Вы тут

Як у дзіцячым лагеры асвойваюць вайсковую навуку


Тэматыка трэцяй змены ў аздараўленчым лагеры «Лясны аганёк», што пад Стайкамі, — «Вясёлка творчасці і натхнення». З 15 ліпеня да 1 жніўня дзеці аздараўляюцца, дыхаюць сасновым паветрам, займаюцца квілінгам, спевамі і танцамі і вучацца сябраваць. Дзевяць з васямнаццаці дзён яны будуць адпачываць побач з незвычайнымі суседзямі — палатачным лагерам «Юнармейцы Белай Русі». На ўрачыстым адкрыцці палатачнага лагера дзеці пазнаёміліся паміж сабой, а таксама з ваеннаслужачымі вайсковай часці № 31802 2-й інжынернай брыгады і мінна-пошукавымі сабакамі.


Двайны сняданак і вялікія ўчынкі

Усяго ў лагеры 128 дзяцей ад 7 да 14 гадоў. Палова з іх — спартсмены, якія трэніруюцца ў любое надвор'е два разы на дзень, а 13 чалавек — профільны атрад юнармейцаў, якія жывуць у палатках і вядуць напаўспартанскае жыццё.

— Хоць жывуць яны паасобку, аднак час бавяць разам. Палатачнікі могуць займацца ў нашых гуртках, а дзеці з нашай змены ахвотна ўдзельнічаюць у вайсковай падрыхтоўцы. Мы стараемся дапамагчы малым знайсці сябе ў калектыве, навучыцца стаяць за атрад, рабіць агульную справу, зацікавіць іх, каб ніхто не мог сказаць, што яму сумна, — кажа Наталля ШАЎЛІС, начальнік лагера «Лясны аганёк». — А яшчэ мы стараемся, каб у іх хапала сіл на ўсё. Некаторыя не любяць, скажам, тварожную запяканку ці кашу, таму нашы павары гатуюць фактычна двайныя сняданкі — абавязкова падаюць яшчэ і запечаны бутэрброд, каб пераборлівыя не засталіся галоднымі.

Палатачны лагер на тэрыторыі «Ляснога аганька» арганізуецца трэці год запар. Сёлетнія яго ўдзельнікі — вучні цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі сталічнай школы № 133.

— Некаторыя дзеці ў нашым лагеры — з сем'яў, дзе існуюць пэўныя праблемы. Каб дзяцей не забралі са звыклага асяродку, я бяру іх з сабою ў лагер, — гаворыць Герман МАСЛЯНКОЎ, начальнік цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі. — Як паказвае практыка, за гэты час яны паспяваюць змяніцца. Дарэчы, з самых заўзятых «злачынцаў» вырастаюць, як правіла, сапраўдныя патрыёты, якія першымі ідуць на амбразуру і здольныя на вялікія ўчынкі. Іх проста трэба паставіць на правільныя рэйкі, як цягнік, і яны пацягнуць хутка і якасна. Галоўнае — быць з імі шчырым. Летась мама аднаго хлопчыка сказала, што яго паводзіны пасля лагера значна палепшыліся, сёлета зноў прывяла. Разам з тым і са спакойнага з выгляду хлопчыка можа вырасці «мальчыш-плахіш».

«Сокал», Эліс і Кабан

Пасля ўрачыстага адкрыцця дзеці адправіліся на футбольнае поле, дзе ім расказалі пра работу сапёраў і далі пакарыстацца металашукальнікам.

— Кеўларавы касцюм «Сокал» з браніраванымі ўстаўкамі валодае супрацьасколачным дзеяннем — спыняе асколкі, якія пры вазе шэсць грамаў на дыстанцыі 15 метраў ад месца выбуху ляцяць з хуткасцю 600 метраў за секунду, — расказаў старшы лейтэнант Эдуард ЛЯМЗІН, начальнік гуманітарнай групы размініравання 2-й інжынернай брыгады, дэманструючы абсталяванне і абмундзіраванне сапёраў.

Аўчарка Эліс паказала, як яна шукае міны і слухаецца кінолага. «Безумоўная паслухмянасць — такая жа важная якасць, як і востры нюх, бо па полі сабака павінна ісці след у след за сапёрам, каб не падарвацца на міне», — удакладняе Эдуард Лямзін. А паплечнік Эліс па мянушцы Кабан затрымаў умоўнага злачынцу. «Самая галоўная праблема пасля — адцягнуць сабаку ад затрыманага», — жартуе ён.

Нафатаграфаваўшыся на памяць з сабакамі і прымерыўшы касцюмы, дзеці разбіліся на групы і разышліся на заняткі па пяці тэматычных станцыях. Юнармейцы дапамагалі праводзіць заняткі і раілі, як трэба рабіць.

На першай пазіцыі стралялі па мішэнях-шарыках з макета вінтоўкі.

— У нас усе ў школе страляюць. Я пачаў у чацвёртым класе, — кажа юнармеец Андрэй ГОЦІН. — Гэта цікава, мы на спецыяльным факультатыве і гісторыю Узброеных Сіл яшчэ вывучаем.

— Мне здавалася, гэта не маё, пакуль не паклікалі паспрабаваць, — смяецца Ганна ДАВЫДОВІЧ, удзельніца абласных і гарадскіх спаборніцтваў па стральбе. — Я захапілася адразу. Калі не нервуюся, добра страляю.

На другой станцыі дзеці працавалі з картамі.

— Мы вывучалі мясцовасць, даведаліся, што азначае штрыхпункцір, як падпісваецца глыбіня азёр, дзе шукаць масты... А яшчэ, калі зараджалі патроны ў магазін, яны шчоўкалі, як у фільмах, — радасна дзеліцца набытымі ведамі Арына ПАЛІТЫКА з першага атрада, якая ў лагер прыязджае другі год і адразу ўключаецца ў заняткі на трэцяй пляцоўцы — па пераносцы параненага.

На наступнай пляцоўцы юнармейцы паказвалі, як разбіраць і збіраць аўтамат. А за апошнім сталом дзеці вучыліся зараджаць патроны ў магазін.

Нават дождж не спыніў імпэт падлеткаў — з-пад адкрытага неба заняткі перанеслі ў альтанку, а ахвотных пастраляць было проста за вушы не адцягнуць ад вінтовак, і ніякі дождж ім не перашкаджаў. Дарэчы, пакуль чарговая партыя малых назірала, як правільна пераносіць пацярпелага, міма прабеглі спартсмены, якія адправіліся на трэніроўку, нягледзячы на дрэннае надвор'е. Дысцыпліна ёсць дысцыпліна...

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».