Вы тут

Як камітэт грамадскага самакіравання дапамагае ў добраўпарадкаванні пад'ездаў і двароў


У гэтым кірунку вось ужо пяць гадоў працуе Наталля Сасім — кіраўнік аднаго з гродзенскіх камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КТГС). Неяк яна завітала ў мясцовы ЖЭС, каб вырашыць набалелую праблему. І зразумела, што дапамагчы і сабе і іншым можна ўласнымі намаганнямі.


Нядаўна падводзіліся вынікі работы органаў мясцовага самакіравання за мінулы год. У ліку пераможцаў — камітэт, які ўзначальвае Наталля Сасім.

Дрэвы пасадзіць і выратаваць

Каб было зразумела, пра што пойдзе гаворка, варта прыгадаць, чым займаюцца камітэты грамадскага самакіравання. Па-першае, грамадскія арганізацыі ствараюцца пры ЖЭСах і павінны дапамагаць камунальнай службе ў вырашэнні адпаведных пытанняў жылога сектара — напрыклад, падтрымліваць чысціню і парадак, паляпшаць стан жылых дамоў і прыдамавых тэрыторый. Па-другое, КТГС працуюць і па сацыяльнай лініі — арганізуюць падтрымку сем'яў, дзе не заўсёды пануе лад ды згода, сталых людзей, ладзяць дабрачынныя акцыі, арганізуюць святы мікрараёнаў...

Пакуль Наталля расказвае пра свае грамадскія абавязкі, ходзім па двары яе мікрараёна. Яна паказвае вынікі апошняга суботніка, на які сабраліся жыхары навакольных дамоў. Вось адноўленыя дзіцячыя пляцоўкі, вось пасадзілі дрэвы, у тым ліку садовыя. Пабеленыя бардзюры. Жыхары не толькі самі выходзяць, але і свае матэрыялы, інструменты і фарбу нясуць. Не стаіць убаку і ЖЭС № 11, дае неабходны інвентар, закупляе тую ж фарбу.

— Так пайшло, што людзі прывыклі да калектыўнай працы і хочуць падтрымліваць парадак на сваіх дварах, — кажа Наталля. — Таму многія пачынаюць самі тэлефанаваць і цікавіцца: калі выходзім? Я зразумела, як важна аб'яднаць людзей. Бо ёсць шмат пасіўных, якія пры добрай арганізацыі таксама ўключаюцца ў работу.

Неяк заўважылі, што адной лаўкі каля пад'езда 12-павярховіка недастаткова. Звярнуліся праз Наталлю да дэпутата сваёй акругі. Ён паспрыяў таму, каб побач з'явілася яшчэ адна. Цяпер ёсць дзе абмеркаваць планы ў больш шырокім фармаце. Па словах Наталлі, ім пашанцавала з дэпутатамі. І Уладзімір Белавусаў, і Сняжана Куратчык заўсёды прыходзяць на акцыі і актыўна ўдзельнічаюць у іх. Напрыклад, дэпутат Белавусаў прывёз больш за дзясятак туй у кадках і сам удзельнічаў у пасадцы. Непадалёк ад туй высаджана алея клёнікаў.

Наталля адразу заўважае, як ратавалі дрэвы падчас чэрвеньскай спякоты. Рэгулярна вялася іх паліўка, прычым па ўсёй тэрыторыі ЖЭСа. Нават шлангі для гэтай мэты закупілі. Жыхары прапануюць свае паслугі. Нядаўна мясцовы жыхар, работнік МНС, скасіў газоны сваёй газонакасілкай. Жанчыны высаджваюць кветкі, робяць клумбы. Па іх просьбе Наталля шукала саджанцы язміну. Урэшце знайшла, і жанчыны іх пасадзілі каля дамоў.

Гродна, на яе думку, даволі зялёны горад. Вядома, многа старых дрэў спілена, але замест іх пасаджаны маладыя дрэўцы. Горад прырастае мікрараёнамі, якія таксама трэба актыўна азеляняць. Вялікую высадку зрабілі за апошнія некалькі гадоў. Наталля ўдзельнічала ў пасадках мікрараёна Дзевятоўка. Высадзілі мірт — сімвал міру і цішыні.

Ёсць спрэчкі, але рамонт ідзе

Самая злабадзённая праблема, бадай што, рамонт пад'ездаў. Многія жыхары, асабліва камунальнага фонду, прывыклі чакаць, пакуль ім зробяць рамонт. Але такі падыход — у мінулым. Згодна з новым Жыллёвым кодэксам, усе пад'езды павінны рамантаваць і аднаўляць самі жыхары. І з гэтым тут няма вялікіх праблем. Жыхары самі выступаюць ініцыятарамі аднаўлення. Напрыклад, у доме № 12 частка лесвічных клетак адрамантавана. Як гэта адбываецца?

