Вы тут

Былы авіятар у адзіночку высадзіў дэндрарый у гарадскім мікрараёне Гродна


Уладзімір Мораў — чалавек апантаны. У свае 82 гады амаль увесь дзень праводзіць на прыдамавой тэрыторыі, дзе яго намаганнямі створаны сапраўдны батанічны сад. Тут можна ўбачыць дрэвападобную півоню, воцатавае і каралавае дрэвы, хвойкі ў стылі «бансай», інжыр, авакада — усяго каля 200 розных відаў. Але паркавай зоне патрэбны належны дагляд, а магчыма, і новыя падыходы ў дызайне. Ці знойдуцца памочнікі ў гэтай справе, напрыклад той жа Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, створаны пры мясцовым ЖЭСе?


Ад ваенных гарадкоў да жылога мікрараёна

Нельга сказаць, што пенсіянер не сябруе з камунальнымі службамі. Хутчэй, наадварот. Уладзімір Віктаравіч з цеплынёй успамінае былога кіраўніка УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна, з якім 20 гадоў таму «замуцілі» гэты праект. Напачатку прывялі ў парадак пад'езд, «ажывілі» яго карцінамі і кветкамі. З дапамогай ЖЭСа пафарбавалі драўляныя канструкцыі. Затым задумкі перакінуліся на свабодную прыдамавую тэрыторыю. Так у горадзе з'явіўся першы дэндрарый у жылым мікрараёне.

— У 90-х тут быў прыватны сектар, але яго пачаў выцясняць шматпавярховы мікрараён, а старыя дамы зносілі, — расказвае пенсіянер. — Калі мы сюды прыехалі, тут раслі некалькі яблынь і тры клёны. Да таго ж дамы ўзводзіліся каля самай загружанай магістралі, таму стаяла задача — абараніць сябе ад шкоднага ўздзеяння выхлапных газаў. Мы былі першыя ў горадзе, хто стварыў такі парк у жылым мікрараёне.

Удачы і правалы мясцовага дызайнера

Паралельна з азеляненнем стваралася немудрагелістая інфраструктура двара. Лаўкі, альтанка, дзіцячая пляцоўка...У дваровы пейзаж удала ўпісаліся тры валуны.

Перашкод на шляху стварэння зялёнай зоны аказалася нямала. То на адной інсталяцыі нешта зламана, то на другой. А тут яшчэ драўлянага мядзведзя пад'ядае нейкі жучок...

Пацікавілася, ці ёсць каманда аднадумцаў. Бо аднаму справіцца з такім аб'ёмам работы складана — трэба і прапалоць, і паліць, і падрамантаваць нешта. Як аказалася, час энтузіястаў застаўся ў мінулым. Многія з яго памочнікаў пераехалі, а тыя, хто прыйшоў, цікавасці да справы не праяўляюць. Раней дапамагалі і дзеці, збіраліся, палівалі са шланга, цяпер такіх няма.

— Паколькі гэта тэрыторыя ЖЭСа, ён сочыць таксама за парадкам, траву абкошваюць, УЖРЭП зрабіў два дзясяткі шпакоўняў, птушкі ўсе іх занялі, ёсць кармушкі і для сініц. Нядаўна амерыканскія клёны абрэзалі кардынальна. Напачатку жыхары абураліся, але я ім патлумачыў, што так дрэвы набудуць патрэбную форму, бо галіны навісалі, — расказаў Мораў. —Увогуле я ўдзячны нашым жыхарам, бо расходы на паліў кладуцца на ўсіх жыхароў пад'езда.

Крокі «зялёнага» асяроддзя

Пытаюся: па якім прынцыпе вялося азеляненне двара? Адказ такі: насычаць наваколле кіслародам і стварыць утульны куток. Таму высадзіў хвойкі і елкі. Яны тут ёсць паўсюдна. Нават у стылі «бансай». Але каб хвойка прыжылася, трэба яе правільна пасадзіць.

Некаторыя віды вырошчваў «з нуля». Напрыклад, грэцкі арэх.

