Вы тут

Нямыя фільмы яшчэ актуальныя?


На мінулым тыдні завяршыўся VII open-air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінемо». На працягу пяці вечароў ва ўнутраным дворыку музея-майстэрні З. І. Азгура дэманстраваліся нямыя фільмы класікаў сусветнага кінематографа, агучаныя сучаснымі беларускімі і замежнымі музыкантамі і кампазітарамі. Цікава, чаму і хто сёння выбірае прагляд нямога кіно? Дзеля гэтага я наведала некалькі паказаў і гатова вам усё распавесці.


Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, на кожным фестывальным паказе свабодных месцаў не заставалася. Зрэшты, выраз «хто не паспеў, той спазніўся» да «Кінемо» не адносіцца: тут рады былі ўсім і заўсёды, а яшчэ лепш, калі вы прыходзіце са сваім кілімком, на якім можна зручна размясціцца на лузе ў панадворку музея. «Кінемо» насамрэч неверагодна рамантычны фестываль: нямое кіно, жывая музыка, прырода, заход сонца, пледы і гарбатка ў тэрмасе.

Сёлета фестываль паспеў паказаць нямое кіно ў Мінску, Магілёве і Гродне. Кампазітарамі, чыя музыка гучала падчас паказаў фільмаў, выступілі не толькі айчынныя музыканты, але і замежныя — з Германіі і Польшчы.

Нязменныя арганізатары фестывалю — праект Сіnеmаsсоре, Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў і Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура. Каб даведацца больш аб аўдыторыі фестывалю і актуальнасці нямога кіно ў сучасным свеце, пагаварылі з адным з арганізатараў «Кінемо» Георгіем Глікам.

Георгій умоўна падзяліў гледачоў фестывалю на тры катэгорыі. Першыя — тыя, хто прыходзіць у пошуках нязмушанай і прыемнай атмасферы, да гэтай групы можна аднесці закаханыя пары, якія хочуць правесці вечар рамантычна. Да другой катэгорыі адносяцца людзі, якіх прыцягвае акадэмічная музыка, — іх цікавасць да фестывалю мае падставы з улікам таго, што фактычна ўсе музыканты маюць акадэмічную адукацыю, а для кожнага фільма спецыяльна пішуць музыку прафесійныя кампазітары. І трэцяя «каста» — прыхільнікі кінематографа, яго гісторыі. Гэта самыя захопленыя гледачы.

Тут звычайна шмат моладзі, але людзі шаноўнага ўзросту таксама наведваюць фестываль, ды яшчэ і дзяцей прыводзяць.

XXI стагоддзе, у кіно і серыялах з дапамогай камп’ютарнай графікі адраджаюць драконаў і ствараюць бітвы неверагодных маштабаў. Чаму ж тады нямое кіно застаецца актуальным для сучаснага гледача?

— Таму што з гадамі нямое кіно ўсё больш набывае статус класікі, а яна заўсёды актуальная, — дае адказ Георгій. — Правільна кажуць, што не ведаючы гісторыі, нельга тварыць будучыню. Гэта значыць, без ведаў аб гісторыі кіно нельга ствараць сучасны кінематограф, таму што фактычна ўсе прыёмы мантажу і акцёрскага кінамастацтва зарадзіліся ў той час, і мы іх бачым у старых фільмах. Існуе тэорыя пра тое, што мастацтва мантажу было страчана са з’яўленнем гукавога кіно. Словы сталі вымаўляцца, іх ужо не трэба было неяк паказваць.

Падчас фестывалю я наведала паказ фільма «Горная кошка» рэжысёра Эрнста Любіча. Сучасную музыку да гэтага нямога фільма напісала польская кампазітар Аляксандра Хмялеўская. Увесь фільм жа — дзёрзкая камедыя ў галоўнай ролі з жанчынай-вамп таго часу Полай Нягрэй, якую любіў Чарлі Чаплін. У яе быў закаханы Рудольф Валянціна, а Сара Бернар прызнала Полу сваёй пераемніцай. Пола Нягрэй у «Горнай кошцы» сыграла незвычайную для яе камедыйную ролю. І, улічваючы, што сярод сучасных гледачоў не сціхалі смяшкі, сваю працу актрыса зрабіла добра. Але цяперашняму гледачу за гэтым багаццем смеху і занадта экспрэсіўнай на сучасны погляд манернасцю ў акцёрскай ігры можа падацца, што нямое кіно не дастаткова сур’ёзнае. У гэтым мяне разупэўніў Георгій:

Кадр з фільма «Горная кошка».

