Вы тут

Жанчыне варта плаціць больш. Тлумачым чаму


Ці ведаеце вы, што ў Беларусі колькасць адукаваных жанчын перавышае колькасць адукаваных мужчын, што першыя часцей падпрацоўваюць дадаткова, і пры гэтым іх сярэдні заробак амаль на траціну меншы? Апроч пералічанага, і гэта, напэўна, самае галоўнае, пасля работы — дома, бясплатна — жанчыны працуюць удвая больш за мужчын.


«Хоць бы аднаго вырасціць»

Такім чынам, жанчына ў нашым грамадстве — ламавік. Яна цягне сям'ю і работу, атрымлівае меншыя заробкі, пры гэтым радзей прызначаецца на кіруючыя пасады або валодае бізнесам. А ўзнагародай ёй — больш доўгае, але адзінокае і небагатае жыццё з абавязковымі выдаткамі на лекі. Бо мужчыны жывуць на 10 гадоў менш, хоць і адчуваюць сябе больш здаровымі. Моладзі (12 % насельніцтва) ў нас таксама недастаткова, каб чакаць забяспечанай старасці — шмат дзяцей не нараджаеш у такіх умовах, бо проста не выцягнеш. На ахвяравальнасці далёка не паедзеш. Таму на другое дзіця ў нас рашаюцца нямногія, а на трэцяе — адзінкі. Вось такая атрымліваецца карцінка. І ў ёй хаваецца сакрэт нашай агульнай, скажам мякка, небагатасці. Так, сацыёлагі і спецыялісты па гендарных пытаннях сцвярджаюць: калі б жанчыны атрымлівалі больш, то краіна ў цэлым стала б багацейшая.

— Жанчына, калі працуе, 90 % свайго прыбытку вяртае ў сям'ю, тым самым ствараючы мультыплікацыйны эфект (мужчына вяртае значна менш). У выніку сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны павышаецца, узровень беднасці ў грамадстве зніжаецца, — тлумачыць праграмны спецыяліст па гендарных пытаннях Рэгіянальнага офіса ЮНФПА па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Нургуль КІНДЭРБАЕВА. — Жанчыны і дзяўчаты — вельмі добры патэнцыял для эканамічнага росту тэрыторыі, на якой яны пражываюць. І калі мы будзем зніжаць і ліквідаваць гендарны разрыў у сферы чалавечых рэсурсаў, жанчыны прынясуць даход у сярэднім ад 5 да 30 працэнтаў ВУП.

У Беларусі гендарны разрыў у аплаце працы складае 72,7 %. Намінальны налічаны сярэдні заробак у жанчын амаль на 350 рублёў меншы, чым у мужчын.

Пра тое, чаму не толькі асобна ўзятаму грамадству, але чалавецтву ў цэлым важна ствараць умовы для захавання балансу «сям'я — работа», ішла размова на форуме «Актуальныя кірункі гендарнай палітыкі ў кантэксце Мэт устойлівага развіцця» ў Мінску.

На гэтым форуме, які сабраў беларускіх парламентарыяў, прадстаўнікоў кампаній, міжнародных і грамадскіх арганізацый, замежных і айчынных экспертаў, гаварылі, што гендарная роўнасць выконвае важную ролю ў эканоміцы, у яе пераходзе на «зялёную», гэта значыць, устойлівую з пункту погляду як развіцця, так і захавання экалогіі. Што, калі жанчына прымае кіраўніцкія рашэнні, яна больш звяртае ўвагі на патрэбы ўразлівых катэгорый людзей, сем'яў і на ліквідацыю гендарных стэрэатыпаў.

Іншымі словамі: трохі разгрузіце жанчыну дома, заплаціце ёй больш на рабоце і даверце прыманне рашэнняў — і вы атрымаеце квітнеючую краіну, шчаслівае грамадства і добрую экалогію, а гэта значыць — будучыню.

