Вы тут

Як камунальшчыкі і энергетыкі рыхтуюцца да зімы


Планавыя адключэнні вады, рамонт цепла- і электрасетак, замена газавых прыбораў і стратэгічны запас паліва. Пра гэтыя і іншыя моманты падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона расказалі спецыялісты ЖКГ, энергетыкі і газавай галіны.


Цеплавыя кіламетры

Штогадовая замена старых цепласетак ПІ-трубамі дазваляе не толькі зменшыць цепластраты і павысіць надзейнасць цеплазабеспячэння спажыўцоў, але і скараціць тэрміны планавых адключэнняў гарачай вады для рамонтных работ. У Ваўкавыску, напрыклад, гарачую ваду адключаюць у сярэднім на 10 сутак, у Навагрудку — на тыдзень, а ў раёнах Слоніма, якія абслугоўваюцца жыллёва-камунальнымі службамі, — увогуле на 3-4 дні, падкрэсліў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ:

— Прыярытэтныя кірункі ў падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона — іспыты, рэканструкцыя і рамонт цеплавых, водаправодных і каналізацыйных сетак, а таксама кацельнага абсталявання і жыллёвага фонду. Усе рэгламентныя работы скіраваны на павышэнне якасці паслуг па ацяпленні і гарачым водазабеспячэнні.

У прыватнасці, іспыты цепласетак, якія праводзяцца ў міжацяпляльны перыяд, дазваляюць выявіць больш за 90 % усіх пашкоджанняў, якія існуюць у цепласетках. Статыстыка сведчыць, што дзякуючы гэтаму работа падчас сезона ацяплення праходзіць без працяглых аварыйных сітуацый.

У галіне ЖКГ сёлета праведзены іспыты 2628 кацельных, заменена 10 587 кіламетраў цепласетак, 28 неэканамічных катлоў, адрамантавана 518 тысяч квадратных метраў даху, 200 тысяч пагонных метраў стыкаў сценавых панэляў. Праведзена прафілактыка сістэм ацяплення ў 27 231 доме, зроблены іншыя работы. Генадзь Аксціловіч дадаў, што падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду вядзецца са штотыднёвым кантролем за часткай мерапрыемстваў і штомесячным кантролем за выкананнем большасці паказчыкаў.

Газавікі таксама актыўна рыхтуюцца да зімы. Насельніцтва ўжо закупіла 94,3 тысячы тон брыкету, аднак людзям раяць не цягнуць да апошняга з яго набыццём, каб не ствараць потым чэргі.

Газазабеспячальныя арганізацыі абследавалі 52,8 % падземных газаправодаў і далі ацэнку тэхнічнага стану амаль 60 % тых, што працуюць больш за 40 гадоў. Заменена 10 % газаразмеркавальных пунктаў, якія эксплуатуюцца звыш 20 гадоў.

На мясцовых відах паліва (МВП) у Мінскай вобласці працуе 544 крыніцы энергіі. У рэгіёнах вобласці сёлета запланавана ўстроіць шэсць кацельных агульнай магутнасцю 33,7 мегавата. Уведзены ўжо тры аб'екты. У выніку доля выкарыстання такога паліва арганізацыямі ЖКГ на Міншчыне дасягне 32,7 %. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць замясціць 93,5 мільёна кубаметраў газу.

Пад наглядам газавікоў

Пасля пачатку рэструктурызацыі Міністэрства энергетыкі з красавіка ў Беларусі створаны ўстановы дзяржаўнага энергетычнага газавага нагляду. На іх базе ўводзяцца і пачынаюць функцыянаваць газавыя інспекцыі, якія будуць займацца правіламі выкарыстання газу ў быце, паведаміў Аляксандр АЗЯРЭЦ, генеральны дырэктар дзяржаўнай установы «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд».

Работа распачата па ўсіх абласцях, і акцэнт робіцца на праблемных пытаннях, якія цягнуцца з году ў год. Напрыклад такіх, як невыкананне арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, нездавальняючы стан цеплаізаляцыі трубаправодаў і абсталявання, невыкананне або няпоўнае выкананне гідрапнеўматычных прамывак і гідраіспытаў цеплаўстановак і цепласетак, адсутнасць у персаналу сродкаў электратэхнічнай абароны і запорных прылад на электраўстаноўках, а таксама знакаў бяспекі на шчытках прыбораў.

У краіне налічваецца 28 857 спажыўцоў цеплаэнергіі і 13 768 ведамасных цеплакрыніц.

— Звяртаем таксама ўвагу на аўтаномныя крыніцы, якія павінны будуць падключацца ў выпадку нестандартных сітуацый у перыяд ацяплення, каб яны былі гатовыя і спраўныя. Неабходна адсочваць таксама графікі абследаванняў тэхнічнага стану газавага абсталявання і ўнутраных газаправодаў жыллёвага фонду, у прыватнасці выдачу дакументаў аб праверцы працаздольнасці дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Задача энергетыкаў — прадугледзець усе магчымыя вузкія месцы накшталт расчысткі прасек ліній электраперадачы сумесна з лясгасамі, каб цепла- і электраэнергія паступалі да насельніцтва і на прадпрыемствы бесперабойна. Рамантуецца энергетычнае абсталяванне, мяняюцца і рамантуюцца цепла- і электрасеткі, праводзяцца супрацьаварыйныя трэніроўкі з аператыўным персаналам.

— Рамонт электрасетак усіх класаў напружання выкананы на 46 %, гэта 11 774 кіламетры. 19 адзінак цеплатэхнічнага абсталявання адрамантавана і 17 знаходзяцца ў рамонце з 52 запланаваных на год. Гэтыя работы выконваюцца круглы год, бо гідраэлектрастанцыі, напрыклад Лукомская ці Бярозаўская, у асноўным рамантуюцца ўзімку, — расказаў Уладзімір БАБРОЎ, першы намеснік генеральнага дырэктара, галоўны інжынер «Белэнерга». — Сумесная з лясгасамі работа па ўпарадкаванні палос лесу, якія прылягаюць да прасек ліній электраперадачы, дазваляе зменшыць колькасць агульных адключэнняў, звязаных з дрэнным надвор'ем.

Папаўняюцца аварыйныя запасы паліва, неабходныя для функцыянавання энергасістэмы ў крытычных сітуацыях пры недахопе забеспячэння прыродным газам. Перш за ўсё гэта мазут, якога цяпер у спецыяльных сховішчах больш за 320 тысяч тон з неабходных па плане 350 тысяч тон. Энергетыкі ўключылі ў работу яшчэ дзве лініі электраперадачы.

Сіламі энергетыкаў і атамшчыкаў уключаны ў нармальную работу пад поўны рэжым лініі Мінск-Паўночная і Смаргонь, што дадаткова павялічвае надзейнасць і эксплуатацыйныя магчымасці сетак айчыннай энергасістэмы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Рыхтуй цеплатрасы летам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?