Вы тут

Мамін дзённік. Чым накарміць малаежку?


«Вось так! — сустракае мяне ўзрадаваная матуля, калі я пасля кароткага ад'езду па справах вяртаюся дамоў. — З маіх рук Арцёмка еў лепш, чым з тваіх!» Яна, маўляў, за кожным разам малога не выцірала, зубы загаворвала — вось Цёмік і паеў ад душы. «Ага, — сама сабе думаю, але не хачу парушаць яе ўзнёслы настрой. — Запяканку з тварагу ён есць, ажно вушы трасуцца, хто б яго ні карміў!»


Гэта хутчэй выключны выпадак. Звычайна чаго мы толькі не робім, каб малы паеў. І песні спяваем, і гісторыі розныя расказваем, і мульцікі ўключаем, і даём кубачак (лыжкай у ім пагрукаць), і разам «кормім» гумовага мішку яшчэ з майго дзяцінства — з бубнам толькі не танцуем! А каб і танцавалі, не факт, што талерка будзе пустая. Ды што казаць, часам малы нават не пакаштуе прыгатаванага! Мама кажа, прымушаць есці нельга, захоча — сам папросіць (у той жа час бабуля згадвае, як сілком адкрывала мне рот, каб я, малая, не засталася галодная).

Аказваецца, накарміць дзіця — праблема не толькі мая. Пляменнік наш есць толькі пельмені, сардэлькі, катлеты бабулі Аліны, бліны бабулі Надзі і мамін супчык. Пры гэтым маці яго добра гатуе. Даводзілася назіраць, і як суседскіх дзяцей на вуліцы кармілі. Бабуля ім нарабіла смакаты ў выглядзе ўзбітага тварагу з бананам і ягадамі, а яны па дзве лыжкі з'елі і... пачалі прасіць сасіскі. Затое наш прыгажун на чужы тварог быў ласы! На вуліцы, аказалася, есці смачней. Вось і выносіла пасля клубнічкі і малінкі, каб хоць крыху вітамінаў набраўся — за кампанію ж есці весялей. Увогуле, да ягады ў яго дзіўная любоў. Ніколі б не падумала, што наш Цёмік будзе любіць кіслыя вішні і парэчкі. А вось чарніцы выплюне, нават калі я незаўважна схаваю іх у лыжцы з кашай.

Ужо з маленства сучасныя дзеці ведаюць, што яны любяць, а што не. Сасіскі і сардэлькі, на жаль, у прыярытэце перад адбіўной ці мясной падліўкай. Добра, што наш хоць катлеты есць. Дзень гатую іх, на другі — тэфтэлі, а потым выдумляй, якой вячэрай дзіця накарміць (на сняданак і абед у нас традыцыйна — каша і суп). Хоць і тут моцна не разгуляешся: з крупы есць толькі грэчку, манку ды аўсянку. Пра суп таксама трэба ведаць: які на блэндар узбіць, каб атрымаўся крэм, а які зварыць звычайна — калі гародніна кубікамі і на тарку.

Працяглы час лічылі, што, акрамя вады ды малака, малы нічога не п'е. Колькі ні прапаноўвалі кампот ці кісялёк — усё дарэмна. Так і было б, каб не паехалі віншаваць сваіх хрэснікаў з Вялікаднем. Ехалі на паўдня, таму ўзяла малому большую бутэлечку з вадой (звычайна ён п'е з маленькай, грамаў на 200). У гасцях аказалася, што ён, вадахлёб, не хоча піць. Раз прапаноўваю, другі — адварочваецца і ўсё. Не той посуд быў, як мы потым зразумелі. Цяпер са сваёй маленькай бутэлечкі Цёмік п'е ўсё, штодзень па каструлі кампоту вару! Добра, што ёсць з чаго...

У нашых бацькоў, а тым больш у людзей старэйшага пакалення, такога выбару не было. Што мелі, тым і кармілі дзяцей. Асобна ім ніхто не варыў. Паелі ўсе з адной каструлі і чакалі вячэры. Трапіў бы мой Цёмік у мінулае, хадзіў бы са сваімі «фі» галодны. А я вось, у часе цяперашнім, стаю ды разразаю на кавалачкі хатняга трусіка, якога для любімага ўнука набыў у суседа дзядуля, ды ламаю галаву, што такога згатаваць, каб малы хоць бы пакаштаваў.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».