Накіруйце дзяўчат на грашовыя прафесіі

Што нам перашкаджае зрабіць такія справядлівыя і лагічныя крокі? У Беларусі няма няроўнасці сярод хлопчыкаў і дзяўчатак у сферы даступнасці да адукацыі. А значны гендарны разрыў у аплаце працы з'яўляецца з-за таго, што дзяўчынкі часцей выбіраюць спецыяльнасці, якія мала аплачваюцца. Спецыялісты раяць накіроўваць дзяўчат падчас выбару будучай прафесіі. «Трэба іх больш навучаць інфармацыйным тэхналогіям, тэхнічным спецыяльнасцям, інжынерыі, матэматыцы, — лічыць Нургуль Кіндэрбаева. — Мы прывыклі да таго, што жанчыны працуюць у сацыяльным сектары, а мужчыны — у энергетычным і эканамічным. Гэта называецца галіновая сегрэгацыя».

Спецыялісты даводзяць: пераадолець сітуацыю можна з дапамогай STEM-адукацыі. STEM — абрэвіятура навукі (scіence), тэхналогіі (technology), інжынерыі (engіneerіng) і матэматыкі (mathematіcs), якія павінны быць інтэграваныя ў адзін навучальны працэс. Уваходжанне вучняў у навуку і тэхналогіі яшчэ ў школьныя гады матывуе на абранне прафесіі, звязанай з імі. Гэта важна для краіны, дзе навукова-тэхнічны патэнцыял прадвызначае эканамічнае развіццё.

Аднак мала дзяўчыне стаць праграмістам альбо інжынерам ці вынаходнікам. Рана ці позна яна паўстане перад выбарам: нараджаць дзіця альбо будаваць кар'еру, займацца навукай. Жанчыне прыходзіцца прыносіць свой прафесійны рост у ахвяру мацярынству. Альбо наадварот.

Для балансу патрэбны ўмовы

Так атрымліваецца, бо водпуск па доглядзе за дзіцем у нас доўгі — тры гады, за гэты час жанчына цалкам выпадае альбо моцна адстае ад тэмпу развіцця сучасных тэхналогій, галіны, у якой працуе. Аддаць жа дзіця ў садок раней за тры гады праблематычна: малое пачне часта хварэць, бо групы перапоўненыя і выхавацелькам, якія атрымліваюць невялікія заробкі, складана ўдзяліць дастатковую ўвагу кожнаму. А альтэрнатывы дзяржаўным дзіцячым садкам і групам падоўжанага дня ў школе ў нас практычна няма.

Прыватныя формы прафесійнага догляду за дзецьмі да трох гадоў не запатрабаваныя з-за высокага кошту паслуг, і, магчыма, іншых, яшчэ пакуль недастаткова вывучаных перашкод (напрыклад, складанасць вядзення такога бізнесу, наяўнасць стэрэатыпаў у грамадстве і іншае).

Доля жанчын, якія маюць дзяцей да трох гадоў і працуюць, у нашай краіне — менш за 10 працэнтаў, у той час як у большасці еўрапейскіх дзяржаў такіх 50 і 70 %. Практычна не выкарыстоўваецца ў нас прапісаны ў заканадаўстве няпоўны працоўны дзень. Толькі 20 працэнтаў дзяцей да трох гадоў наведваюць яслі. Гэта адзін з найбольш нізкіх паказчыкаў на еўрапейскай прасторы. У многіх краінах Паўночнай і Заходняй Еўропы больш за палову дзяцей да трох гадоў ахоплена прафесійнымі паслугамі па доглядзе і дашкольнай адукацыяй.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Такім чынам, дапамагчы жанчыне не страціць свае прафесійныя навыкі, не адстаць ад вытворчага працэсу і не адарвацца ад калектыву магло б развіццё дашкольных устаноў. Нам патрэбны такія, у якія дзіця ідзе без плачу і дзе не падхоплівае інфекцыю ў першы або другі дзень наведвання. Акрамя таго, яны павінны быць даступныя па сродках і па месцы размяшчэння, а таксама зручныя для бацькоў па сваім рэжыме работы. Але і гэтага недастаткова.

Важна, каб і на рабоце да супрацоўніка, які мае дзіця, ставіліся як да каштоўнасці. Бо, насамрэч, гэта так і ёсць. Для кампаніі і арганізацыі работнік, які мае сям'ю і дзяцей — гэта залог стабільнасці і добрага іміджу. Трэба толькі аднесціся да яго з разуменнем, падтрымаць.

