Пад Браславам 1 жніўня пачнуцца не зусім звычайныя археалагічныя раскопкі. Што тут дзіўнага, скажаце вы — лета, якраз самы сезон для экспедыцый. І яно было б так, калі б праект «Востраў Кляштар» не ініцыявалі самі месцічы — дакладней, некамерцыйная арганізацыя Цэнтр рэгіянальнага развіцця «Браслаў». Ідэю раскопак падтрымалі ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры», на тэрыторыі якога і размяшчаецца востраў з рэшткамі манастыра, што стаяў тут у 1500-х.
Наогул, поўную загадак гісторыю кляштара шмат даследавалі навукоўцы. У прыватнасці, у 1990-я гады рэшткі манастыра і архіўныя звесткі пра яго вывучаў браслаўчанін, гісторык Канстанцін Шыдлоўскі. Працягне яго работу сучасны вядомы гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі, а дапамогуць у гэтым валанцёры, якіх, між іншым, набіралі па конкурсе. Жаданне ў прамым сэнсе дакрануцца да ўласнай гісторыі выказалі 70 беларусаў. «Пасля першых публікацый пра наш праект трое сутак у мяне літаральна разрываўся тэлефон, — прызнаецца кіраўнік праекта «Востраў Кляштар» Алена ШЭЎЧЫК. — У каманду плануем адабраць каля 50 чалавек, калі справімся фінансава. Як гаворыць Мікалай Плавінскі, вялікая колькасць энтузіястаў — гэта вельмі добра, бо дазволіць не расцягнуць раскопкі на шмат гадоў, а, спадзяёмся, ужо сёлета зрабіць важныя знаходкі».
Што, уласна, шукаюць у возеры і на востраве? Перадусім рэшткі сутарэнняў Прачысценскага манастыра, які стаяў тут у часы Вялікага Княства Літоўскага. Паводле падання, менавіта на востраве яго ўзвялі дзякуючы абразу Божай Маці — яго знайшлі на суседняй, меншай выспе і перанеслі ў гарадскі касцёл. Але абраз знік і зноў з'явіўся на выспе, і так тройчы. Тады на востраве і пабудавалі кляштар, а да абраза Божай Маці Уладальніцы азёраў, які лічыўся цудадзейным, прыязджалі паломнікі з усяго свету. (Пераскочыўшы ў сучаснасць, заўважым, што дзесяць гадоў таму, у 2009-м, абраз Маці Божай Браслаўскай урачыста каранавалі — то-бок, з блаславення Папы Рымскага прызналі на найвышэйшым узроўні цудатворныя яго ўласцівасці.)
Вядома, што спачатку манастыр быў праваслаўны, а пазней стаў уніяцкі. Таксама тут стаялі жылыя будынкі для манахаў і званіца. Аднак у 1832 годзе здарыўся моцны пажар, які цалкам знішчыў усе збудаванні. Ацалеў толькі абраз, які знайшлі на суседнім востраве Святым, а вось званы наогул зніклі і дагэтуль не знойдзены — мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што часам іхні гук чутны з-пад вады. Затое рэшткі аднаго з двух мастоў, што злучалі востраў і бераг, вадалазы знайшлі летась.
— На жаль, няма дакладнай інфармацыі, як выглядаў кляштар, — зазначаюць у Цэнтры рэгіянальнага развіцця «Браслаў». — Аднак наша каманда ўпэўненая, што, калі атрымаецца аднавіць кляштар з усімі яго збудаваннямі і мостам, гэта месца стане ўнікальнай адметнасцю Браслава, якое прыцягне не толькі нашых суайчыннікаў, але і замежных турыстаў. Пытанні аднаўлення базіліянскіх кляштараў у Беларусі з нашай падачы архімандрыт Сергій Гаек ужо абмяркоўваў нават у Рыме... А раскопкі, якія адбудуцца на востраве з 1 да 15 жніўня, дапамогуць удакладніць памеры манастыра і месца знаходжання асноўных збудаванняў — і ўжо на гэтай падставе можна будзе стварыць праект далейшага аднаўлення кляштара.
Дапамагчы ў раскопках на добраахвотных пачатках гатовыя два дайверскія клубы, якія будуць працаваць пад вадой, таксама ёсць спецыялісты, якія правядуць пошукі з металашукальнікамі. Праз краўдфандынгавыя пляцоўкі камандзе ўдалося сабраць пэўную суму грошай на арэнду неабходнага абсталявання, арганізацыю пражывання і побыту валанцёраў. Аднак ёсць і нявырашаныя пытанні — напрыклад, з транспартам (даставіць 50 чалавек з Мінска ў Браслаў і назад — справа нятанная) і наладжваннем трохразовага харчавання для ўдзельнікаў. Можна паўдзельнічаць у праекце фінансава альбо прапанаваць іншую падтрымку Цэнтру рэгіянальнага развіцця «Браслаў». Арганізатары будуць удзячныя за любую дапамогу, каб адрадзіць разам частку нашай агульнай гісторыі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.