Вы тут

Тэрменвокс: шэпт чуецца на адлегласці


Чароўны, мілагучны, жудасны, дзіўны, магічны, агідны, тонкі, загадкавы, няўлоўны, пяшчотны… Не, гэта не ўрывак са слоўніка эпітэтаў, а кароткі пералік якасцей, што адгукнуліся на добра пастаўлены голас савецкага фізіка-акустыка Льва Тэрмена, на яго сумненне і гонар — тэрменвокс.


За сто гадоў існавання інструмент паспеў шмат: хваляваў даследчыкаў, спрабаваў сілы ў кіно, смакаваў славу The Beatles, Led Zeppelin, Rammstein, смуткаваў са Sting… Хіба пералічыш усе зоркі на зямлі? А на небе? Тры, два, адзін — і паляцелі запісы тэрменвокс-канцэрта на спатканне з шасцю сузор’ямі. Падумаць, Вялікая Мядзведзіца слухае «Вакаліз» Рахманінава… Але што космас — і да зямнога слухача мастацтва мусіць ісці праз церні. Нягледзячы на сапраўды сусветную вядомасць, знешнасць электрамузычнай вынаходкі ўсё адно палохае, бянтэжыць, цягне няўпэўненае: «Тэрмен… тэрмен… што?» Мажліва, гэтае пытанне, як і іншыя варыяцыі зваротаў, скарае вар’яцкае памкненне: страціць сябе, выкараніць, спаліць, выдаліць — згубіцца назаўжды. Загінуць, каб нарадзіцца адказам. Тым самым, якога шукае чалавек. Чалавек без тэрменвокса.

Музыка — максімаліст: яе веданне асобы не змяшчае прагалаў. Дзе чалавечы боль, дзе спакой, дзе спадзеў — усё чуе, усё разумее. Разумее музыка і тое, што лёс часам легкадумна (а можа, наадварот, разлічана і пакутліва?) аддае галоўную ролю выпадку. Адтуль і парадоксы: Леў Тэрмен зрабіў адкрыццё — унікальны музычны інструмент — не ў пецярбургскай кансерваторыі, якую з поспехам скончыў, а ў фізіка-тэхнічным інстытуце, куды малады Тэрмен зусім не выпадкова быў запрошаны на працу. Музыка не вораг лічбам, віяланчэльнае аддзяленне не сапернік фізіка-матэматычнаму факультэту: Леў Сяргеевіч адначасова спасцігаў дзве, як прынята лічыць, далёкія прафесіі.

Так, тэрменвокс прыдумала не гора, не ўмоўны лад няспраўджанага, не балючае шуканне музы, не яе таемная блізкасць. Інструмент нараджаўся на магнітным полі, пад святлом катоднай лямпы ды з электрычнымі хістаннямі — частаты пераменнай, частаты пастаяннай. Крыўдна? Празаічна? Але ж стасункі з тэрменвоксам — заўсёдная паэзія. Далікатнасць, асцярожнасць, тонкасць, памножаныя на забарону дакрануцца. Ігра на тэрменвоксе (без пафасу) не мае сабе падобных.

І няхай не пужаюцца тыя, хто калісьці не прыняў цяжкія ўмовы задач па фізіцы: адносіны з тэрменвоксам — што ўдалая рыфма да адносін з людзьмі. Усё вызначае адлегласць — паміж імі і вамі, вамі і крыніцай музыкі. Так пачынаецца мелодыя. Яе характар — у прамой залежнасці ад характару вашых жэстаў: шчыльны гук коціцца з перадплечча, вытанчанасць хаваецца ў запясці і пальцах. Мо ўсё ж «не рубіць з пляча»?.. Гучнасць нот зноў жа адбірае даўжыня: чым бліжэй рука выканаўцы знаходзіцца да паверхні тэрменвокса, тым цішэй становіцца голас інструмента. Знаёма? Шэпт не чуецца ў далечы… Тэрменвокс пільна сочыць за кожным рухам свайго майстра: ледзь заўважная дрыготка, хістанне, паварот цела, нават кароткі ўздых — найменшая змена ў паводзінах выканаўцы — і шчымлівае ваганне паветра імкліва знікае. На памяць — толькі фальш. І як вярнуць пакрыўджаную каштоўнасць? Здаецца, нядрэнная выява дзвюх патрэбных адна адной постацей… Разам з тым здабытак Тэрмена не абмяжоўваецца нервовасцю ды пачуццёвасцю. Пэўна, галоўная моц інструмента — у яго дыяпазоне: тэрменвокс ахоплівае восем актаў! Вось яна, дасканаласць вакаліста. Ні навучыць, ні перадаць.