Напрыклад, у Швецыі кампаніі, якія пазіцыянуюць сябе як сяброўскія да бацькоў (Parentsmart Companіes), праводзяць гутаркі з супрацоўнікамі перад тым, як адправіць іх у дэкрэтны водпуск. Высвятляюць, ці жадае чалавек падчас водпуску ўдзельнічаць у планёрках, агульных сустрэчах і абмеркаваннях вытворчага працэсу. Самі сходы арганізуюць у зручны для бацькоў з малымі дзецьмі час. Ёсць таксама магчымасць працаваць некалькі дзён у тыдзень (няпоўны водпуск), заробак у такіх кампаніях пераглядаюць і рэгулярна павышаюць у тым ліку для тых, хто даглядае малых дзяцей. Але самае галоўнае — узровень дапамогі бацькам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, практычна роўны заробку (часткова даплачваюць самі кампаніі).

Уключыць тату

Але і гэта яшчэ не ўсё. Можна даць жанчыне з малым дзіцем магчымасць працаваць і нават добра ёй заплаціць, але калі яна будзе прыходзіць з работы стомленая, а ёй яшчэ трэба забраць малое з садка, купіць прадукты, прыгатаваць вячэру, адпрасаваць вопратку на заўтра, пагуляць з малым, пагутарыць з ім, прыбрацца, а раніцай усіх сабраць і накарміць, прыгатаваць «ссабойкі»... То як на доўга яе хопіць?

Таму нічога з гэтага не спрацуе, пакуль абавязкі па доме мужчына не падзеліць пароўну з жанчынай. Мы пакуль, як і ў заробках, вельмі далёкія тут ад ідэалу. У Беларусі жанчыны працаздольнага ўзросту больш за 19 працэнтаў свайго часу выдаткоўваюць на неаплатную працу — на работу і клопат па доме, мужчыны — 9,5 працэнта. Жанчына на адну гадзіну 44 хвіліны даўжэй займаюцца вядзеннем хатняй гаспадаркі, чым мужчыны. А калі скласці ўсю тыднёвую працоўную нагрузку (аплачаную і не), то ў жанчын яна акажацца на 7,5 гадзіны большай, чым у мужчын. Па сутнасці — яшчэ адзін рабочы дзень. Мужчыны адпачываюць, а жанчыны шчыруюць.

І вось каб кардынальна памяняць сітуацыю, патрэбны больш актыўны ўдзел мужчын у выхаванні дзяцей і вядзенні хатняй гаспадаркі. І самы эфектыўны спосаб зрабіць гэта — даць татам водпуск па доглядзе за дзіцем. Наша заканадаўства нават вельмі «за», але сярод тых, хто выкарыстоўвае водпуск па доглядзе за дзецьмі, толькі адзін працэнт татаў. І прычын таму некалькі. Першая — гэта, вядома, страта значнай часткі сямейнага даходу. Нараджэнне дзіцяці само па сабе адчувальна павялічвае сямейныя расходы. Дапамога на дзіця значна меншая за заробак таты, як і заробак маці (у большасці выпадкаў).

Акрамя таго, гэта якраз тая сітуацыя, дзе, на жаль, вялікае значэння маюць стэрэатыпы. Дарэчы, у той жа Швецыі ў кампаніях, якія падтрымліваюць бацькоўства, прыклад у справе імкнуцца падаваць кіраўнікі — мужчыны. Яны самі і неаднойчы сыходзяць на некалькі месяцаў у водпуск па доглядзе за дзіцем і лічаць, што гэта вельмі збліжае іх і з малымі, і з жонкай. І яшчэ адно важнае назіранне: у сем'ях, дзе жанчына адчувае сябе рэалізаванай на рабоце і не загружанай дома, сексуальнае жыццё больш якаснае, што станоўча ўплывае на ўсіх яе членаў. Проста людзі, усе — і мама, і тата, і дзіця — адчуюць сябе больш шчаслівымі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Заплаціце жанчыне больш — і атрымаеце багатую краіну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.