Вы тут

Навошта на Магілёўшчыне «аруць раку»?


Нашы продкі верылі, а старыя людзі, відаць, вераць і сёння, што ў сусвеце існуюць пэўныя формулы-ключы. Ведаючы іх, валодаючы адметнымі ўменнямі, чалавек можа стаць валадаром над сіламі прыроды. Напрыклад, выклікаць ці спыняць дождж, узмацняць ці суцішваць вецер, размаўляць з жывёламі і выведваць іх таямніцы. Праўда гэта ці не, навуковымі метадамі даказаць цяжка, цяжка знайсці, разгадаць тыя самыя формулы і праверыць іх доследным шляхам. Бо веды гэтыя таемныя, адкрываюцца яны не кожнаму, зберагаюцца варажбітамі і перадаюцца як вялікі сакрэт і каштоўнасць.


Але вясковыя жыхары і сёння вераць, што дзіўныя дзеянні, напрыклад, разбурэнне платоў, перанос варотаў у балота, сыпанне ў калодзеж маку, могуць выклікаць дождж. А музыкі, навукоўцы, якія ў сваёй рабоце і даследаваннях мелі магчымасць дакрануцца да каранёвай культуры беларусаў, заглыбіцца ў яе старажытныя пласты, часам згадваюць, што па неасцярожнасці ці праз няведанне, выканаўшы пэўную рытуальную песню, маглі справакаваць навальніцу ці моцны дождж.

Зрэшты, не ўсе таемныя рытуалы ўздзеяння на прыроду і надвор’е нават у нашы дні забыты ці схаваны пад пылам чалавечай памяці. Так, старадаўні абрад заклікання дажджу, што захаваўся ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна, з’яўляецца аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і знаходзіцца пад аховай. Праўда, часам мясцовыя жыхары выказваюць незадаволенасць, маўляў, рытуальныя дзеянні выконваюцца на камеру, для журналістаў, без асаблівай патрэбы, таму прырода помсціць такой неабгрунтаванай гульні ў магію моцным дажджом, які цягнецца некалькі тыдняў, і просяць жанчын выканаць абрад з «адваротным» сэнсам, каб дождж спыніць.

Прычын узнікнення засухі нашы продкі знаходзілі шмат. Напрыклад, вядзьмарскае насланнё, выкананне людзьмі забароненых у пэўныя каляндарныя тэрміны дзеянняў. Так, справакаваць засуху можа ўстаноўка платоў і агароджаў да Дабравешчання, пастаўлены не ў свой час помнік на магіле, пахаваны тапелец, якому «ўсё мала вады», або самагубца, якога, супраць правіл, пахавалі на тэрыторыі могілак, а не за агароджаю. Каб не выклікаць засуху, нельга было нікому і нічога пазычаць у час пачатку ворыва, ускопвання градаў, засевак. Каб улетку не было засухі, трэба было адзначаць дзень прарока Ільі і аблівацца ў Сухі (Траецкі) чацвер вадою.

Па правілах, у абрадзе бяруць удзел толькі жанчыны, часта ініцыятаркамі выступалі ўдовы. Менавіта на іх гаспадарку, ураджай праз адсутнасць мужчынскай сілы доўгая адсутнасць дажджу ўплывае наймацней. Рытуал праводзіцца ў таямніцы ад іншых жыхароў вёскі, а яго ўдзельніцы, паводле традыцыі, павінны быць цалкам аголены. Праўда, сёння апошнія пункты з розных прычын не выконваюцца: за дзеяннямі жанчын назіраюць аднавяскоўцы, даследчыкі і журналісты, а самі жанчыны адзеты ў доўгія вышываныя кашулі.

Абрад арганізоўваўся і праводзіўся наступным чынам. Падчас спякотнага лета, калі дождж не ішоў месяц, жанчыны, ідучы з працы на абед, дамаўляліся пераараць раку Асцёр. Бралі плуг або саху і ў таямніцы ад мужчын і дзяцей, размаўляючы шэптам, кіраваліся да вады. Калі жанчыны падыходзілі да ракі, абавязкова чыталі «Ойча наш», хрысціліся, а потым да неба ўзнімалі дзве рукі, прасілі Бога, каб дапамог паліць зямлю, каб жыццё працягвалася. Казалі прыкладна такія словы: «Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб добра ўрадзіла і ўсіх напаіла…». Пасля знімалі з сябе ўсё адзенне, заходзілі ў ваду і цягнулі па дне плуг — «аралі ваду». Дзве жанчыны цягнулі плуг, адна ішла за імі, яшчэ адна паганяла пугай або галінкай, астатнія стаялі на беразе і спявалі.

Уся дзея праходзіць пад песню:

 Ой, не стаяла б ды белая бярозачка над вадою,

Не скланяла б яна сваё голле ўніз да долу.

А там дзеўка-чарнаброўка ваду брала,

Ваду брала ды размаўляла…

Упрагаліся ў плуг звычайна пажылыя, а моладзь «паганяла». Аралі раку толькі адзін раз. Напрыканцы таксама маліліся. Кажуць, што дождж часам пачынаўся праз гадзіну пасля гэтых дзеянняў, а былі выпадкі, калі трэба было пачакаць дзень ці два.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.