Вы тут

«Кніга Яўхіма Карскага «Беларусы» паўплывала на маё жыццё»


...Ёсць кнігі, ёсць людзі-асобы, якія ўражваюць, уплываюць на жыццё, пэўна, кожнага, хто да іх прычыніўся. Для мяне гэта «Беларусы» Яўхіма Карскага.


Аўтар, стваральнік закончанага вучэння пра нашу мову, літаратурную творчасць і фальклор, нарадзіўся ў сям'і настаўніка пачатковых класаў у 1861 годзе непадалёк ад Гародні. Неўзабаве сям'я перабралася на Наваградчыну, затым на Міншчыну.

Вучыўся юнак у Мінскай духоўнай семінарыі, але ж там не затрымаўся і ён паступіў у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Выхадзец з народнай глыбінкі, ён засвоіў асаблівасці маўлення сваіх землякоў, артыкуляцыю гукаў, народную гаворку... Між тым ні ў Польшчы, ні ў Расійскай імперыі існаванне асобнага беларускага народа і яго мовы не прызнавалася нават навукоўцамі. Яны лічылі, што гэта — адзін з рускіх «говоров» і не больш за тое... Аднак у 1893 годзе ў друку з'яўляецца магістарская дысертацыя «К истории звуков и форм белорусской речи», дзе Яўхім Карскі на аснове даследаванняў пісьмовых крыніц, вуснай народнай творчасці, побыту народа і палеаграфіі на ўвесь свет заявіў: «Белорусское наречие должно считаться самостоятельным: совокупность его характерных черт не повторяется ни в одном славянском языке».

Яшчэ студэнтам інстытута, скарыстаўшы звесткі розных даследчыкаў і свае «Беларускія песні сяла Бярозаўка Навагрудскага павета Мінскай губерні», Яўхім Карскі падрыхтаваў «Обзор звуков и форм белорусской речи». Менавіта ён вызначыў уласцівыя толькі ёй фанетычныя асаблівасці: мяккі гук [дз'] — дзеці, дзяўчынка («хіба ліхо озме ліцвіна, щоб він не дзэкнув» — цытуе ўкраінцаў Яўхім Карскі); гук [дж] — дождж; мяккі гук [ц] — цяпер, цяпло; цвёрдае [ч]; прыстаўное «в» — вокны; аканне. Малады філолаг прызнаваў, што для больш дакладнай перадачы гукаў беларусам нестае графічных знакаў.

Даследчык разглядаў увесь комплекс пытанняў, звязаных з народнай творчасцю, побытам, літаратурай. На падставе глыбокага параўнальна-гістарычнага аналізу ён навукова абгрунтаваў: беларусы — асобны і самастойны народ, які мае сваю гісторыю, арыгінальную культуру, самасвядомасць, багатыя традыцыі і звычаі, уласную адметную мову, якая, паводле Карскага, сфарміравалася да канца XVІ стагоддзя.

Ёсць мова — жыве народ. Яўхім Карскі — нястомны даследчык гэтага жыцця, які пабываў усюды, дзе жылі беларусы — выдаў свае даследаванні пад аднайменнай назвай — «Беларусы». У трох фаліянтах з этнаграфічнай картай беларускага племені і картай беларускай гаворкі доктар філалогіі, акадэмік Расійскай акадэміі навук падае навукова акрэсленае месца пражывання беларусаў паводле маўлення, побыту і г. д. Такім чынам, менавіта Карскім былі прадвызначаны межы беларускай дзяржавы.

Першы том манаграфіі «Беларусы» («Введение в изучение языка и народной словесности») выходзіць у 1903 годзе, другі — «Язык белорусского племени» — у 1908-м. Праз тры гады выдаюцца «Очерки словесности белорусского племени». У чацвёртым томе мог быць слоўнік беларускай мовы, выдаць які аўтар не паспеў. Але ж і тое, што ён зрабіў, пад сілу ці не цэламу навукова-даследчаму інстытуту! Карскі быў першым, хто сказаў, хто мы ў гэтым свеце і чым адметная мова, на якой трымаецца духоўны свет і адзінства народа.

...У 1897 годзе беларускую мову называлі роднай 5,5 мільёна беларусаў, і яна папраўдзе такою была: на ёй размаўлялі, пісалі, спявалі. Цяпер, і на жаль, для многіх яна роднай хіба што лічыцца.

Леанід Кавальчук, г. Жодзіна

Загаловак у газеце: Першым заявіў гэта Карскі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.