— Я прыйшоў на рынак, бачу — мужчына прадае арэхі, прыехаў з Сярэдняй Азіі, — расказвае Мораў. — Я кажу: хачу тут вырасціць арэх. Выберыце мне такіх, каб яны абавязкова ўзышлі. Ён выбраў мне 15 штук і нават грошай не ўзяў, так яму гэта ідэя спадабалася. Ды яшчэ падзяліўся са мной сакрэтам. Бо ў іх вырошчванні ёсць свае асаблівасці. Садзіць трэба на зіму, каб былі марозаўстойлівыя. Амаль усе і прыжыліся з лёгкай рукі гандляра.

Экзатычныя саджанцы вырошчваюць проста ў кватэры. Жонка Уладзіміра Віктаравіча прывезла з Ізраіля насенне рэдкіх раслін, яны цяпер растуць у гаршках ля пад'езда. Адно каралавае дрэва Мораў аддаў у расійскае консульства ў Брэсце, другое — у гарадскую бальніцу, дзе яму знайшлі месца ў холе са шкляным купалам. Добра прыжыліся авакада, інжыр. Раскінулася магонія падубалістная з жоўтым суквеццем. Шыкоўнымі кветкамі радуе вока бругмансія. Ружы завяршылі першае квітненне і рыхтуюцца да другога. З'явіліся новыя парасткі ў дзявочага вінаграда, які лічыцца дэкаратыўным.

Мораў няспынна расказвае пра кожную расліну. Успамінае, як паступова засаджвалі гэты куток. Напачатку звычайнымі бярозамі ды хвоямі, пазней пачалі прывозіць экзотыку. Добра прыжылося воцатавае дрэва. З Далёкага Усходу прывёз саджанец манчжурскага арэха.

Падыходзім да казацкага ядлоўцу, за якім будзе пасаджаны бэз. Пакуль яго няма, але для расліны адведзены цэлы куток. Далей растуць садовыя дрэвы — яблыні, вішні, слівы...

— Вось ціс, яго ягады чырвоныя і ядавітыя, — тлумачыць Мораў. — Ціс на Каўказе расце як дрэва, а ў нас больш як кустарнік. Ездзіў туды на адпачынак і прывёз саджанцы. У асноўным набываю пасадачны матэрыял за свае сродкі.

Праходзім па невялічкай бярозавай алеі. У глыбіні здаецца, што горад дзесьці далёка, а тут сапраўдны лясок, у якім спяваюць птушкі.

— Усяго гэтага магло і не быць, — кажа Уладзімір Віктаравіч. — Калісьці нам хацелі прыбудаваць да гэтага дома яшчэ некалькі пад'ездаў, але жыхары выступілі супраць і адстаялі, мы ездзілі на пасяджэнні гарсавета...

Ёсць і планы на найбліжэйшы час. Нядаўна па ўскрайку паркавай зоны праводзілі камунікацыі да прыпыначнага павільёна. Усё перакапалі, і ўтварылася пустка, якую трэба засадзіць кустамі, каб стварыць зялёны бар'ер аўтатранспарту. Частка тэрыторыі ўжо засаджана новымі дрэўцамі.

— Тут столькі людзей бывае! Калі да каго-небудзь прыязджаюць госці, абавязкова вядуць сюды, паказваюць, — расказвае Уладзімір Васілевіч. — Калі гэта пачыналася, такога двара ў Гродне ні ў кога не было, тут шэсць разоў праводзіліся мерапрыемствы ў маштабе Беларусі. Былі два віцэ-прэм'еры, двойчы — міністры ЖКГ, калі абмяркоўваліся азеляненні гарадоў. Тады тут было вельмі прыгожа, праходзілі семінары з удзелам камунальных службаў усіх абласцей, мы былі піянерамі, цяпер больш шырока распаўсюджана. Побач мужчына таксама высадзіў невялікі палісаднік, і далей ёсць.

Кожны дзень хапае работы, таму Уладзімір Васілевіч увесь час заняты справай. Ці хацеў бы ён супрацоўнічаць з камітэтам тэрытарыяльнага самакіравання? Хоць Мораў чуў пра іх, але ніякіх адносін з мясцовым органам не мае. Можа, таму, што любіць рабіць па-свойму, без падказак.

— У мяне была вельмі складаная і цяжкая служба. Хапіла надоўга, таму цяпер займаюся тым, што мне падабаецца, — рэзюмуе ён сваё захапленне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ці ёсць будучыня ў дваровага парку?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».