Вы тут

Чым сёння жыве Іўе?


Дэпутаты абласнога Савета выехалі ў Іўеўскі раён, каб ацаніць работу органаў мясцовага самакіравання

Іўе — адзін з маладых гарадоў Гродзенскай вобласці. Свой статус яно набыло гадоў каля дваццаці таму.


Ды і само з ліку маладых — сёлета тут адзначылі 575-гадовы юбілей. І хоць Іўеўскі раён лічыцца сельскагаспадарчым, летась Іўе прызналі найлепшым у вобласці па вядзенні бізнесу сярод гарадоў з насельніцтвам да 25 тысяч чалавек.

Татары-агароднікі

Значны рывок у бізнесе звязаны ў тым ліку і з удасканальваннем заканадаўчай базы. У раёне самая вялікая колькасць фермерскіх гаспадарак — больш за паўсотні. Гэта палова ўсяго фермерскага корпуса Гродзенскай вобласці. Яшчэ 200 участкаў знаходзіцца ў арэндзе. Праца на зямлі — традыцыйны занятак мясцовых татар, якія тут кампактна пражываюць ажно з ХІV стагоддзя. У прыватным сектары, напрыклад вырошчваюць да шасці тысяч тон памідораў за сезон.

Цяпер гэта трактуецца як самазанятасць, хоць некалькі гадоў таму агароднікі павінны былі плаціць падатак, бо жывуць у горадзе. Прадстаўнікі татарскай дыяспары неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, каб дамагчыся аднолькавых умоў для тых, хто займаецца працай на зямлі. Пасля таго як былі ўнесены змяненні ў Дэкрэт аб садзейнічанні занятасці, такіх пытанняў не ўзнікае. А мясцовыя ўлады шукаюць магчымасці для цывілізаванага гандлю, у прыватнасці, унесена прапанова аб стварэнні лагістычнага цэнтра па забеспячэнні Гродзенскай вобласці гароднінай.

Малыя вёскі вялікага раёна

І гэта яшчэ адна асаблівасць Іўеўскага раёна, які з'яўляецца трэцім па плошчы ў вобласці. Значная частка насельніцтва пражывае ў невялікіх вёсках, а такіх тут каля 300. Таму дзейнасць дэпутацкага корпуса асабліва актуальная, паведаміў падчас выязной сесіі старшыня райвыканкама Аляксандр БУЛАК. Ён расказаў, што мясцовыя ўлады робяць усё магчымае, каб людзі ва ўсіх населеных пунктах — у аграгарадках і на хутарах — мелі магчымасць сачыць за сваім здароўем, а пры неабходнасці — лячыцца, купляць патрэбныя рэчы і прадукты, адпраўляць дзяцей у добрую школу.

Пытанні, безумоўна, узнікаюць. Іх нямала. Напрыклад, аналіз зваротаў за тры гады выявіў нямала фактаў, якія датычацца навядзення парадку на зямлі і стану дарог. Але сітуацыя змяняецца ў лепшы бок — дарогі рамантуюцца, парадак наводзіцца. І як вынік — амаль год па гэтых тэмах ад жыхароў раёна не паступалі скаргі.

Трэба сказаць, што адметную ролю ў гэтым адыгралі абласныя «Дажынкі», якія праходзілі тут летась. Пры падрыхтоўцы да фестывалю ў раёне адрамантавана 120 аб'ектаў, у асноўным сацыяльнай сферы, і звернута ўвага на вулічна-дарожную сетку.

Для дэпутацкага корпуса добрым прыкладам здаровага ладу жыцця стала наведванне новага стадыёна, які з'явіўся каля школы летась. Тут абсталяваны некалькі пляцовак з сінтэтычным пакрыццём для розных відаў спорту, у тым ліку лёгкаатлетычная дарожка. З'явіліся трыбуны для гледачоў. Сёння гэта папулярнае мясца як для школьнікаў, так і для ўсіх жыхароў Іўя. Тут можна ўбачыць аматараў папулярнай скандынаўскай хады. А многія нават заняліся бегам і прыходзяць займацца цэлымі сем'ямі.

Горад талерантнасці

Для Іўя гэта не проста словы, а стан жыцця. Бо на кавалку беларускай зямлі сышліся чатыры даволі значныя канфесіі — каталікі, праваслаўныя, мусульмане і іўдзеі. І на працягу многіх стагоддзяў усе яны жывуць у згодзе. Адзінства тут замацавана яшчэ і ў мануменце. На цэнтральнай плошчы высіцца памятны знак у гонар дружбы канфесій Іўеўскага краю. Старшыня райвыканкама Аляксандр Булак падкрэсліў, што ўлады падтрымліваюць культурную спадчыну кожнай канфесіі. Сведкай гэтаму можна лічыць адзіны ў рэспубліцы музей нацыянальных культур, якому сёлета споўнілася 10 гадоў.

Дарэчы, і самі дэпутаты даведаліся шмат цікавага з гісторыі Іўеўскага краю. Напрыклад, тое, што тут татарская абшчына самая вялікая ў Беларусі і налічвае каля 800 чалавек. Каб захаваць сваю рэлігію, татары з пакалення ў пакаленне перапісвалі свае свяшчэнныя кнігі на беларускай і польскай мовах, але арабскімі літарамі. У музеі захоўваюцца Каран 1902 года, рукапісны зборнік малітваў, з аўтэнтычных прадметаў — шпіль мінарэта, падсвечнікі з мячэці. Дарэчы, іўеўская мячэць — адзіная ў Беларусі, якая працуе няспынна з моманту яе пабудовы ў 1882 годзе. Аб'ект з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. Служыць тут муфцій Адам Радзецкі, які яшчэ і кіруе татарскай абшчынай. Цікава, што ён выкладае ў мясцовай школе беларускую мову і літаратуру.

Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса змаглі ўпэўніцца, як важна развіваць народную творчасць, падтрымліваць культуру. Напрыклад, у Іўі развіта саломкапляценне, тут ствараюць сапраўдныя шэдэўры. І творчых асоб даволі шмат — у 140 калектывах займаецца больш за 1200 жыхароў раёна. Развіваецца добры дзясятак відаў традыцыйнай народнай творчасці.

У Іўі клапоцяцца пра будучыню раёна. А гэта ў першую чаргу замацаванне маладых спецыялістаў. Было адзначана, што для камфортнага іх пражывання летась адрамантаваны былы інтэрнат. Цяпер тут амаль 20 кватэр займаюць маладыя работнікі розных сфер дзейнасці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота іvyenews.by і аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».