— Жыхары некалькіх кватэр збіраюцца, каб дамовіцца пра рамонт. Клічуць мяне, — тлумачыць Наталля. — Мая задача — арганізаваць, падказаць, дапамагчы. Я пытаю: чаго вы хочаце, які рамонт вам патрэбны? Вядома, у людзей розны дастатак. У рэшце рэшт знаходзяць сваё рашэнне. Тынкоўка, плітка, работы майстра — як дамовяцца. Адзін паверх купляе даражэйшыя матэрыялы, іншы — таннейшыя. Прыдумваюць самі дызайн і ажыццяўляюць. Кожны паверх па-свойму цікавы, але галоўнае — тут парадак і чысціня. Яшчэ жыхары за свой кошт замянілі дзверы ліфта.

Наталля паказвае паверх, дзе зроблены рамонт, і тыя, дзе работы толькі пачаліся. Каля сцяны высіцца складзеная плітка, частка падлогі на калідоры пакладзена. Гэта робяць самі жыхары. Вядома, можна наняць і майстроў, але тут палічылі, што справяцца самастойна.

— Вядома, не ўсё праходзіць гладка, бывае, што сходы пераходзяць у сваркі, пачынаюць спіхваць абавязкі на іншых, рамонт зацягваецца, бо суседзі не могуць дамовіцца, — расказвае яна эмацыянальна. — У такім выпадку я пытаюся: а што вы зрабілі, каб палепшыць свае асяроддзе? Крычаць кожны можа. Слова за слова, і вось сціхае сварка, а потым і чай ідуць разам піць.

Заходзім у пад'езд дома 8г, дзе жыхары ўмеюць не толькі спакойна дамовіцца, але і па-дызайнерску аформіць свой пад'езд. Адразу на ўваходзе сустракае шыкоўная ляпніна пастэльных таноў, далей — цэлае пано ляпніны старажытнага Гродна з падсветкай. Усё зроблена за кошт саміх жыхароў. На думку Наталлі, важна растлумачыць, што гэта ўсё- маёмасць саміх жыхароў і яе трэба захоўваць у належным стане.

Сваю ролю адыграла першая ініцыятыва. І калі жыхары іншых дамоў убачылі, як можна адрамантаваць свой пад'езд, яны таксама ўзяліся за справу. Канешне, самы папулярны варыянт — пафарбавалі і пабялілі, але многія сталі рамантаваць з размахам, дызайнерскім падыходам. Кожны паверх у такім доме выглядае па-свойму. На адным пакладзена рэльефная плітка, на другім — глянцавая.

— У такіх выпадках я кажу: калі ты сам зробіш, будзеш жыць лепш. І мы пакрыху прывучаем людзей да гэтага. Напрыклад, зрабілі не проста паркоўку, а экалагічную, са спецыяльнай пліткай. І многія выйшлі паўдзельнічаць у яе абсталяванні.

Члены камітэта грамадскага самакіравання, дэпутаты, савет ветэранаў, ЖЭС, мясцовы ўчастковы, жаночы савет — многія пытанні абмяркоўваюцца разам. Звяртаецца ўвага на сацыяльны аспект, падтрымку малазабяспечаных сем'яў. Прадстаўнікі камітэта нядаўна вазілі дзяцей з сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на базу адпачынку «Прывал».

Наталля і сама маці траіх дзяцей. Яны заўсёды выходзяць з ёй на масавыя акцыі, напрыклад пабяліць дрэвы ці прыбраць смецце на беразе Нёмана. Дапамагаюць і ў іншых лакальных справах, у тым ліку наводзяць парадак у сваім пад'ездзе.

Але не толькі двары і рамонты клапоцяць актывістку. Яна дапамагае і ў цяжкіх жыццёвых становішчах. Не так даўно прадухіліла спробу суіцыду аднаго хлопца з суседняга дома, які пагражаў кінуцца ўніз. Дзве гадзіны вісела на тэлефоне, пакуль прыехала служба МНС і зняла яго з даху. Быў выпадак, калі жыхарка дома трапіла ў бальніцу і тры дні не было ад яе ніякіх звестак. Родныя тэлефануюць Наталлі, просяць дапамагчы. Пачалі шукаць, аказалася, выпіла нейкай атруты і без прытомнасці трапіла ў бальніцу. Дзеці вельмі перапалохаліся, але цяпер з ёй усе добра.

Ёсць, вядома, сярод кантынгенту і прафесійныя скаржнікі. Адна такая жанчына так абгрунтавала сваю дзейнасць: мне сумна жыць. Але навошта псаваць жыццё іншым? — здзіўляецца Наталля. І прапанавала заняцца якой-небудзь карыснай справай.

— З другога боку, мне іх нават шкада. Затаілі калісьці злобу і мучаць сябе і іншых, замест таго каб адпусціць гэты смутак, — упэўнена жанчына. — Некаторым сапраўды трэба з кімсьці пагаварыць, данесці такую думку: крыкам і скаргамі справе не дапаможаш. Каб жыць прыгожа, трэба самім паклапаціцца...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?