Цэнтральны батанічны сад сталіцы на выхадных ператварыўся ў сапраўдную рабочую пляцоўку, дзе малыя маглі атрымаць працоўную кніжку і зарабіць свае першыя грошы. Дзеці гатавалі стравы, саджалі кветкі, запраўлялі аўто і нават даілі карову...
Новыя планеты і яблыневы сад
У Цэнтры занятасці арганізатары фестывалю заводзілі дзецям працоўныя кніжкі, з якімі яны адпраўляліся працаўладкоўвацца. За два дні малыя асвоілі мноства навуковых, творчых і рабочых прафесій. За работу па кожнай яны атрымлівалі дзесяць букідсаў — сімвалічную валюту, за якую пасля можна было набыць цацкі ў спецыялізаванай краме.
На свята прыходзілі цэлымі сем'ямі. Мамы і таты ледзьве паспявалі за дзецьмі, якія хацелі паспрабаваць сябе літаральна ва ўсім: ад блогера, эколага і музыканта да байкера, ганчара і археолага.
У школе робататэхнікі, напрыклад, малыя працавалі выкладчыкамі ІT — праграмавалі і збіралі дынамічныя інтэрактыўныя мадэлі. А ў школе архітэктурнага мыслення «касманаўты» стваралі новыя планеты, называлі іх і запускалі на арбіту паміж дрэў.
«Сантэхнікі» прыкручвалі да падлогі ўнітаз, «плітачнікі» рэзалі плітку і стваралі з яе ўзоры, «маляры» фарбавалі, «будаўнікі» ўзводзілі цагляную сцяну. Юныя «запраўшчыкі» залівалі бензін у аўтамабілі, якімі кіравалі такія ж непаўналетнія кіроўцы.
Тыя, хто хацеў паспрабаваць сябе ў мужчынскіх прафесіях, працаўладкоўваліся футбалістамі, супрацоўнікамі ДАІ і ратавальнікамі. А творчыя асобы рабіліся музыкантамі, артыстамі цырка і мастацтвазнаўцамі.
На фестывалі можна было заняцца і сельскай гаспадаркай. Падаіць карову, стаць пчаляром і выбраць з сотаў мёд. «Агароднікі» высадзілі яблыневы сад, а «батанікі» праводзілі вопыты з лісцем у навуковай лабараторыі.
Экаторбы і крэм-суп
Акрамя працаўладкавання, на фестывалі праводзілі майстар-класы, на якія трэба было запісвацца загадзя, бо ахвотных хапала. Дэкаратары, напрыклад, распісвалі фарбамі палатняныя торбы.
— Майстар-класы ў нас пастаянна новыя. Цяпер дзеці вучацца дэкарыраваць экасумкі, робяць уласныя прынты. Перад гэтым дэкарыравалі брошкі, значкі і магніты, — кажа Лізавета, спецыяліст Сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай. — Крыху пазней яны будуць дэкарыраваць кашпо для кветак і вучыцца змешваць колеры.
У гэты час «інкасатары» правяралі грошы на сапраўднасць, разглядаючы на камп'ютары вадзяныя знакі. «Банкіры» рабілі скарбонкі і кашалькі.
— Вучымся не толькі браць растэрміноўкі і крэдыты, але і зберагаць грошы, — жартуе вядучы майстар-класа Раман СІНЯТКІН, выкладчык фінансавай асветы.
«Кухары» гатавалі крэм-суп з морквы, імбіру і вяршкоў. Страву гэтую нават не трэба было варыць.
— Пакуль садавіна ўзбіваецца ў блэндары, які робіць 30 тысяч абаротаў за хвіліну, яна награваецца да 80 градусаў — у выніку гатовы гарачы суп, — кажа Наталля ЛАПО, кіраўнік дзіцячых майстар-класаў.
«Дзеці тут усё з'ядаюць да дна, а дома яшчэ паспрабуй у іх той суп з агародніны запіхнуць», — смяецца мама «кухара» Вікторыі, якая толькі што наразала моркву, а пасля адным махам праглынула паўкубачка супа-пюрэ.
