Вы тут

Праз прызму гумару


Засмяяцца добрым, светлым смехам

можа толькі глыбокая добрая душа.

Мікалай Гогаль


Што можа выратаваць чалавека ад безнадзейнасці, ад самоты і адчаю? Што дапаможа яму ў хвіліны, калі навакольны свет звужаецца і здаецца, што з цяжкай сітуацыі няма выйсця? Панацэя ёсць, і гэта — гумар. Ён стварае своеасаблівую оптыку, якая дазваляе зірнуць на праблему з іншага боку. Бо смех існуе столькі, колькі жыве чалавецтва — варта звярнуцца да творчасці Арыстафана, Бакача, Рабле…

Шмат каму наш беларускі гумар падаецца бляклым і невыразным — маўляў, хіба гэтыя асцярожненькія, прычасаныя жарцікі, якія друкуе «Вожык», могуць канкурыраваць з сучаснымі зборнікамі «барадатых» анекдотаў, з досціпам зорак стэндапу, «КВЗ», рэп-батлаў ці «Comedy Club»? Канечне, не. Бо гэта проста розныя сусветы. Мажліва, «бяда» беларускага гумару ў тым, што ён занадта сціплы, інтэлігентны і выхаваны?

Параўнаць замежны жарт з нашым прапануе беларускаму чытачу вядомы айчынны гумарыст Міхась Сліва, які ўжо не адно дзесяцігоддзе плённа працуе ў гэтым кірунку. Яго творы неаднаразова адзначаліся рэспубліканскімі прэміямі, ён аўтар шматлікіх кніг прозы, публіцыст, крытык. Яго смех не злосны, жарт — цёплы, сяброўскі, зычлівы.

Сёлета ў выдавецтве «Чатыры Чвэрці» ў серыі «Незур’ёзна пра сур’ёзнае» пабачыў свет новы празаічны зборнік пад назвай «Ідэальная жонка», у якім пісьменнік выступіў у якасці перакладчыка. Кнігу склалі перастварэнні паводле твораў замежных майстроў гумарэскі. «Пакуль мы смяёмся — з намі ўсё ў парадку» — такое выказванне амерыканскага празаіка Сола Белоу служыць эпіграфам да кнігі. Апавяданні, што ўвайшлі сюды, варта прачытаць, каб чарговы раз пераканацца: межы паміж дзяржавамі — у нас у галовах. Людзі ўсюды аднолькавыя, і смяюцца яны з аднаго і таго ж.

Дзякуючы Міхасю Сліву, у чытача з’явілася магчымасць пазнаёміцца з гумарам найбліжэйшых суседзяў — украінцаў, чэхаў, расіян, балгар, палякаў. Аднак сустракаюцца і творы літаратараў з Татарстана, ЗША, Італіі, Турцыі, Аўстраліі.

Найбольшую ўвагу Міхась Сліва ўдзяляе нашым паўднёвым суседзям. Прычым Украіна прадстаўлена ў асноўным пісьменнікамі савецкага перыяду — гэта Астап Вішня, Рыгор Шыян, Паўло Кушч, Ігар Лагоза, Віктар Семяняка… Кідаецца ў вочы злабадзённая, або, як казалі раней, выкрывальніцкая, фельетонная тэматыка. Добра гэта ці дрэнна — меркаваць чытачу, але многія вострыя пытанні, што закраналі ў сваіх гумарэсках украінскія савецкія пісьменнікі, такія як бюракратыя, падхалімаж, хамства і некампетэнтнасць начальства, застаюцца актуальнымі і сёння… Напрыклад, апавяданне Людмілы Каліноўскай «Празявалі» нібыта спісана з сучаснасці, настолькі тыпова адлюстраваны тут узаемаадносіны ў калектыве на фоне адной з праверак. Прадстаўлена таксама ў кнізе творчасць украінскага філосафа і пісьменніка Рыгора Скаварады: тут змешчаны яго «Байкі харкаўскія». Знайшлі сваё месца ў выданні і апавяданні чэшскіх пісьменнікаў Карэла Чапека і Яраслава Гашака. З расійскіх — Тэфі, Алега Дараганя, Эдуарда Угулавы. Пытанню, як сумясціць творчасць і штодзённы побыт, прысвечаны аповед турэцкага пісьменніка Шакіра Баклы.

Сяброўства і варажнеча, сквапнасць і шчодрасць, глупства і дасціпнасць, сумленне і зрада, смех скрозь слёзы — на старонках кнігі чытач знойдзе самы шырокі спектр жыццёвых праяўленняў. Падаецца, што задачай Міхася Слівы было паказаць шматграннасць гумару, не абмежаванага нейкай адной мясцовасцю ці менталітэтам. Адметна: у кнізе няма пошласці і непрыстойнасці, што сведчыць пра эстэтычны і літаратурны густ перакладчыкаўкладальніка. Падобных выданняў не хапае ў нашай літаратурнай прасторы, і той факт, што выдавецтва праз сваю арыгінальную і цікавую серыю знаёміць чытача з гэткімі творамі, не можа не ўсцешваць.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?