Вы тут

Анатоль Ярмоленка: Не буду збіраць грошы на «чорны дзень»


Лідар «Сяброў» расказаў, на што траціць ганарары за канцэрты

Абывацелю часам здаецца, што артысты грабуць грошы лапатай і трацяць іх выключна на гламурнае жыццё. А як на самай справе? Пра даходы і выдаткі, сваё стаўленне да грошай расказаў заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Сябры», народны артыст Беларусі, ганаровы грамадзянін горада Мінска Анатоль Ярмоленка.


— Анатоль Іванавіч, кар'ера многіх вашых калег пачыналася з работы ў рэстаранах, на вяселлях, і гэта было добрай выканальніцкай школай і нядрэнным заробкам. А ў вас быў такі перыяд?

— Я адразу трапіў на прафесійную сцэну. Вайсковую службу праходзіў у ансамблі песні і танца Дома афіцэраў Бакінскай ваеннай акругі супрацьпаветранай абароны. Там жа ў гэты час працаваў вольнанаёмным Муслім Магамаеў. Ён часта прыходзіў на рэпетыцыі разам з кампазітарам Паладам Бюль-Бюль Аглы. Яны ўжо былі папулярнымі музыкантамі, а нам, салдатам, было цікава назіраць за імі, набірацца сцэнічнага вопыту. Аднойчы на гастролі ў Баку прыехаў гомельскі эстрадны калектыў з двума Аляксандрамі — Буйновым і Градскім. Апошні проста з гастрольнага маршруту ад'язджаў паступаць у Гнесінку, таму вызвалялася пасада саліста — тады гастролі доўжыліся тры-чатыры месяцы. Нядзіўна, што разам з калектывам прыехаў і дырэктар Гомельскай філармоніі Андрэй Бабылькоў. Ён і даведаўся, што ў нашым ансамблі ёсць «салдацік, які добра спявае». Так што дэмбель у мяне атрымаўся трохі датэрміновы, але заўважу, што тады якраз скарачалі тэрмін службы з трох гадоў да двух. Так я замяніў у ансамблі Аляксандра Градскага, а потым 21 год адпрацаваў у Гомельскай філармоніі.

— А «Сябры» на якім этапе ствараліся?

— Пасля службы ў арміі я паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча, там пазнаёміўся з Мікалаем Сацурам, Аляксандрам Аўдзевічам, Віталем Клімовічам, Анатолем Шчытавым. Наша сяброўства, захопленасць музыкай перараслі ў ВІА «Сябры».

— Колькі тады зараблялі артысты?

— У той час мы менш за ўсё думалі пра заробкі, былі апантаныя ідэяй стварыць калектыў, нам хацелася стаць вядомымі, як «Песняры», каб нашы песні таксама падабаліся публіцы. Але ў той жа час мы не хацелі быць іх копіяй, шукалі свой твар, свой рэпертуар. Першая стаўка, памятаю, была шэсць рублёў за канцэрт, потым мне як салісту дадалі два рублі. Надбаўка за кіраўніцтва калектывам складала чатыры рублі з аднаго канцэрта. Тады была планавая гаспадарка, што распаўсюджвалася і на артыстаў. Каб атрымаць аклад — 120 рублёў — трэба было даць 20 канцэртаў у месяц. Амаль заўсёды ў нас былі перапрацоўкі, і тады кожны артыст дадаткова атрымліваў сваю разавую стаўку. Калі мы сталі дыпламантамі конкурсу эстраднай песні, стаўкі павысіліся да дзесяці рублёў, а быў час, калі за канцэрт плацілі і тры стаўкі, так што паступова мы сталі добра зарабляць. Тым больш што з ростам папулярнасці павялічвалася і колькасць канцэртаў. А ў той час было нормай для калектыву з нашай папулярнасцю даць за дзень тры—чатыры канцэрты.

— Пры добрай зарплаце і папулярнасці, напэўна, сутыкаліся з цяжкасцямі радавога савецкага чалавека: грошы ёсць, а патраціць іх немагчыма.

— Так, усё даводзілася «даставаць», а не проста купляць. У той час былі кааператыўныя крамы, у якія вяскоўцы здавалі грыбы, ягады, іншую прадукцыю. Акрамя грошай, ім належалі талоны на ўсякія дэфіцытныя тавары: каву, сыравэнджаную каўбасу, дублёнкі, імпартныя парасоны, вуды, тэлевізары, відэамагнітафоны. Бываючы на гастролях, дамаўляліся, каб нам сёе-тое перапала з гэтага спісу. Круціліся, як усе...

Слова «бартар» у наш ужытак увайшло значна пазней, але па сутнасці мы ім таксама займаліся: запрашалі на канцэрты работнікаў гандлю, а яны нас — па пакупкі са службовага ўваходу крамы. Рады, што маладое пакаленне нават не ўяўляе такіх адносін, але мы гэта перажылі.

А апаратуру купіць яшчэ той квэст быў! Выручалі замежныя музыканты. Яны бралі на гастролі інструменты, тэхніку з такім разлікам, каб у Саюзе нейкую частку прадаць калегам.