А ўдасканальваць вынаходніцтва Льва Тэрмена імкнуліся многія. Так, дзякуючы намаганням амерыканскай выканаўцы Клары Рокмар — адной з першых вучаніц Тэрмена, была палепшана тэхніка гукавылучэння, што дазволіла ўключыць у рэпертуар тэрменвокса шэдэўры класікі. Яшчэ адзін паслядоўнік Льва Тэрмена — Канстанцін Кавальскі — стваральнік новых відаў электрамузычных інструментаў. Да азіяцкіх земляў работа Тэрмена дайшла ў выглядзе прыдуманага японскім майстрам Масамі Такеучы матроміна — тэрменвокса, схаванага ў матрошку. І іграць на ляльцы-інструменце прынята ў ансамблі, дзе колькасць удзельнікаў — сотні. Уражвае? Асабліва калі ўспомніць паходжанне музычнай прылады…

У беларускім музычным свеце тэрменвоксы прызвычаіліся захоўваць уласнае сола. Звычка добрая. Шкада толькі рэдкая. Музычная электроніка знаходзіла слухачоў на розных пляцоўках: на вуліцы, радыё, у музеі, гандлёвых цэнтрах, арт-галерэях, студыях тэлеканалаў. Геаграфія, пройдзеная многімі інструментамі. Толькі для адных — гэта варыянты альтэрнатыўныя, а для іншых — адзіныя…

Этапнай падзеяй для вандроўніка-тэрменвокса стаў спектакль «З жыцця насякомых», пастаўлены Святланай Бень і Дзмітрыем Багаслаўскім. Музыка, напісаная Валерыем Воранавым, зрабіла «голас Тэрмена» паўнавартасным героем, а інструмент — прафесійным акцёрам, пра якога даведаліся ўсе аматары міжнароднага тэатральнага фестывалю «ТЭАРТ-2016». Пасля пастаноўкі «супрацоўніцтва» тэрменвокса і Святланы Бень прадоўжылася: інструмент аздобіў творчасць гурта «Срэбранае вяселле».

Апошнім часам яшчэ адным месцам, адкрытым для касмічнага тэмбру, сталі сакральныя для многіх беларусаў сцены архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Пад святымі скляпеннямі ўсталявалася цудоўная традыцыя: упрыгожанне электрагукамі, знаёмства вернікаў з творамі маладых беларускіх кампазітараў: Вікторыі Спарыш, Вольгі Падгайскай, Віктара Кісценя, Андрэя Цалко, Вячаслава Пяцько, Алены Гуцінай, Кацярыны Шымановіч. І пошук, і эксперымент, і такая чаканая для ўсіх падтрымка… Маладое сяброўства мацнее і пашырае межы: артысты толькітолькі вярнулася з пінскага арганнага фестывалю.

Таксама беларускія прыхільнікі тэрменвокса, напэўна, памятаюць фестываль «Мінская вясна — 2017», калі на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі гучаў Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь разам з галоўным героем гэтага тэксту. Фундамент быў закладзены трывалы — і сёлета тэрменвокс узяў удзел у цыкле канцэртаў «Беларускі арганны фэст». Сцэна філармоніі зрабіла трапнае абагульненне: сачыненні ўжо згаданых маладых кампазітараў перакрыжоўваліся з бессмяротнай творчасцю Іагана Себасцьяна Баха, Каміля СенСанса, Гаэтана Клерамбо, Георга Тэлемана, Карла Бёльмана; а ў прывабным радку з прозвішчамі выканаўцаў, сярод якіх ёсць і Ігар Алоўнікаў, і Уладзімір Неўдах, і Ксенія Пагарэлая, з’явіўся надпіс: «Арцём Атрашэўскі (тэрменвокс)» — імя чалавека, які пранёс свой інструмент па ўсіх узгаданых прыступках .

Блізкасць з прызнаным, хочацца верыць, здольная на цуд фізікі — і цікавасць да дзіўнага інструмента стане канстантай.

Марыя СТРАХ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».