— Справа ў тым, што такая акцёрская работа з доляй блазнерства была абумоўлена неабходнасцю паказаць у кадры адрозненне кіно ад фатаграфіі. Тады існавалі традыцыйныя прылады, якія паказвалі фатаграфію на вялікім экране, накшталт нашых дыяпраектараў. Для разумення, што гэта жывая карцінка, неабходна было больш рухаў і экспрэсіі, каб гледачы бачылі — гэта фільм. У 20-я гады мінулага стагоддзя ад гэтай тэндэнцыі сталі адыходзіць. Калі мы ўжо глядзім нямецкае або савецкае кіно, то там амаль няма манернасці. Напрыклад, «Браняносец “Пацёмкін”», у ім ёсць утрыраваныя вобразы, якія выкарыстоўваюцца ў тэатры, то бок буржуа павінен выглядаць пэўным чынам, але блазнерства няма. Дваццатыя гады — гэта залаты век нямога кіно, таму што з’явілася шмат добрых акцёрскіх і рэжысёрскіх работ, а мода на «крыўлянне» ўжо прайшла. Паглядзіце «Страсці Жаны д’Арк» — там вельмі трагічныя вобразы, у кінакарціне зняліся выдатныя тэатральныя акцёры.

Што думаюць гледачы пра нямое кіно, трэба спытаць найперш у іх саміх.

Малады хлопец Аляксандр глядзіць нямы фільм ужо не першы раз:

— Нямое кіно выглядае больш жыва, чым сучаснае. Няма слоў, а таму больш шчырыя эмоцыі, усё зразумела толькі па выразу твару артыста. Жанчына па імені Вольга ўпершыню прыйшла на паказ нямога кіно:

— Я неверагодна ўражана! Асабліва спадабалася спалучэнне візуальнай часткі і музыкі, якую падабралі спецыяльна для фільма. У кожнага сюжэта свой матыў з пэўным настроем, гэта вельмі дапамагае ўспрыманню. Думаю, нямое кіно — гэта асаблівае мастацтва. Нават калі ў свеце ўсё так хутка развіваецца, мне здаецца, важна вяртацца да вытокаў.

Улад працаваў на пляцоўцы «Кінемо» на працягу ўсяго фестывалю, частаваў гасцей глінтвейнам:

— Думаю, цяперашняя моладзь больш цікавіцца такімі плынямі, чым людзі старэйшага ўзросту. Хоць некаторыя маладыя людзі прыходзяць, таму што модна, а іншыя глядзяць, таму што гэта даступна і можна адкрыць для сябе нешта новае. Сярод гледачоў фестывалю шмат людзей мастацтва, большасць гасцей размаўляе на беларускай мове, што мяне здзівіла. Маё знаёмства з нямым кіно, напэўна, як у многіх, пачалося з Чарлі Чапліна. Я яго бачыў даўно і не з’яўляюся прыхільнікам. Тут мы прытрымліваемся камерцыйнай цікавасці, але паралельна глядзім фільмы. Чым больш глядзіш, тым больш чагосьці знаходзіш для сябе, для пашырэння кругагляду.

Калі чалавек прыходзіць першы раз на нямое кіно і не дастаткова разумее, што гэта такое, то наўрад ці здолее ацаніць гэтую імпрэзу належным чынам. Фільмы доўжацца па часе столькі ж, колькі ідзе і звыклае для сучаснага гледача кіно. Акрамя таго, да такога кінамастацтва трэба прывыкнуць. Ёсць пэўная спецыфіка гукавога суправаджэння. Безумоўна, гэта прыгожа, але часам складана ўспрымаць без падрыхтоўкі, гэтую культуру трэба прывіваць паступова.

Наталля ВАВІЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.