— «Сябры» заўсёды былі гасразліковым калектывам, а гэта значыць, трэба самім зарабляць на развіццё калектыву і на жыццё музыкам і тэхперсаналу. Хапае?

— Заўсёды шмат грошай трацілася і траціцца на работу: набыццё гукавой апаратуры, інструментаў, мікрафонаў, касцюмаў, арэнду офіса ў філармоніі. Каб правесці канцэрт, патрэбныя сур'ёзныя грошы. За ўсё трэба плаціць: за арэнду залы, афішы. Адным словам, значная частка ганарараў за канцэрты інвестуецца ў творчасць. Асабістых звышзаробкаў у нас няма. У маёй жонкі першае прыстойнае футра з'явілася дзесяць гадоў таму.

— О, гэта вельмі цікава, Раіса Іванаўна заўсёды выдатна выглядае. Але ўспомнім прымаўку: каб стаць генераліхай, трэба выйсці замуж за лейтэнанта. З Раісай Іванаўнай вы пазнаёміліся, калі прыйшлі стрыгчыся ў гомельскую цырульню. Якое званне вы самі сабе прысвоілі б на той момант?

— Яфрэйтар. Раіса Іванаўна таксама працавала і працуе ў «Сябрах». Пачынала як касцюмер, з часам стала, на мой погляд, добрым спецыялістам па іміджы. Цяпер і Алеся працуе ў гэтым кірунку. «Сябры» заўсёды элегантныя на сцэне, гэта, безумоўна, заслуга Раісы Іванаўны. Пры тым, што жонка працуе, яна выдатна вядзе дом. Разам мы выхавалі дзяцей і ўнукаў, за якіх не сорамна. Раіса Іванаўна і калега, і той надзейны тыл, пра які марыць кожны мужчына. У той жа час і муж уплывае на фарміраванне асобы жонкі. І калі ёсць узаемадзеянне паміж мужам і жонкай і гармонія, то атрымліваецца моцная сям'я. Калі ў нас быў выбар: купіць тое ж футра або выдаткаваць грошы на навінку для студыі, то жонка вымушана была галасаваць за другое. І гэта вялікая жаночая мудрасць.

— Менш за ўсё, мне здаецца, вы выдаткоўваеце грошай на рэкламу.

— Так, таму што я лічу: калі ты запатрабаваны артыст, то дастаткова афішы з імем. А яшчэ мой прынцып: найлепшая рэклама — добрая песня. Цяпер такі час, што мы яшчэ на сцэне, а прыхільнікі ўжо выклалі ў інтэрнэт запіс выступлення. Але пры гэтым мяне радуе, што мы атрымліваем звычайныя папяровыя лісты, хтосьці звяртаецца на наш сайт або ў сацсеткі з пытаннем: а калі выйдзе дыск з той ці іншай песняй. Гэта значыць, што пры ўсеагульнай інтэрнэт-даступнасці людзі хочуць мець сваю фанатэку, у тым ліку з хітоў «Сяброў». Мне прыемна, што зусім новая песня Алега Елісеенкава на верш Алеся Бадака «Добрыя людзі», якую мы выконвалі на адкрыцці «Славянскага базару», імгненна стала папулярнай, запала публіцы ў душу. Пасля адкрыцця фестывалю прайшло два тыдні, а нас ужо просяць праспяваць яе на канцэрце.

— Анатоль Іванавіч, некалькі гадоў таму мы гаварылі з вамі пра дыскрымінацыю ў аплаце працы беларускіх артыстаў у параўнанні з замежнымі, якія выступаюць у адным канцэрце. Сітуацыя неяк змянілася?

— З дыскрымінацыяй у аплаце выступленняў нашых артыстаў, баюся, давядзецца змагацца і наступнаму пакаленню. Я разумею, што гасцей трэба паважаць, але пры гэтым нельга прыніжаць годнасць сваіх. Нават не кажу пра ганарар, які ў нас у дзясяткі разоў меншы, чым у артыстаў-пачаткоўцаў з сумежных дзяржаў. Усё пачынаецца з таго, што раскручаны замежны артыст пад'язджае ў лімузіне проста да сцэны, а нашы папулярныя і тытулаваныя артысты цягнуць на сабе касцюмы за кіламетр да сцэны. Такі вось местачковы менталітэт у некаторых арганізатараў мерапрыемстваў. Я не толькі з гэтым не згодны, але заўсёды прыкладаю максімум намаганняў, каб да нашых артыстаў не ставіліся горш, чым да гасцей.

— Вашы дзеці Алеся і Святаслаў самі пачалі зарабляць яшчэ школьнікамі...

— Дачка выйшла на сцэну ў 14 гадоў, і спачатку мы нават не маглі аформіць яе на работу. А першыя заробкі Алесі ішлі на сцэнічныя касцюмы. Святаслаў асвоіў музычны камп'ютар, займаўся аранжыроўкамі, запісамі ў студыі, быў у курсе ўсіх электронных навінак. На ім жа па сённяшні дзень ляжыць і ўся мультымедыйная работа.

— Ці абмяркоўваеце з дзецьмі іх фінансавыя справы?

