Вы тут

Фантастычныя рэбусы Георгія Скрыпнічэнкі


Георгій Скрыпнічэнка — першы і самы паслядоўны прадстаўнік беларускага сюррэалізму, чые работы сёння ўваходзяць у залаты фонд беларускай культуры. За апошнія два гады ў Беларусі было арганізавана некалькі выставак майстра, і ніводны праект не паўтарыўся. Цяпер у мастацкай прасторы «Арцель» працуе выстаўка «Міфы і легенды Георгія Скрыпнічэнкі», дзе прадстаўлены работы са спадчыны майстра і прыватных калекцый. Экспазіцыя дазваляе гледачу пазнаёміцца з некаторымі карцінамі, якія не экспанавілся раней, а таксама са спецыяльнай падборкай графічных работ аўтара.


«Вока Божае як авадні». 1965—1993 гг.

Выстаўка «Міфы і легенды Георгія Скрыпнічэнкі» атрымала такую назву невыпадкова. Мастак быў чалавекам багемным, эпатажным у мастацтве, але яго асабістае жыццё і ўнутраны свет былі закрытымі ад навакольных вачэй. Менавіта таму вакол асобы аўтара заўсёды было шмат легенд.

Талент мастака праяўляўся ва ўменні рэалізоўваць сябе ў разнастайных жанрах, фарматах і тэхніках. Ён ствараў вялікія цыклы работ, часта вяртаўся да раней напісаных карцін. Не любіў прадаваць іх, а, наадварот, даражыў, як сваімі дзецьмі, бо ўклаў у іх душу.

Мастак пісаў сюррэалістычныя сюжэты, абапіраючыся на беларускую міфалогію і гістарычны кантэкст. Напрыклад, карціна «Выкраданне Еўропы» на выстаўцы прадстаўлена ў трох варыянтах. У партрэце Барбары Радзівіл мы бачым адлюстраванне беларускіх традыцыйных сімвалаў — гняздо, бусел.

— Часта гавораць, што падкрэсліваць сюррэалістычнасць Скрыпнічэнкі — гэта значыць нагадваць пра другаснасць, бо работы мастака сугучныя з творчасцю Сальвадора Далі, — падкрэслівае куратар выстаўкі Ала Зміёва. — Але першыя сюррэалістычныя работы Георгія Скрыпнічэнкі датаваныя канцом 60-х — пачаткам 70-х гадоў. А тады яшчэ не было каляровых рэпрадукцый, я ўжо не кажу пра альбомы Сальвадора Далі. Першы альбом Далі трапіў у рукі мастака толькі ў пачатку 90-х гадоў, менавіта тады ён захапіўся творчасцю іспанскага мастака. Далі стаў правадніком Георгія Скрыпнічэнкі ў свет філасофскага развіцця. У мастака заўсёды быў шырокі дыяпазон поглядаў. Другой нашай задачай было жаданне паказаць глыбіню і стрыманасць работ мастака, нягледзячы на тое, што візуальна яны вельмі яркія.

У сюррэалістычных творах мастака прыкметныя партрэтныя элементы, у тым ліку аўтапартрэты, адзін з якіх прадстаўлены на выстаўцы. Таксама часта сустракаюцца партрэты ўнутры сюжэта. Часам гэта партрэт галоўнага героя ў сюжэце, а часам маленькая прымайстраваная фігурка. Партрэты іншых людзей, якія прысутнічаюць у творах, у значнай ступені супадаюць з рэальнымі персаналіямі з яго жыцця. Ён не маляваў абстрактных людзей, а выбіраў у якасці персанажаў асоб з яго акружэння.

Пры ўсёй яго багатай сюжэтнай фантазіі, ён ніколі не забываў пра рэчаіснасць.

З элементаў рэальных жыццёвых назіранняў, прапушчаных праз прызму ўласнага ўяўлення, мастак ствараў амаль архітэктанічныя вобразы. Некаторыя яго малюнкі мелі асацыятыўны працяг і сталі падставай для стварэння каляровых варыянтаў апрабаванай у чорна-белай графіцы тэмы.

«На Палессі гоман». 1982—1983 гг.

— Георгій Скрыпнічэнка не меў акадэмічнай мастацкай адукацыі, але ўзровень яго творчай глыбіні такі, нібыта ён прайшоў усе этапы мастацка-творчага навучання. Мастак — выхадзец са школы Садзіна. Ён наведваў яго студыю, пражываючы ў Слуцку, — расказвае Ала Зміева. — Якраз-такі гэтая студыя спарадзіла такіх вядомых беларускіх мастакоў, як браты Басалыгі, Уладзімір Цэслер… Таму Георгій Сяргеевіч за спінай меў добрую мастацкую базу. Ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і быў цалкам задаволены сваёй падрыхтоўкай. Лічу, што адсутнасць у аўтара акадэмічнай адукацыі дапамагло яму не абмяжоўваць свой творчы дыяпазон, бо Скрыпнічэнка вядомы як мастак, які займаўся творчымі эксперыментамі. Дарэчы, пасля сябе ён пакінуў значную спадчыну, якая налічвае тысячы твораў.

— Мне здаецца, яго творчасць застаецца недавывучанай пры ўсім яе багацці, — падкрэслівае Ала Зміёва. — Я ўпэўнена, што Скрыпнічэнка — адзін з брэндаў беларускага мастацтва. Прафесійны і непаўторны мастак з узрушальным пачуццём колеру, формы, настрою.

Асаблівай увагі на выстаўцы заслугоўвае серыя графічных работ. Графічныя галаваломкі Георгія Скрыпнічэнкі ўварваліся ў беларускае мастацтва ў 60-х гадах, збянтэжыўшы іншым поглядам на рэчаіснасць. Яго работы былі насычана-дэкаратыўныя і адкрыта эпатажныя для таго часу. Ірэальна-гратэскныя, алегарычныя, з феерверкам вобразаў, яны былі заўважаны гледачамі. Мастак стварыў свет, які не паддаваўся класіфікацыі і звыкламу мастацтвазнаўчаму аналізу. Пры гэтым яго работы сведчылі пра ўменне тонка адчуваць суадносіны лініі і плямы. Георгій Скрыпнічэнка быў захоплены рускім сімвалізмам, паэзіяй Ганны Ахматавай, Зінаіды Гіпіус, Іосіфа Бродскага, Ігара Севяраніна і іншых. Эстэтыка сімвалістаў моцна паўплывала на яго свядомасць. Ён пранікся неабходнасцю абуджаць вобразы, адлюстроўваць не рэчы, а свае ўражанні ад іх.

У творах Георгія Скрыпнічэнкі ёсць не толькі звышрацыянальная чуласць, але і надзвычай тонкае валоданне майстэрствам намёку, каштоўнасць аўтарскай мастацкай мовы — у недагаворанасці, схаваных сэнсах, што надаюць яго работам шматзначнасць і непаўторнасць.

Экспазіцыя «Міфы і легенды Георгія Скрыпнічэнкі» атрымалася цэласнай і дыялагічнай. Дарэчы, пры жыцці мастак ніколі не тлумачыў свае творы, для яго было важным, каб карціны, поўныя метафар і алегорый, заставаліся для гледача фантастычным рэбусам.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.