Горад з макароны і лаўка з кветак
Бацькі з задавальненнем працавалі разам з дзецьмі. Таты выпільвалі разам з юнымі «сталярамі» драўляныя шаблі, гаечныя ключы і малаткі. Дапамагалі маленькім «архітэктарам» узводзіць дамы з труб і кардону. Былі тут і будынкі з макароны ды згорнутых у трубачкі газет. З усіх гэтых канструкцый у батанічным садзе вырас цэлы горад будучыні. Заняткі тут, дарэчы, праводзілі сапраўдныя будучыя архітэктары, студэнты БНТУ па спецыяльнасці «архітэктура».
Узрост для работы не меў ніякага значэння. Вось, напрыклад, дом-робат з кардонак рабіў на будаўнічай пляцоўцы Кірыл, а дапамагала яму мама Настасся з немаўляткам на руках. Кажа, што зусім не цяжка спраўляцца з дзеткамі на такім мерапрыемстве, нават весела! Іншыя мамы краілі і рэзалі разам з дочкамі-«швачкамі», пільна сачылі, як модніцы-«візажысты» асвойваюць мастацтва макіяжа, і малявалі з маленькімі «мастачкамі» карціны, з якіх паміж дрэў стварылі цэлую арт-галерэю.
Супрацоўнікі батанічнага сада з маленькімі «ландшафтнымі дызайнерамі» стваралі інтэрактыўны арт-аб'ект — лаўку, упрыгожаную кветкамі.
— Мы падабралі расліны і разам з дзеткамі ўпрыгожваем кампазіцыю, якая застанецца тут, пакуль не скончыцца сезон, — паабяцала Алена ПУЗАНКЕВІЧ, кіраўнік сектара ландшафту, архітэктуры і фітадызайну Цэнтральнага батанічнага саду.
Сапраўдныя грошы і абдымкі
Для работы ў розных прафесіях арганізатары фестывалю давалі ўсе неабходныя матэрыялы. Аднак былі тут і тыя, хто зарабляў самыя сапраўдныя грошы, гандлюючы таварамі, створанымі ўласнымі рукамі. Юныя прадаўцы дзелавіта заклікалі пакупнікоў, нахвальваючы свой тавар.
— Мы самі гатавалі ўсё. Бабуля дала нам рэцэпт і сачыла, каб мы нічога не наблыталі, — кажа 11-гадовая Варвара, якая разам з 9-гадовым братам Міцем гандлявала тварожным і шакаладным печывам і малінавым зефірам.
За няпоўны дзень дзеці зарабілі каля 60 рублёў.
— Мы за тое, каб бацькі і дзеці бавілі час разам. Дома ва ўсіх свае справы, нават пасядзець у абдымку з малымі часу няма, а тут такія магчымасці ёсць! — гаворыць арганізатар фестывалю «Букідс» Таццяна ЮЗЭФОВІЧ. — Мы стараемся заўжды разнастаіць праграму і, акрамя творчых і тэатральных пастановак, робім тэматычныя пляцоўкі. Цяпер гэта прафесіі, дагэтуль былі кнігі, адукацыя і спорт, а таксама ўзаемадзеянне дзіцяці з навакольным асяроддзем.
Падчас мерапрыемстваў знясіленыя дарослыя падалі ў крэслы-мяхі і проста на траву, а неўтаймоўныя гледачы працягвалі скакаць ды весяліцца. Самыя маленькія забаўляліся ў пясочніцы з гароху ды расфарбоўвалі маляванкі. Падсілкавацца ж усе ахвотныя маглі стравамі на фермерскім фудкорце, дзе, акрамя іншага, прапаноўвалі экзатычныя напоі, накшталт ліманаду з агурка, лімона і базіліка. Так што забаўкі, ежа ды праца на фестывалі былі больш чым крэатыўныя і пакідалі моцныя ўражанні.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Пасля значнага вясновага «хапуна», на майскія святы рынак злёгку астыў.
Псіхіка пажылых людзей часцей за ўсё не здольная да «апгрэйду».
Спартыўная сям'я б'е рэкорды.