Вы тут

Як у ААТ «Белавежскі» настрой механізатарам узнімаюць


Земляробы «Белавежскага» з Камянецкага раёна заўсёды ставяць рэкорды. Вось і на сёлетнім жніве шафёр ААТ Міхаіл Кучко перавёз з палёў дзве тысячы тон збожжа. Першым у раёне, вобласці і краіне! З гэтай нагоды яго павіншавалі старшыня райвыканкама Валянцін Зайчук, намеснік старшыні аблсельгасхарчу Віктар Бяссілка, дырэктар гаспадаркі Аляксандр Дуньковіч, прадстаўнікі прафсаюза, таварышы па працы. Вядома, былі прэміі, падарункі і песні самадзейных артыстаў.


Але песнямі, танцамі, добрым словам падчас абедзеннага перапынку тут прывячаюць не толькі перадавікоў, але і ўсіх працаўнікоў жніва. Даўняя традыцыя, усталяваная былым кіраўніком Юрыем Марозам, падтрымліваецца і зараз. «Чалавек працуе ў гэты час ад цямна да цямна. Выходзіць з хаты рана і прыходзіць позна ўвечары, калі дзеці ўжо спяць. Яму ж няма часу гартаць стужку навін у інтэрнэце, нават пацікавіцца справамі свайго пасёлка. Ён бачыць перад сабой гадзін дванаццаць адны толькі каласы, — кажа старшыня прафкама гаспадаркі Валянцін СУПРУНОВІЧ. — Гэту манатоннасць не вельмі лёгка трываць. Таму, вядома, кожнаму прыемна, калі падчас абеду з ім пагавораць, пацікавяцца справамі, настроем, артысты заспяваюць добрую песню. У нас так заведзена, што чалавек працы карыстаецца павагай. Маленькі канцэрт і ёсць адно з праяўленняў павагі».

Звычайна музычны дэсант на поле арганізуе дырэктар Дома культуры Ірына Герасімук. Работнікі ўстановы культуры з задавальненнем едуць на ўборку, радуюць сваім мастацтвам працаўнікоў. І не толькі штатныя работнікі, такія як Юлія Логвін. Удзельнікі самадзейнасці падтрымалі добрае пачынанне. Скажам, Васіль Палока працуе трактарыстам на мясакамбінаце, а ў свой выхадны альбо пасля змены з задавальненнем выязджае на поле, каб заспяваць. Андрэй Яговіч, інжынер-механік аддзялення «Каралін», пры любой магчымасці падключаецца да мабільнай агітбрыгады.

Дырэктар ДК Ірына Герасімук сказала, што была вельмі рада ў мінулую суботу, калі віншавалі перадавіка Міхаіла Кучко. Асабліва было прыемна, калі пасля атрымання падарункаў ён асобна падзякаваў за песні. «Лічым, што робім свой унёсак у агульную справу ўраджаю. Мы ж разумеем: будуць ісці паспяхова справы ў гаспадарцы — будзе падтрымка аб'ектаў культуры, адукацыі, сацыялкі».

А ўборка ў ААТ «Белавежскі» падыходзіць да фінішнай прамой. На пачатак тыдня было скошана 87 працэнтаў збожжавых, на канец тыдня артысты плануюць заспяваць дажыначныя песні. Хлебаробы атрымалі каля 43 цэнтнераў збажыны з гектара — для сёлетняга складанага лета нядрэнны вынік.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Музычная паўза на жніве

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.