Вы тут

Як гаджэты ўплываюць на сучасных дзяцей


Сёння ўжо нікога не здзіўляе трохгадовае малое з сотавым тэлефонам, планшэтам ці іншым гаджэтам у руках. А падлеткаў без іх увогуле немагчыма ўявіць. Што ж адбываецца з дзецьмі пад уплывам гаджэтаў, як гэта адбіваецца на іх зроку і псіхіцы?


— Менавіта ў дзяцінстве закладваецца і найбольш імкліва развіваецца наша псіхіка. Зразумела, тэхнічныя навінкі ўносяць свой уклад у інтэлектуальнае развіццё, паскараюць яго, а таксама з'яўляюцца сродкамі фарміравання ўяўлення пра свет, — кажа ўрач-афтальмолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Наталля МАЦЕЙКА. — Здавалася б, гэта павінна прыносіць толькі карысць для развіцця дзяцей. Але несфарміраваная псіхіка, як губка, убірае ў сябе ўсё добрае і дрэннае, што нясуць у сабе электронныя прылады.

Псіхіка дзіцяці падстройваецца пад тэхнічныя прылады, у выніку мяняецца мысленне і ўспрыманне. Яркія зрокавыя вобразы выклікаюць моцныя эмоцыі, але пакідаюць раўнадушным мысленне дзіцяці, у выніку галоўнымі каналамі ўспрымання ў яго становяцца зрок і слых. Мозг насычаецца зрокавымі і слыхавымі ўражаннямі, але адчувае дэфіцыт у тактыльных, нюхальных і датыкальных адчуваннях.

— Нельга сцвярджаць адназначна, аднак у большасці выпадкаў гэта ўплывае адмоўна. Дзіця аўтаматычна вызваляецца ад неабходнасці актывізаваць сваё ўяўленне, яму ўжо прапануюць гатовую стэрэатыпную форму і яркі стымул. Гэта можа прывесці да таго, што малое будзе фантазіраваць у адной плоскасці, якую яму прапануе сучасная індустрыя віртуальнага свету. Такія захапленні не маюць нічога агульнага з асобасным развіццём, бо не стымулююць ні фантазію, ні ўяўленне, ні творчае мысленне. Акрамя таго, адсутнасць рэальных стасункаў з навакольным светам можа прывесці да развіцця замкнутасці, некамунікабельнасці і негатоўнасці да жыцця ў соцыуме, — папярэджвае спецыяліст.

У дзіцяці, якое многа і часта гуляе ў «стралялкі», скажаецца светаўспрыманне: яно асацыюе сябе з бессмяротным камп'ютарным героем і прывыкае да таго, што, калі яго «забілі», можна пачаць гульню зноў. Пачуццё самазахавання прытупляецца, і ўжо на вуліцы яму здаецца, што ён здольны з лёгкасцю і без рызыкі для жыцця здзейсніць які-небудзь галавакружны трук. Дзіця пачынае лічыць, што рашэнне любых канфліктаў з выкарыстаннем сілы і зброі — гэта норма, і нават не імкнецца ўладзіць сваркі ў рэальным жыцці мірным шляхам, бо проста не ўмее гэтага рабіць.

Не менш сур'ёзную нагрузку зазнае і зрок дзіцяці. Аналіз прафілактычных аглядаў ва ўстановах аховы здароўя сведчыць, што ў агульнай захваральнасці школьнікаў паталогіі органаў зроку з 2014 да 2018 года займаюць другое пасля хвароб апорна-рухальнай сістэмы месца. Па меры навучання з 1-га да 11-га класа колькасць дзяцей, якія маюць паталогію зроку, павялічваецца з 2—5 % да 23— 25 %.

Найбольшую небяспеку тут тояць у сабе смартфоны, якія маюць адносна невялікі блікуючы экран і заўсёды даступныя.

— Згодна з шэрагам апошніх даследаванняў, адна з прычын блізарукасці пры выкарыстанні смартфонаў — адсутнасць фіксацыі на патрэбнай адлегласці.
У выніку дзіця можа глядзець на экран настолькі блізка, наколькі яму зручна. А гэта выклікае празмернае напружанне вачэй, — тлумачыць Наталля Леанідаўна.

Адлегласць ад вачэй дзіцяці да смартфона павінна складаць не менш за 40 см. Важна і асвятленне: выкарыстоўваць тэлефон у цемнаце не рэкамендуецца. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка бацькоў — «адпачынак» малога пасля выканання ўрокаў «у смартфоне». Пры гэтым мышцы вока не расслабляюцца, правакуецца развіццё блізарукасці. Кожныя 20—30 хвілін зрокавай нагрузкі неабходна рабіць перапынак і выконваць зрокавую гімнастыку.

Ёсць і фактары, не звязаныя з гаджэтамі, але вельмі важныя для захавання здароўя вачэй. Найперш гэта правільны рэжым дня.

— Для паўнацэннага функцыянавання складаных сістэм арганізма класціся спаць варта не пазней 22—23 гадзін, а ўставаць не раней 6—7 гадзін. На вуліцы карысна праводзіць не менш за 2 гадзіны штодзень, пажадана сумяшчаць гэта з рухам — прагулкамі пешшу, гульнямі і іншым. Важна і рэгулярнае правільнае харчаванне, аснову якога складаюць злакі, гародніна, фрукты, ягады, рыба, птушка, яйкі. А вось салодкае, мучное і тлустае лепш абмежаваць. Не трэба чытаць лежачы, у цемры, у транспарце. Адлегласць ад кнігі павінна складаць 35—40 см, — нагадвае спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ліны МАЛІНІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?