталіся поспехам і да таго, як трапілі ў «кадр» — сюды часта прыязджаюць сем'ямі з суседніх Касцюковіч і Клімавіч, любяць адпачываць расіяне, — расказвае работніца. — Але пасля здымак наведвальнікаў стала болей. Адна мінчанка прыехала, каб пакатацца на нашым коле агляду. Прызналася, што хацела перажыць тыя эмоцыі, якія адчуў яе любімы акцёр. А яшчэ ў серыяле засвяціліся наша «пажарка» і вежа.

Дарэчы, у хоцімскім парку адпачынку сем электрычных атракцыёнаў. І пакатацца на іх можна вельмі танна — за адзін рубель 30 капеек. Дзецям менш напалову. Я, дарэчы, таксама рызыкнула. Ад «Арбіты» крыху нудзіла — эх, не быць мне касманаўтам! А вось на коле агляду пракацілася з задавальненнем. Увесь Хоцімск быў перада мной як на далоні.

Хаціма і іншыя славутасці

Не пабачыўшы Хацімы, нельга зразумець загадкавыя душы хацімчан. Гэтую ўсходнюю прыгажуню можна ўбачыць якраз непадалёк ад райвыканкама. Стаіць сабе са снапом ільну. Легенду пра яе няшчаснае каханне тут ведае кожны, і кожны верыць, што яна ахоўвае населены пункт. Таму і выбралі яе сваім сімвалам. Дарэчы, беларускі паэт Пятро Прыходзька прысвяціў Хаціме паэму «Дар князёўны».

Аматарам творчасці Аркадзя Куляшова цікава будзе даведацца, што ў Хоцімску жылі яго бацькі. Паэт набыў для іх дом у цэнтры пасёлка на вуліцы Камсамольскай. Ён знаходзіцца якраз насупраць універмага — амаль цалкам схаваны ад цікаўнага вока ў акацыях. Цяпер у гэты дом прыязджае пляменнік Аркадзя Куляшова. А яшчэ ў Хоцімску жыве зводная сястра паэта.

Так жылі нашы продкі (рэчы з закінутых хат)

У наваколлі Хоцімска таксама ёсць што паглядзець, але без машыны дабрацца туды складаней. Дарэчы, калі вы не надта спяшаецеся і прыедзеце ў Хоцімск на некалькі дзён, з мясцовай аўтастанцыі можна, напрыклад, з'ездзіць у Горню. Там знаходзіцца помнік загінулым падчас вайны кавалерыстам — вершнік на кані. Скульптура вельмі вялікіх памераў і лічыцца адной з галоўных славутасцяў раёна. А праз прыкладна пяцьсот метраў ад яе мяжа з Расіяй. Добрая магчымасць пабываць адначасова ў двух месцах і дзвюх краінах.

Шпаргалка для турыста

Для патрыёта-адзіночкі вельмі зручна будзе прыпыніцца ў тутэйшай гасцініцы «Бесядзь». Аднамесны нумар каштуе крыху болей як 22 рублі за суткі. Да паслуг асобны санвузел з гарачай вадой. У нумары стандартны набор мэблі — ложак, стол, крэсла: ёсць тэлевізар. Насупраць гасцініцы дзве крамы «сеткавікоў». У зоне крокавай дасягальнасці яшчэ ёсць крамы, у тым ліку кнігарня. Літаратура, дарэчы, падабраная з вялікім густам. Тут працуюць нават па заказах. Культурныя славутасці, аб якіх ішла гаворка, таксама паблізу. Непадалёк знаходзіцца і кавярня «Мара», дзе можна танна паснедаць. Напрыклад, боршч і гарбата каштавалі мне меней чым два рублі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: «Мы на чортавым круціліся коле...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.