— Не, не пытаюся, як яны трацяць свае грошы: яны дарослыя, умеюць зарабляць, так што і распараджаюцца самастойна. Наогул, дзецям, у якіх вядомыя бацькі, значна складаней, чым іншым. Усе думаюць, што нашы дзеці з нараджэння купаюцца ў раскошы. На самай справе вядомасць бацькоў — гэта не крылы, якія нясуць, а пастаянны груз адказнасці.

— Але стартавы капітал дзецям далі?

— Як усе савецкія бацькі, мы завялі ашчадкніжкі на дзяцей і па магчымасці ўносілі грошы, мяркуючы, што яны патрацяць іх на вяселлі або ўзнос на кватэру аплацяць. Але ўклады згарэлі. Мы тады жылі пад лозунгам: раней думай пра Радзіму. Але вось Радзіма забылася на нас, калі рухнуў Саюз... Але гэта і добры ўрок, які засвоілі і нашы дзеці: спадзявацца трэба толькі на сябе. Гэта калі мы гаворым пра грошы. А калі пра незгаральны капітал, то, вядома, дзеці яго атрымалі: гэта мой вопыт, за якім яны назіраюць ўсё жыццё.

— У вас трое ўнукаў, але ў публічнай прасторы толькі Анатоль-малодшы, і відаць, што ў вас з ім сяброўскія адносіны. Пэўна ж, песціце ўнукаў?

— Унукі з'явіліся ў заможны час, таму яны маюць больш, чым некалі дзеці. З унукамі ў нас сяброўства і ўзаемаразуменне, а з Анатолем мы ўжо калегі. Яны ўсе таленавітыя, кожны па-свойму, у тым ліку маленькі Макар. Ульяна скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў, ужо знялася ў некалькіх расійскіх серыялах. Анатоль скончыў музычны каледж імя Глінкі ў Мінску. А далей вырашыў паступаць у Расійскі дзяржаўны сацыяльны ўніверсітэт, прычым абраў эканамічную спецыяльнасць. Ён сказаў, што тут, дома, яго ўспрымаюць як «унука Ярмоленкі», а там ёсць магчымасць даведацца, чаго ён сам варты. Анатоль паспяхова здаў уступныя іспыты, казаў, што набраў прахадны бал... Кожны з іх ідзе сваім шляхам, і я веру, што ў іх усё атрымаецца.

— Ці часта ў жыцці вам даводзілася эканоміць?

— Мы не жывём ад зарплаты да зарплаты, але і не можам дазволіць сабе марнаваць грошы не задумваючыся. Увесь час плануем выдаткі. Тым больш што даходы артыстаў не заўсёды стабільныя...

— Калі з'яўляюцца свабодныя грошы, як вы распараджаецеся імі?

— Нешта і не згадаю, каб яны былі «свабодныя», усё распланавана. Я дакладна не збіраю грошы на «чорны дзень». Думаю, што жонка, як ашчадная гаспадыня, мае ў запасе пэўную суму на неспадзяваны выпадак. Але наогул грошы павінны працаваць, а ў нашым выпадку інвеставацца ў творчы працэс, той жа тэхнічны апгрэйд, таму што мы не маем права спыняцца. Я жыву па прынцыпе і вучу гэтаму дзяцей і ўнукаў: тое, што зроблена сёння, — гэта ўжо ўчора. Выдатна, што цяпер усё можна купіць, усюды паехаць, з'явілася шмат розных тэхнічных навінак, і гэта, на маю думку, стымул больш працаваць і зарабляць.

— Хто ў вашай сям'і ходзіць у краму па прадукты?

— У нас з жонкай цяпер такое правіла: чым менш ежы ў халадзільніку, тым лепш мы выглядаем. Па пакупкі ходзіць Раіса Іванаўна, недалёка ад нашага дома ёсць добры гандлёвы цэнтр. Часам і я выбіраюся туды.

— А што купляеце?

— Думаю, наша паўсядзённае меню не адрозніваецца ад таго, што на стале ў сярэднестатыстычнай беларускай сям'і. Любім морапрадукты, і гэта не даніна модзе, а проста смачная, лёгкая і здаровая ежа. Часам ад недахопу часу абедаем у кавярні або рэстаране. У бытавым райдары ў нас таксама пазначаны рыбныя стравы. Ніколі не адмоўлюся пакаштаваць розныя далікатэсы, але часцей за ўсё гэта адбываецца на гастролях або на адпачынку за мяжой.

— Ці займаецеся вы дабрачыннасцю?

— Гаварыць пра гэта наогул не зусім прыстойна. Але адкажу... Нам прыходзіць шмат лістоў з просьбамі аб дапамозе. Заўсёды даручаю адміністратару даведацца, ці сапраўды чалавек мае патрэбу. Калі так, то стараемся дапамагчы. Вопратку ўнукаў, цацкі перадавалі шматдзетным сем'ям. Мяне так вучылі мама і дзед-святар: лепш даваць, чым прасіць. І не толькі тады, калі ў цябе ўсё ёсць, але і тады, калі сам сціпла жывеш, — усё роўна трэба дапамагаць.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Анатоля Ярмоленкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?