Вы тут

Музычны тэатр завяршае цыкл канцэртаў у фармаце open air


Сёлета Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр Беларусі выступае ў замках Ліды і Міра.


Выступленні музыкаў, якія прадстаўляюць самыя розныя жанры, у антуражы замкаў і палацаў –– сусветны трэнд, падхоплены і ў нашай краіне. Другі год Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр дае канцэрты ў Мірскім замку, на гэтай жа пляцоўцы завершыць 27 ліпеня 49–ы тэатральны сезон.

А перадапошняе выступленне тэатра ў фармаце open air адбылося 20 ліпеня ў сценах Лідскага замка. І зусім не выпадкова быў абраны для паказу балет «Тысяча і адна ноч». Другое аддзяленне пачалося, калі сцямнела, і паверце, вельмі рамантычна глядзець балет пад зорным небам.

Публіка адорвала артыстаў апладысментамі за кожны складаны скачок і віртуозную падтрымку. Вядома, сцэна ў замку меншая за тэатральную, і салістам балета давялося гэта ўлічваць, але малюнак танца не страціўся. У Лідскім замку няма магчымасці размясціць аркестр, і таму балет ішоў пад фанаграму. І тут варта адзначыць бліскучую працу гукарэжысёра, бо музыка ў запісе гучала так, нібы побач насамрэч гралі скрыпкі і флейты.

Намеснік дырэктара музычнага тэатра па рабоце з гледачом Уладзімір Шавялёў, якому і належыць ідэя арганізацыі выступленняў калектыву ў фармаце open air, вельмі задаволены першым годам супрацоўніцтва з Лідскім гісторыка–мастацкім музеем. Лідчане гасцінна прымаюць артыстаў, прыстасоўваюць памяшканні пад грымёркі, ствараюць неабходныя ўмовы для выступленняў. Усё добра арганізавана як з боку работнікаў музея, так і тэатра.

У Лідскім замку стацыянарная глядзельная зала, што вельмі зручна для публікі. Выглядае яна кампактна, але змяшчае больш за паўтысячы чалавек. І 20 ліпеня яна практычна ўся была запоўнена. Па словах Уладзіміра Шавялёва, арганізаванай публікі было няшмат: толькі два прадпрыемствы выкупілі па 25–30 білетаў, усе астатнія квіткі набылі гараджане. Яны кажуць, што замак — гэта не толькі сэрца горада, але і цэнтр культурнага жыцця, таму з задавальненнем наведваюць многія  мерапрыемствы, якія тут ладзяцца. А гастролі тэатра з Мінска –– гэта падзея, якую нельга прапусціць!

«Мы стараемся як мага часцей выбірацца са сталіцы, –– кажа Уладзімір Шавялёў. — Пабывалі ва ўсіх абласных цэнтрах і многіх малых гарадах. Людзям часам няпроста выехаць у Мінск у тэатр, таму мы самі едзем да гледача. Вядома, мае вялікае значэнне пляцоўка: каб размясціць дэкарацыі, усталяваць асвятленне. Поўнамаштабны спектакль –– гэта фура рэквізіту. Мы разумеем, што не ў кожны горад можна прывезці мюзікл або балет, таму ў рэпертуары з'яўляюцца спектаклі з больш кампактнымі дэкарацыямі. Але мы дакладна не будзем працаваць як нейкія заезджыя артысты, у якіх увесь рэквізіт «Сільвы» змяшчаўся ў вялікі дарожны чамадан.

У мінулым годзе музычны тэатр ладзіў «Летнія музычныя вечары» ў Мірскім замку, у гэтым дадаўся Лідскі замак і «Тэатральныя сустрэчы» ў ім. У Мір прыязджае публіка амаль з усёй Беларусі, у Лідзе ў асноўным прыходзяць свае, горад жа немаленькі.

У гэтым годзе гала-канцэрт у Міры будзе называцца «Ноч сусветных хітоў». У ім прагучаць шэдэўры з сусветна вядомых мюзіклаў і замежныя хіты XX стагоддзя, такія як «Амерыка» з мюзікла Л. Бернстайна «Вестсайдская гісторыя», «Summertime» з оперы Дж. Гершвіна «Поргі і Бэс», дуэт з мюзікла «Прывід оперы» Э. Л. Уэбера, «Hafanana» А. Сімона, дуэт з мюзікла «Граф Монтэ-Крыста» і многія іншыя ўсімі любімыя кампазіцыі. У канцэрце будуць занятыя салісты-вакалісты: заслужаная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, Кацярына Дзегцярова, Вольга Жалезкая, Леся Лют, Лідзія Кузьміцкая, Сяргей Суцько, Віктар Цыркуновіч, Дзмітрый Шабеця; салісты тэатра Сяргей Спруць, Мікалай Русецкі, Сяргей Кілеса, Уладзіслаў Даніловіч і інш.; ансамбль салістаў, балет аперэты і мюзікла, сімфанічны аркестр. Таксама гледачы змогуць атрымаць асалоду ад віртуознай ігры гітарыста Аляксандра Церахава. І гэта сапраўды будзе цудоўна, таму што самі артысты закаханыя ў творы, якія падораць публіцы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара і Ганны ЖЫБУРТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».