Вы тут

Спосаб змагацца са звычайнасцю


Арыгінальнасць — адзін з найважнейшых фактараў, якія вызначаюць вартасць твора. Яна можа пераважыць недахопы ў тэхніцы, часам прыхаваць пэўныя лагічныя хібы, іншымі словамі, перавесці ўвагу чытача са слабых бакоў твора на моцныя. Нядзіўна, што да арыгінальнасці імкнецца амаль кожны творца.


На вокладцы кнігі Ганны-Марыі Сітнікавай «У казкі верыць…» («Кнігазбор», 2018) значыцца надпіс, прызваны падкрэсліваць арыгінальнасць прадстаўленай у ёй творчасці: «Нелірычная паэзія». Скарыстаўшыся тым, што засталося ў галаве са школьных урокаў літаратуры, і крыху гуглам, можна даведацца, што лірычная паэзія — гэта творы, у якіх аўтар, груба кажучы, выяўляе свае пачуцці і настрой. Адпаведна, нелірычная паэзія гэтага ўсяго пазбаўлена. Аўтар прадмовы, што адкрывае кнігу, называе нелірычную паэзію «ўмоўным жанравым азначэннем», якое аб’ядноўвае пэўныя рысы змешчаных у кнізе твораў, а менавіта гумар, іронію, сатыру, гратэск, сарказм, гульню слоў, а таксама загадкавае «эксперыментальнае вершаскладанне». У пошуках такога скарбу чытач адпраўляецца ў падарожжа па кнізе, на вокладцы якой — гарбуз і мышы.

Нават калі прызвычаіўся ўсё вышэйпералічанае называць ёмкім замежным словам постмадэрнізм, да творчасці Ганны-Марыі Сітнікавай складана падабраць нейкае іншае азначэнне, акрамя таго, што дадзена ёй самой. Першы верш, пададзены «Замест прадмовы», выдатна характарызуе настрой усёй кнігі: твор пабудаваны на самаіроніі, але настолькі какетлівай, што складваецца адчуванне, быццам аўтар заадно іранізуе і з чытачоў. У далейшым гумар і іронія не пакінуць чытача ні на старонку, але скіраванасць іх становіцца даволі размытая.

Усе вершы — гэта сюжэты, бытавыя гісторыі або фантазіі-замалёўкі. Персанажамі ў першых часцей за ўсё выступае нелірычная гераіня і яе муж, у другіх — жыхары іншых краін або жывёлы. Што тычыцца жывёл, у гісторыі аўтара часцей за ўсё трапляюць каты. У багатай фантазіі Ганны-Марыі Сітнікавай такая сюжэтная разнастайнасць сумнявацца не дазваляе. А вось гумар, якім прасякнуты гісторыі, — вельмі своеасаблівы, на аматара. Замалёўкі пра жанчыну, якая марыць пра далёкія краіны, і праз гэта ў яе падгараюць катлеты, або пра мужчыну, які вырашае, што жонка яму хутка здрадзіць, знайшоўшы ў яе пад падушкай любоўны раман, магчыма, для кагосьці з’яўляюцца надзённымі і смешнымі. Але заяўленае ў прадмове «эксперыментальнае вершаскладанне» прадстаўлена творамі, напісанымі без выкарыстання пэўных літар або з упляценнем у тэкст іншамоўных слоў, а таксама даўно не новымі для 2018 года інтэрнэт-жанрамі «піражкоў» і «парашкоў». Усе гэтыя ўскладненні можна расцэньваць як гульню або практыкаванні, але назваць іх эксперыментамі, на мой погляд, даволі цяжка, бо яны не нясуць за сабой ні адкрыццяў, ні нават пэўных мэт.

Кніга на самай справе адрозніваецца ад звычайных рэфлексіўных вершаў, перапоўненых пачуццямі, але пабудова думкі і логіка дзеяння ў творах не заўсёды аблягчаюць чытачу разуменне сэнсу і, можа, праз гэта арыгінальнасць сюжэтаў губляе вастрыню. Імкненне выклікаць смех не заўсёды азначае, што кантакт паміж аўтарам і чытачом будзе лепшым, чым калі б у творах была проста шчырасць.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.